19 мая, адразу пасля ветэрынарнага, урачыстае паседжанне адбылося і на інжынерна-тэхналагічным факультэце, але пазней, у 16 гадзін. Яшчэ ў калідоры заўважыў дэкана Таісу Паўлаўну Троцкую з групай гасцей, якія прыехалі з Мінску. Час вольны ў мяне яшчэ заставаўся і вырашыў папрысутнічаць і тут. Шкада толькі, што калі фатаграфуеш, зусім вылятае тое, аб чым вядзецца размова.
У зале шмат маладых твараў, паколькі інжынерна-тэхналагічны факультэт адкрыты толькі ў 2005 годзе і пакуль быў толькі адзін выпуск, ды і то не ўсіх спецыялізацый. Рэктару прадстаўляецца слова першым і ён распавядае аб тым, як быў адкрыты ІТФ. Тут жа, пакуль Вітольд Казіміравіч яшчэ на сцэне, ён уручае граматы лепшым студэнтам факультэта. Таіса Паўлаўна застаецца на сцэне, хваліцца дасягненнямі студэнтаў факультэта, якія ўдзельнічалі ў алімпіядах, у Шоу першакурснікаў, КВЗ і нават Міс-універсітэт. І сапраўды і віцэ-Міс і Міс гэтага года паходзяць з ІТФ. Пасля яе выступлення адразу ж на сцэне з’яўляецца танцавальны калектыў факультэта, які выконвае сучасныя танцы. А на змену яму віншаваць прысутных выхадзіць намеснік дэкана Аляксей Пацеха, рост якога знаходзіцца пад вялікім пытаннем… Пасля яго на сцэну выходзіць Кашак Жана Віктараўна, якая, як кажуць студэнты выкладае ці не ўсе прадметы на факультэце. Яна зачытвае прозвішчы пераможцаў студэнцкай канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні, а Таіса Паўлаўна ўручае ім Дыпломы.
На сцэне зноў прадстаўнікі тэатру мініяцюр факультэта, паказваюць некалькі сцэнаў з жыцця студэнтаў.Студэнтаў віншуе доктар навук Генрых Антонавіч Жолік. Што было далей не пішу, бо выйшаў з залы, захапіўшы па дарозе выпускніка ўніверсітэта старэйшага ўзросту, які, як аказалася вучыўся доўга з 1962 да 1969 году, будаваў новы корпус, працаваў на камсамольскай і партыйнай працы. 30 гадоў узначальваў калгас імя Леніна Гродзенскага раёну. Ім аказаўся Аляксандр Міхайлавіч Махонька, які даў мне двух хвіліннае інтэрв’ю, якое загубілася пры скідванні на камп’ютар. Шкада. Тры гады ў яго гаспадарцы працаваў заатэхнікам і наш сучасны рэктар Вітольд Песціс, які толькі пачынаў свой працоўны шлях. А сяброўства захавалася да гэтага часу. Праз нейкі час урачыстасць завяршылася, а выкладчыкаў я спаткаў ужо па дарозе ў корпус ІТФа. Некалькі фотаздымкаў са свята факультэта.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда