Мне трэба было аддаць дэкану агранамічнага факультэта ведамасці здачы экзамену па сельскагаспадарчай мікрабіялогіі. Дэкана ў дэканаце не аказалася. Cпаткаў яго разам з вялікай групай навучэнцаў Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжу. Прыходзіцца радавацца за агранамічны факультэт, які мне давялося заканчваць у 1979 годзе.
Нехта паступае да нас у аграрны пасля медыцынскага каледжа, нехта – пасля каледжа сувязі і нават пасля нашага Гродзенскага электратэхнічнага. Побач знаходзяцца і нашы студэнты, якія таксама перажываюць і падтрымліваюць сваіх землякоў. Быў яшчэ поўдзень, а у мяне ў фотаапараце ўжо шмат здымкаў тых, хто вырашыў вучыцца ў Гродзенскім дяржаўным аграрным універсітэце, дзе можна атрымаць любую жаданую і перспектыўную прафесію. І гэта толькі пачатак, практычна з усімі нашымі сёняшнімі абітурыентамі мы яшчэ сустрэнемся падчас лінейкі першакурснікаў 1 верасня, на што мы, ды і яны самі спадзяюцца.
Пакуль фатаграфаваў, паспеў крыху пазнаёміцца. Віктара Навумчыка з Маларыцкага раёну суправаджае бабуля, якая маладым ветурачом ў 1979 годзе працавала ў адным са мной калгасе “Беларусь” Ляхавіцкага раёну. Шкада, але мы неяк не перасякаліся на працы. Пасля яна працавала і зараз жыве ў Маларыцкім раёне. Падчас гутаркі з ёй, я даведаўся, што не толькі яна, але і яе муж, а таксама хросныя Віктара па прафесіі ветурачы. Так што гэтую спецыяльнасць ён абраў свядома. Падобных сямейных традыцый прытрымліваюцца і іншыя абітурыенты. Вікторыя Брухавіцкая з залатым медалем ідзе па слядах свайго брата, які ў гэтым годзе стаў дыпламаваным спецыялістам па тэхналогіі захоўвання і пераапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў.
Неяк замала было заяў на адзін з найбольш прэстыжных факультэтаў ГДАУ – факультэт аховы раслін. На яго заўсёды паступалі найбольш моцныя выпускнікі школ і яны ж вельмі добра ўладкоўваліся на працу пасля заканчэння ўніверсітэта. Рэктар нашага ўніверсітэта не раз прыгадваў, як калісьці паступаў на гэты факультэт і яму не хапіла балаў, каб вучыцца на ім. Пайшоў на зоаінжынерны, які зараз называецца біятэхналагічным. І не прагадаў таксама. Рыхтуючы гэты матэрыял, бачу, што новы набор нашых студэнтаў будзе годны сваіх папярэднікаў. Наперадзе, акрамя вучобы, у іх будзе шмат цікавых спраў і заняткаў па інтарэсах.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2876-chargovy-dzen-pryjomu-dakumenta#sigProId7193db91bc