5 чэрвеня фестываль нацыянальных культур працягваўся, але ўжо без нацыянальных падворкаў. У школе № 8 адчынілі музей Фестывалю нацыянальных культур. А горад ператварыўся ў вялікі кірмаш, уся плошча Леніна была застаўленая столікамі, за якімі адпачывалі жыхары і госці горада. У парку Жылібера, акрамя кірмашу, праводзіліся выступленні артыстаў, а таксама розныя гульні ды забаўкі для дзяцей і дарослых.
Паўсюль сустракаліся нашы студэнты, як сучасныя, так і тыя, хто раней закончыў універсітэт. Недалёка ад універмага, наш студэнт-завочнік займаўся гандлем гарачай кукурузай, якую, як я даведаўся напярэдадні, яны завозяць з Венгрыі. На вуліцы Кастрычніцкай патрапіў на развучванне народных танцаў, якое праводзіў Сяргей Выскварка, што прыехаў з Любанскага раёну разам са сваімі музыкамі. Прапанавала далучыцца да гутра танцораў Ала Петрушкевіч. Не адмаўляўся, і ў нас з ёю ўсё нядрэнна атрымалася. Мы ж абое з вёскі родам, і з многімі элементамі традыцыйных народных танцаў добра знаёмыя.
На спецыяльных эстрадных пляцоўках на плошчах Леніна і Савецкай праходзілі канцэрты вядучых мастацкіх калектываў Беларусі. Вечарам наведаў фаер-шоў, якое адбылося пасля 23 гадзін у даліне Гараднічанкі. Выступоўцы, што ладзілі вогненнае прадстаўленне, былі ўзнагароджаны апладысментамі гледачоў, якіх сабралася шмат.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии
https://www.ggau.by/nowosti/2850-z-drugoga-dnya-festyvalyu#sigProIdaf12f72cdc