Адразу з Гомельскага цягніка трое студэнтаў каледжа, якія вырашылі пасля заканчэння вучобы атрымаць вышэйшую адукацыю ў ГДАУ, пасяліліся ў нашым інтэрнаце. Гэта Івакіна Юля, якая ў Калінкавічах вучылася ў школе, а бацькі жывуць у В. Бераставіцы, Кебец Сяргей з вёскі Столінскага раёна – знакамітых шматтысячных Альшанаў – і Кананчук Сяргей з Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.
Першым аб'ектам, які яны наведалі, быў музей гісторыі ўніверсітэта, з якім гасцей пазнаёміў Раман Іванавіч Баўфалік. Cтудэнты былі вельмі любазнаўчымі і задавалі яму шмат пытанняў. Пасля наведвання музея адбылася размова з дэканам агранамічнага факультэта і яго намеснікам Васілём Мікалаевічам Салеем.
З гэтага моманту мы з імі адправіліся знаёміцца з горадам. Не маглі не зайсці па дарозе ў корпус расліназнаўства, які размешчаны ў адной з рэзідэнцый апошняга караля Рэчы паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пабывалі нават на занятках. Знаёмства з вучэбнымі аўдыторыямі і заапаркам адклалі на наступны дзень.
Падчас вандроўкі па горадзе я зразумеў, што нашым гасцям ужо спадабаліся ўмовы інтэрната, у якім іх пасялілі. Заадно яны цікавіліся, як адбываецца вучоба ў нашай магістратуры, колькі трэба вучыцца ў аспірантуры, дзе і як адбываюцца вучэбныя практыкі і дзе можна наглядаць за фазамі развіцця раслін.
Мы разам гулялі па горадзе, аб гісторыі якога я крыху расказаў падчас руху да Гарадзенскіх замкаў. На зваротным шляху пагрэцца зайшлі ў Фарны касцёл, дзе цікавую нават і для мяне экскурсію правяла жанчына ва ўзросце 85 гадоў, якая памятае яшчэ нямецкую акупацыю Гродна. Магчыма, яна праявіла такую чуласць за тое, што госці пакінулі свае ахвяраванні ў скрынцы на рамонт храма.
https://www.ggau.by/nowosti/2582-studenty-palesckaga-dzyarzha-naga-agrarnaga-kaledzhu-gastsyakh-u-gdau#sigProIdeecb95cfd1