18 красавіка па лініі прафсаюзнай арганізацыі ўніверсітэта адбылася экскурсійная паездка. У экскурсіі удзельнічалі 48 чалавек, якія належаць да прафсаюза ГДАУ. У праграму паездкі ўваходзіла наведванне Мірскага і Нясвіжскага замкаў.
У гэты раз мы ехалі са сваім гідам – Інай Аляксандраўнай. Усю дарогу яна расказвала пра тыя мясціны, якія праязджалі. Калі пад'язджалі да Навагрудка, пайшоў снег, які пакрыў усю паверхню зямлі. У гэты час Іна Аляксандраўна распавядала пра сувязь гэтых мясцін з космасам. Прыгадала Язэпа Драздовіча, які ў сваіх творах маляваў космас такім, якім яго пабачылі пазней нашы касманаўты. Яго жыццё было звязана з Навагрудкам. Не чакаў, што наш гід прыгадае і Барыса Кіта, якому 6 красавіка споўнілася 105 гадоў. Барыс Уладзіміравіч закончыў у 1926 годзе Карэліцкую школу, ў 1928 годзе – Навагрудскую беларускую гімназію, у 1933 годзе – Віленскі ўніверсітэт. У 1939 годзе быў ужо дырэктарам Навагрудскай гімназіі. Далей Барыс Кіт шмат робіць для развіцця амерыканскай касманаўтыкі. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцей вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва, ён піша шмат навуковых кніг, становіцца вядомым ва ўсім свеце. У 1990-я гады наведвае Беларусь, у тым ліку і Гродна.
Пад'язджаем да мястэчка Мір, на ўскраіне якога ў пачатку XVI стагоддя князем Ільінічам быў збудаваны Мірскі замак. Падчас экскурсіі даведваемся аб тым, што ў розныя часы гаспадарамі яго з'яўляліся роды Радзівілаў, Вітгенштэйнаў і Святаполк-Мірскіх. Замак з'яўляецца самым усходнім некультавым гатычным збудаваннем з элементамі беларускасці. Пасля рэстаўрацыйных прац памяшканні замка адноўлены і добра аздоблены мэбляй розных стагоддзяў, шпалерамі, абразамі з выявамі прадстаўнікоў знакамітых беларускіх родаў. Сярод копій ёсць і арыгіналы. Паўтары гадзіны экскурсіі, а пасля самастойна наведваем скляпенні і вежы замка, то спускаемся, то падымаемся па ступеньках у вузкіх праходах, характэрных для замкаў такога кшталту. З 2000 года Мірскі замак аднесены да Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі.
Далей нас чакае яшчэ адзін замак, Нясвіжскі, які быў пабудаваны таксама ў XVI стагоддзі прадстаўнікамі найбольш багатага магнацкага роду Еўропы – Радзівілаў. Замак шмат разоў перабудоўваўся, і таму палац сумяшчае ў сабе рысы многіх архітэктурных стыляў: рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, неаготыкі, мадэрнізму. Яшчэ ў XVIII стагоддзі, пасля таго як Нясвіж быў захоплены расійскімі войскамі, усе каштоўнасці замка былі канфіскаваны, бібліятэка з 20000 кніг і архіў былі вывезены ў Санкт-Пецярбург, дзе ў 1988 годзе частка бібліятэкі згарэла. Але нягледзячы на гэта, ўсе памяшканні замка запоўнены экспанатамі, шмат якія добра аздоблены золатам. У 2005 годзе Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Будаўніцтвам палаца займаўся італьянскі дойлід Джаванні Бернардоні, які таксама будаваў і знакаміты рымскі сабор Пятра і Паўла. Вынікам працы майстра стаўся палац з 12 заламі, кунсткамерай і саліднай бібліятэкай. Замак меў важнае ваеннае значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў, быў месцам сканцэнтравання атрадаў прыватнай арміі Радзівілаў
Падчас экскурсіі мы знаёміліся з пакоямі князя і княжны, бальнай, гетманскай, каміннай, паляўнічай заламі, капліцай і арсеналам, слухалі цікавыя легенды пра гаспадароў Нясвіжскага замку. А пры канцы прагуляліся па парках рознага тыпу і пазнаёміліся са скульптурнымі камапазіцыямі, размешчанымі на іх тэрыторыі. Старшыня прафкаму абвясціў, што тыя, хто жадае паехаць на два дні ў Полацк, у чэрвені могуць запісвацца ў паездку. Яшчэ не сцямнела, калі наша група экскурсантаў вярнулася ў Гродна.
https://www.ggau.by/nowosti/2357-navedvanne-zamka-u-miry-i-nyasvizhy#sigProId9c5beec0b0