На працягу двух дзён, 29 і 30 студзеня, ГДАУ з навуковым візітам наведала дэлегацыя прадстаўнікоў польскай малочнай кампаніі "Pomlek", сярод якіх былі прадстаўнікі Варшаўскага ўніверсітэта натуральных навук, савета дарэктараў, а таксама фермеры, якія працуюць у межах польскай праграмы "Здаровая карова".
Падчас наведвання Гарадзеншчыны яны пазнаёміліся з умовамі вытворчасці малака ў СВК "Прагрэс-Вярцялішкі" на малочнатаварных комплексах "Батароўка" і "Рэдзілі". На першым для даення выкарыстоўваюцца робаты, на другім – карусель. На пытанне, што ім больш спадабалася, адказалі – робаты. Наведванне комплексаў не было выпадковым. Разглядаецца пытанне аб магчымасці далучэння іх да праграмы "Здаровая карова".
Адбылася сустрэча і з рэктарам нашага ўніверсітэта Вітольдам Казіміравічам Песцісам, падчас якой абмяркоўваліся пытанні ўдзелу ГДАУ ў вышэйзгаданай праграме. У межах праграмы ў Польшчы ў гэтым годзе адбудзецца 4-я навукова-практычная агульнапольская канферэнцыя. У папярэдніх трох такіх канферэнцыях удзел прымалі і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. У прыёме гасцей з нашага боку актыўны ўдзел прымалі дэкан біятэхналагічнага факультэта Яўген Добрук і прарэктар па павышэнні кваліфікацыі Аляксандр Тарас.
Экскурсію па горадзе для гасцей давялося праводзіць мне. Перакладаў на польскую мову пачутую інфармацыю пра гісторыю Горадні наш даўні знаёмы з SGGW (Варшава) Марэк Бальцэрак. Некалькі разоў заўважыў, што пераклад быў адваротным сказанаму. Пасля таго як Марэк папраўляўся, усім калектывам дружна смяяліся. Трох гадзін, каб пазнаёміцца з горадам, нам не хапіла, і мы працягнулі экскурсію на наступны дзень, падчас якой пазнаёміліся з Гродзенскай школай дойлідства ў XII стагоддзі, са Старым і Новым Замкамі.
https://www.ggau.by/nowosti/2269-nashy-gostsi-pradsta-niki-polskaj-malochnaj-kampanii-pomlek#sigProIdf945122eb0