"Лекавыя расліны: біяразнастайнасць, тэхналогіі, выкарыстанне" – такую назву мела I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце 5-6 чэрвеня.
Арганізатарамі яе выступілі супрацоўнікі кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, а спонсарскую падтрымку аказаў НПК "Біятэст" (BIOTEST), які ў сваёй дзейнасці вялікую ўвагу ўдзяляе лекавым уласцівасцям зёлак.
Першым у Гродна даляцеў наш госць з далёкай Грузіі, прадстаўнік Сухумскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Sokhumi State University, Tbilisi, Republik of Georgia) Важа Тодуа. 4 чэрвеня мы разам з ім пачалі знаёмства з горадам і ў першую чаргу з кніжнымі крамамі, у якіх госць спадзяваўся набыць кнігі аб дзікай флоры Беларусі. На жаль нічога падобнага ў іх не аказалася, хаця пару кніг, звязаных з лекавымі раслінамі ён усё ж такі купіў. Доктарскую дысертацыю ён абараняў калісьці ў Расіі. Падзяліўся ўражаннем, што калі ехаў да Гродна і бачыў зелянеючыя ўпарадкаваныя палеткі, то радаваўся, што ў Беларусі такі самы парадак на іх, як і ў Грузіі. Акрамя выступаў за сябе і сваю калегу, якая не змагла прыехаць на канферэнцыю, Важа Тодуа даў інтэрв'ю Гродзенскаму тэлебачанню. І ўвогуле, ён шчыра запрашаў усіх удзельнікаў канферэнцыі прыязджаць ў Грузію, каб адпачыць дзе-небудзь на марскім беразе ў раёне Сухумі.
На наступны дзень, пасля рэгістрацыі гасцей, адбылося пленарнае паседжанне, якое адчыніў прарэктар ўніверсітэта па навуковай працы Сяргей Тарасенка, які прадставіў гасцей канферэнцыі. Тры навуковыя ўстановы былі прадстаўлены ўдзельнікамі з Украіны. Таццяна Джан прадстаўляла Інстытут фармакалогіі і таксікалогіі НАМН Украіны. Яна ж выступіла на пленарным паседжанні і пазнаёміла прысутных з перспектывамі выкарыстання ў фармацыі новых і нетрадыцыйных пладовых раслін Украіны. Нацыянальны батанічны сад імя М.М. Грышко НАН Украіны прадстаўляла Юшчышэна Вольга, а Белацаркоўскі нацыянальны аграрны ўніверсітэт Ала Марчанка. З Інстытута генетыкі, фізіялогіі і аховы раслін АН Рэспублікі Малдова (г. Кішынёў) на канферэнцыі выступіла Алена Чэрналёў. Ад Расіі ў канферэнцыі прынялі ўдзел таксама тры вучоныя.
З Батанічнага інстытуту імя В.Л. Камарова РАН (г. Санкт-Пецярбург) выступіў з дакладам Сяргей Шэўчук. Патэлефанаваў ужо з Мінску, падзякаваў за экскурсію і сказаў, што не чакаў, што Гродна пакіне аб сабе такое добрае ўражанне. Васіль Бахман прадстаўляў на канферэнцыі РГАУ-МСХА імя К.А. Ціміразева (літары абрэвіятуры на беларускую мову не перакладаю). Упершыню ён прыязджаў і выступаў на адной з нашых студэнцкіх канферэнцый некалькі гадоў назад, калі быў яшчэ студэнтам Омскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Пасля таго быў тут яшчэ некалькі разоў і з задавальненнем наведаў нашу канферэнцыю і ў гэтым годзе. Таксама ад душы выказаў некалькі цёплых слоў аб Беларусі для Гродзенскага тэлебачання. А Саратаўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.Г. Чарнышэўскага (г. Балашоў) прадстаўляла на канферэнцыі Алена Смірнова. Мы чакалі на канферэнцыю і сталага ўдзельніка нашых навуковых імпрэз, доктара с.-г. навук з Арэнбурга Аляксея Глінушкіна, але прыехаць на канферэнцыю яму перашкодзіла нараджэнне напярэдадні трэцяга сына, з чым перадаю яму віншаванне ад усіх гасцей канферэнцыі.
Вельмі шырока былі прадстаўлены на канферэнцыі беларускія навучальныя і навуковыя ўстановы. На пленарным паседжанні Алена Якімовіч з Інстытута аховы раслін (г. Мінск) пазнаёміла з выкарыстаннем хімічных сродкаў пры вырошчванні лекавых і рэзка-араматычных раслін, а Генрых Мілоста з нашага ўніверсітэта зрабіў паведамленне пра стан і перспектывы развіцця хмеляводства ў Беларусі. Паседжанні секцый былі не менш цікавымі. Прафесійныя размовы працягваліся і пазней, але аб гэтым у наступным матэрыяле.
https://www.ggau.by/nowosti/2077-lekavyya-rasliny-biyaraznastajnasts-tekhnalogii-vykarystanne#sigProIdb2f4da1554