З мэтай прафарыентацыі школьнікаў выпускных класаў у 6 гадзін раніцы 7 красавіка суполка выкладчыкаў, у якую ўвайшлі намеснік дэкана ІТФ Іван Бобрык, асістэнт кафедры кармлення жывёлы Вадзім Гурскі і аўтар гэтай інфармацыі, дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі ФВМ Мікалай Таранда, выехала з Гродна ў накірунку Брэсцкай вобласці.
Перад намі стаяла задача наведаць амаль усе школы Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў. Пэўна ж, за 4 дні на адным аўтамабілі мы не змаглі б аб'ехаць усе школы, але на дапамогу прыйшлі кіраўнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі, а таксама супрацоўнікі раённых аддзелаў адукацыі, якія дапамаглі з транспартам і суправаджэннем. Наведванне школ Бярозаўскага раёна пачалося з першай школы, якая патрапілася на нашым шляху, – Пескаўскай СШ. Хочацца адзначыць, што ўсе дырэктары школ і іх намеснікі лагодна паставіліся да нашага прыезду і аператыўна збіралі ў класах 11-ці класнікаў, а месцамі і школьнікаў 10-х класаў. У першы дзень мы выступалі перад імі ўсе разам, дапаўняючы адзін другога. У наступныя дні нашы маршруты разыходзіліся, што судзейнічала ахопу большай колькасці школ.
Асабіста мне давялося так блізка пазнаёміцца з гэтымі мясцінамі Брэстчыны ўпершыню, хаця і нарадзіўся не так і далёка ад іх – у Ляхавіцкім раёне. Побач з дагледжанымі палеткамі мы бачылі шматлікія буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў межах Белаазёрска, Бярозы, Івацэвічаў, Тэлеханаў, якія пэўна ж фінансава судзейнічаюць развіццю гэтых раёнаў, дзе кідаецца ў вочы парадак на вуліцах і дварах, на якіх да таго ж сустракаеш іх насельнікаў – годных і паважных. Такімі ж сур'ёзнымі падаліся нам і выпускнікі сярэдніх школ і ліцэяў раёнаў, якія не толькі ўважліва слухалі гасцей, але і задавалі нам пытанні.
Адчуваецца ў школах і прыснасць беларускасці, бо шмат стэндаў аформлены па-беларуску. Глядзіш, і выкладчыкі размаўляюць на роднай мове. А ў адной са школ Белаазёрску ў адным з пачатковых класаў ёсць музей мясцовай паэткі, даўняй і маёй знаёмай, Ніны Мацяш. З якім захапленнем і павагай да яе мясцовая настаўніца правяла для нас экскурсію. Іх зямлячка была цяжка хворая, але пісала добрыя вершы, сваімі рукамі рабіла кампазіцыі з птушынага пер'я, якія зараз з'яўляюцца таксама экспанатамі музея. Хацелася пабыць у ім больш, але час нам гэтага не дазваляў. Трэба было ехаць далей, і па дарозе да Бярозы мы наведваем яшчэ адну школу – Здзітаўскую СШ. На жаль, не запамятаў усіх дырэктараў, выкладчыкаў і тых, хто нам дапамагаў. Таму, как б не пераблытаць, пакінем фотаздымкі непадпісанымі.
Вандроўка дазволіла нам пазнаёміцца не толькі са школамі, якія добра дагледжаныя (а сярод іх ёсць і ўзорна-паказальныя), але і з гістарычнымі помнікамі гэтых раёнаў. Толькі мне асабіста давялося выступіць у 19 школах. У маіх калег сабрана па столькі ж школьных пячаткаў, але частка з іх – гэта зусім іншыя школы. Магчыма, сваім прыездам мы дапамаглі зарыентавацца тым, хто яшчэ не да канца вырашыў, куды будзе паступаць, ці дапамаглі пашырыць магчымасці больш шырокага выбару месцаў для атрымання будучай перспектыўнай прафесіі.
У ГДАУ у сучасны момант навучаюцца 16 студэнтаў з Бярозаўскага раёна і 23 студэнты – з Івацэвіцкага. Анкеты, з магчымым (хай сабе і не ў першую чаргу) паступленнем у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт запоўнілі роўна 80 будучых абітурыентаў. Сярод пераваг, якія мы прапагандавалі, – атрыманне патрэбных для сектару АПК прафесій, гарантаванае атрыманне для пражывання на працягу ўсяго перыяду навучання інтэрната, бяскоштавага атрымання вадзіцельскіх праў катэгорыі "В", вытворчая практыка ў краінах Еўрасаюза і іншыя. Мы чакаем паступленне школьнікаў Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў да нас, а аб месцы, дзе знаходзяцца фотаздымкі, якія не трапілі на сайт ggau.by, можна даведацца праз емэйл аўтара, які змешчаны пад публікацыяй.
https://www.ggau.by/nowosti/1996-vandro-ka-pa-shkolakh-byaroza-skaga-i-ivatsevitskaga-rajona#sigProId4ea4601dbd