Першы этап канферэнцыі адбыўся яшчэ 21 сакавіка, калі ўдзел у ёй прынялі студэнты факультэта аховы раслін. 16 мая працавалі секцыі астатніх факультэтаў, акрамя біятэхналагічнага і факультэта ветэрынарнай медыцыны.
Лекцыйная аўдыторыя № 9, дзе працавала секцыя "Аграномія" была цалкам запоўнена студэнтамі і выкладчыкамі факультэта. Каб адлюстраваць у фотасюжэце працу ўсіх секцый, доўга тут не затрымаўся і пайшоў па іншых. Вярнуўся толькі пасля яе завяршэння і з прыемнасцю даведаўся, што мой дыпломнік, студэнт 3-га курса Дзмітрый Шыбайла за даклад на канферэнцыі атрымаў Дыплом I ступені.
У будынку інжынерна-тэхналагічнага факультэта праходзіла навуковая канферэнцыя студэнтаў гэтага факультэта. Паседжанне секцыі вызначалася складам працоўнага прэзідыума і вельмі цікавымі дакладамі. Студэнтамі факультэта былі падрыхтаваны самыя розныя вырабы да канферэнцыі: малочныя, мясныя, каўбасныя, кулінарныя. Частавалі яны гасцей як студэнцкай, так і выкладчыцкай канферэнцый у асобнай аўдыторыі. Ды і аўтару гэтага матэрыялу таксама давялося паспрабаваць тых прысмакаў. Пра сябе падумаў, што мае хатнія каўбасы ўсё ж саступаюць прыгатаваным студэнтамі. Радуе тое, што наш універсітэт рыхтуе такіх высокакласных інжынераў-тэхнолагаў. Ведаю, што выпускнікі факультэта з задавальненнем працуюць у розных арганізацыях, куды размекаваліся.
У аўдыторыі № 313 ІТФ працавала секцыя "Фінансы і крэдыт". Студэнты гэтага факультэта менш знаёмыя, паколькі ў іх нічога не выкладаю. Зрабіў некалькі фотаздымкаў і накіраваўся ў корпус эканамічнага факультэта.
У прэзідыуме секцыі "Арганізацыя вытворчасці ў АПК" Іван Дарашкевіч і Аляксандр Ушкевіч. Студэнтка, якая рабіла даклад, прывяла дыяграму, у якой былі прадстаўлены вынікі апытання пакупнікоў: які яны хлеб з большай ахвотай пакупаюць – нарэзаны ці цэлы? Па выступу завязалася цікавая дыскусія. Наступнымі выйшлі выступаць адразу тры аўтары – студэнткі Бандаровіч, Жукель і Яроменка з дакладам "Эфектыўнасць вытворчасці збожжа ў Гродзенскім раёне".
На секцыі "Эканоміка АПК" з дакладам, які закранаў пытанні эфектыўнасці вытворчасці цукровых буракоў ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гродзенскай вобласці, выступаў студэнт Уладзіслаў Зубалевіч. Яго змяніла Таццяна Каленік, якая пазнаёміла прысутных са станам і тэндэнцыямі вытворчасці рапсу.
Па выніках студэнцкіх канферэнцый да іх пачатку выйшлі зборнікі матэрыялаў, з матэрыяламі якіх можна таксама пазнаёміцца на сайце ўніверсітэта.
https://www.ggau.by/nowosti/1794-xiv-mizhnarodnaya-studentskaya-navukovaya-kanferentsyya#sigProId399efc61a7