Дэлегацыя з 10 чалавек разам з куратарам студэнцкай групы Жанай Эмануілаўнай Мазец прыехала цягніком а пачатку 8 гадзіны. Экскурсія па гораду для мінскіх студэнтаў была арганізавана з нагоды добрых адносін паміж нашымі універсітэтамі і пажадання былой супрацоуніцы нашага ўніверсітэта Дзіны Міхайлаўны Суленка.
На вакзал у сувязі з рамонтам не зойдзеш і таму экскурсія пачалася адразу. Вуліца Ажэшкі, раён забудовы 18 стагоддзя, які мы называем Гарадніцай, пасля па Савецкай да Музея-аптэкі, каля пажарнай вежы аказаліся якраз, калі на ёй зайграў гарніст. У гэты час да нас далучыўся студэнт медыцынскага ўніверсітэта Аліхан Айсанаў, які аказаўся туркменскім земляком Шухрата Сабірава, што вучыцца ў Мінску. З размовы з хлопцамі зразумеў, што ім у нас падабаецца. Мы знаёміліся са Старым Замкам і я расказваў пра свой удзел калісьці ў 1986 годзе ў раскопках гарадскога дзядзінца 12 стагоддзя і тагачаснай вузкай каменнай сцяны, зробленай з такой жа плімфы, як і Каложская царква. Сцяну закансервавалі і сёння яе не бачна. Шмат хто з гарадзенцаў нават не ведае аб яе існаванні. А пад той сцяной, па якой, нягледзячы на забароны ўсе ходзяць фатаграфавацца, ляжыць тоўсты слой вуглёў папярэдняй драўлянай сцяны, магчыма ад таго пажару, з якога яшчэ князь Вітаўт з жонкай ледзь выратаваліся.
Я і не спадзяваўся, што гасцей зацікавіць музейная экспазіцыя і таму можа з гадзіну мы рабілі агляд экспанатаў музея ў Старым Замку. Затым, пазнаёміліся з Новым і адправіліся да Каложы. Паглядзелі на царкву звонку, на плімфе адшукалі знакі майстроў, якія яе рабілі, у сярэдзіне паставілі свечкі. Была чацвёртая гадзіна і наша група раздзялілася на дзве. Адны пайшлі паесці, а іншыя паглядзець музейныя экспазіцыі ў Новым Замку, пасля чаго пабывалі яшчэ ў тэатры. Шчыра падзякавалі мяне, як гіда, за цікавую экскурсію. Прыемна, што паміж нашымі ўніверсітэтамі наладжваюцца добрыя адносіны і спадзяюся, што яны будуць развівацца і далей. На працягу экскурсіі было зраблена шмат фотаздымкаў, частку з якіх можна пабачыць тут.
https://www.ggau.by/nowosti/1397-ekskursiya-pa-grodna-dlya-studentau-bdpu#sigProId943bb24d5d