З дзяжурства ў інтэрнаце напярэдадні Хэлоўінa

Ізноў настаў вечар, калі хочаш не хочаш парушаць пакой студэнтаў, а мне трэба было накіравацца на вячэрняе дзяжурства ў інтэрнат № 2, аб якім у мінулым годзе ўжо пісаў на сайце нашага ўніверсітэту. Спярша патрапіў на трэці паверх, але заўважыў маленькіх дзяцей ў калідоры і зразумеў, што колькасць маладых студэнцкіх сем’яў у апошнія гады няўмольна расце.

Падняўся вышэй і тут пабачыў дзяўчат у дзіўных строях з намаляванымі грымам тварамі да такой ступені, што нават не пазнаў тых, у каго яшчэ вясною прымаў экзамены.

Аказваецца, студэнцкі прафкам і наша арганізацыя БРСМ заказалі недзе ў “Саве” гулянку з выпадку наступаючага свята, якое толькі ў апошнія гады пачало адзначацца і на тэрыторыі краін СНД. Як даведаўся пазней, чым бліжэй да самога свята, тым даражэй будуць уваходныя квіткі. Раней зусім не звяртаў увагі на існаванне такога свята, як Хэлоўін, але тут нават пацікавіўся, што ж пішуць аб ім у інтэрнэце. Даведаўся, што з кожным годам у нашай краіне ўсё больш маштабна адзначаецца так званы «хэлоўін» — свята, запазычанае з Амерыкі. У ноч на 1 лістапада амерыканскія дзеці і падлеткі, апранутыя ў касцюмы і маскі розных пачвараў, д’яблаў і ведзьмаў ходзяць па дамах, збіраючы слодычы і прысмакі. Шырокавядомым сімвалам гэтага «свята» з’яўляецца гарбуз з выбранаю сярэдзінай, выразанымі пашчай і вачніцамі і са свечкай унутры.

Традыцыя «хэлоўіна» ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі друідаў, якія выконвалі функцыі святароў і ведзьмакоў у старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Таму людзі гатавалі ў гэты дзень розныя стравы для духаў, каб тыя ім не пашкодзілі. Пад уплывам хрысціянства гэтая традыцыя амаль знікла. Каб цалкам адысці ад паганскага  святкавання смерці, у ІХ ст. урачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на 1 лістапада. Сама назва «хэлоўін» (ангельск. halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых (Сatholic.by).

Інтэрнат жыў сваім жыццём. Хтосьці рыхтаваў вячэру, хтосьці гуляў у кампутары, шмат хто рыхтаваўся і да заняткаў. Так сталася, што студэнты ФВМ і ІТФ, з якімі не раз спатыкаліся ўжо пачалі запрашаць у госці ў свае пакоі. Не прамінуў і эканамістаў са студэнтамі факультэта аховы раслін. З кожным знайшлося аб чым паразмаўляць, таму і дзяжурства аказалася проста прыемным і не надакучлівым. Аб жыцці студэнтаў у самым,  я бы сказаў, “захудалым” (без еўрарамонту) інтэрнаце глядзіце фотаздымках.

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда