Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – галоўнае свята беларускага народа. Трэцяга ліпеня – светлы для беларусаў дзень, гістарычная дата вызвалення нашай Бацькаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта свята – яскравы сімвал еднасці беларускага народа, сацыяльна-палітычнай стабільнасці і грамадзянскага міру на нашай зямлі, прыклад пераемнасці пакаленняў, ушанавання традыцый.
Камітэт БРСМ разам з прафсаюзам студэнтаў ГДАУ вырашылі адзначыць гэты ўрачысты, святочны дзень велапрабегам па маршруце "Гродна – Аўгустоўскі канал", шлях якога пралягаў каля помнікаў і манументаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама праз фарты Гродзенскай крэпасцi.
Удзел у велапрабегу прынялі чатырнаццаць чалавек. Самаму малодшаму было сем гадоў. Старт узялі ад аграрнага ўніверсітэта. Першы прыпынак быў недалёка – у парку Жылібера, каля Вечнага агню. Велааматары зрабілі некалькі фотаздымкаў і ўшанавалі подзвіг нашых продкаў хвілінай маўчання, а затым рушылі па-за межы горада. Падчас руху па запланаваным маршруце пешаходы віталі іх усмешкамi, а аўтамабілісты – гудкамі.
Не прайшло і некалькі гадзін, як удзельнікі велапрабегу даехалi да Фарта №1. Калі глядзіш на ўсю велізарнасць крэпасці і на вялікія разваліны, ад якіх займае дух, яшчэ больш прыходзіць разуменне гэтага страшнага слова – вайна. Пасля невялікага адпачынку і папаўнення запасаў вады шлях, падчас якога былі наведаны іншыя помнікі і манументы, быў прадоўжаны.
Усяго ўдзельнікамі велапрабегу было пераадолена больш за сорак кіламетраў. Іх шлях пралягаў не толькі па шашы, але і па жвіровых дарогах, па лясных сцежках. Нягледзячы на летнюю спякоту, нялёгкі маршрут і цяжкасці на шляху, велааматары ў поўным складзе даехалі да канчатковага пункту на беразе Аўгустоўскага каналу. Там былі растаўлены намёты, сакратар БРСМ Яўген Леўшык прыгатаваў смачнаю юшку, а старшыня прафкама Сяргей Чухноў пачаставаў велааматараў шашлыкамі. Дзякуючы пройдзенаму шляху ўдзельнікі велапрабегу не толькі змаглі пабываць у месцах ушанавання герояў мінулай вайны, але таксама атрымалі асалоду ад прыгажосці краявідаў прынёманскага краю.
Прыемная стомленасць, іскры вогнішча і свежае паветра салодкай сімфоніяй завяршылі ліпеньскую велагісторыю. І пад зорным небам кожнаму з падарожнікаў сніліся яскравыя беларускія сны.
Сяргей Пiута
прафорг 1 курса АФ
https://www.ggau.by/brsm/news/1813-kilametry-peramogi#sigProId59929d25dd