Уладзімір Паўлавіч Верхась

Верхась Уладзімір Паўлавіч

Бываюць жа выкладчыкі, пра якіх памятаюць усе выпускнікі. І Ўладзімір Паўлавіч не выключэнне. Ён быў першым доктарам навук на агранамічным факультэце ГСГІ. Чытаў вялікі па тых часах прадмет “Гісторыю КПСС”. Заўсёды здзіўляла яго веданне жывой гісторыі партыі, якая была па іншаму пераасэнсавана толькі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Я слухаў лекцыі, у якіх матэрыял быў раскладзены па палічках, рабіў канспекты прац Уладзіміра Леніна і ўрэшце без праблем здаў экзамен на вышэйшы па тых часах бал. Яшчэ пакуль дастаткова не асэнсаваны ўклад Уладзіміра Паўлавіча ў стварэнне гісторыі аграрнага ўніверсітэта.

Нарадзіўся ён 2 ліпеня 1928 года ў сям’і вайскоўца ў горадзе Жытоміры Украінскай ССР. У першы клас Уладзімір пайшоў ужо ў Разані ў 1936 годзе, але з 1937 да 1941 года вучыўся ў СШ № 101 г.Кіева, дзе закончыў 5 класаў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны з сям’ёй пераехаў у г. Горкі (зараз Ніжні Ноўгарад), дзе вучыцца ў 122 школе, а падчас канікулаў летам 1942 года працуе на заводзе боепрыпасаў. З кастрычніка 1943 года вучыцца на суднабудаўнічым аддзяленні Горкаўскага рачнога вучылішча. Ужо тады ён арганізуе спатканне курсантаў з удзельнікам рэвалюцыі 1905 года Пятром Заломавым, які стаў прататыпам Паўла Ўласава ў кнізе М.Горкага “Маці”. Закончыў вучылішча ў 1947 годзе і атрымаў спецыяльнасць тэхніка суднабудаўніка, а ў сакавіку 1948 года быў прыняты ў члены УКП(б). З красавіка 1948 года працаваў майстрам суднабудаўнічага цэха суднаверфі ў Давыд-Гарадку, пасля інспектарам аддзела працы і зарплаты. У верасні 1949 Уладзіміра абіраюць сакратаром Давыд-Гарадоцкага райкама ЛКСМБ, на пасадзе якога ён займаецца пытаннямі калектывізацыі ў некалькіх сельсаветах раёна. З верасня 1952 года да ліпеня 1954 з’яўляецца слухачом Цэнтральнай камсамольскай школы пры ЦК ЛКСМБ, а 1953 года паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава, які закончыў ў 1957 годзе. У 1954 годзе прасіўся ў ЦК УЛКСМ накіраваць на працу на цаліну, але атрымаў накіраванне ў Беларусь. Са жніўня 1954 года працаваў у ЦК ЛКСМБ адказным за Гродзенскую вобласць і займаўся падборам кадраў і накіраваннем моладзі на асваенне цалінных і залежных зямель Казахстана. Невялікае адступленне: здаецца шмат тады Беларусаў засталося на той цаліне, якія і да гэтага часу спрабуюць вярнуцца ў Беларусь.

З 1955 два гады працаваў другім сакратаром Гродзенскага абкама камсамола, год адпрацаваў выкладчыкам гісторыі СШ № 7 г. Гродна, але ў кастрычніку 1958 года Гродзенскі абкам КПБ накіраваў Уладзіміра Паўлавіча загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Лідскага гаркама партыі, дзе ён разгортвае вялікую культурніцкую дзейнасць праз стварэнне краязнаўчага музея, гарадскога ансамбля песні і танца, з’яўляецца рэктарам народнага ўніверсітэта культуры. У 1962 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшла дакументальнае апавяданне Уладзіміра Верхася і А.Л.Гарэліка “Это было в Скиделе”, якая пазней перавыдавалася ў 1965 і 1973 гадах. У ліпені 1965 года Уладзімір Паўлавіч абараніў кандыдацкую працу: “Новейшая историография Великой Октябрьской социалистической революции”, а ў сакавіку 1966 года абкам партыі накіраваў яго на працу ў ГСГІ. З 1966 да 1992 года Уладзімір Паўлавіч працуе загадчыкам кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізму, у 1978 годзе абараняе доктарскую працу на тэму: “Деятельность большевиков по организации и руководству Красной гвардией в период борьбы за установление и упрочение Советской власти (март 1917 – июнь 1918 г.)”. У лістападзе 1987 года ён стварае музей універсітэта, якім загадвае з 1 красавіка 1996 года. За гэты час, акрамя тысяч студэнтаў, музей наведалі прадстаўнікі 30 замежных дзяржаў. Уладзімір Паўлавіч з’яўляецца аўтарам і сааўтарам некалькіх кніжак, 83 навуковых прац, 315 артыкулаў ў рознага ўзроўню газетах. Ён арганізуе міжнародныя навуковыя канферэнцыі, якія датычаць гераічнага шляху памежных войск. Стараецца, каб аднавіць імя ўсіх салдат памежнікаў, якія загінулі падчас ВАВ. Уладзімір Паўлавіч за плячыма мае вялікі багаж паездак у замежныя краіны у якасці турыста, ці па сяброўскіх кантактах. З 1992 да 2002 года ён з’яўляецца першым сакратаром, а з 2002 да 2009 года другім сакратаром Гродзенскага абласнога камітэта Партыі камуністаў беларускай. Узнагароджаны 11 медалямі, 2 Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР…

На фотаздымках захаваныя моманты з біяграфіі Уладзіміра Паўлавіча Верхася:

 Уладзімір Паўлавіч Верхась выступае на 25-х угодках ГСГІ

 У.П.Верхась (злева) з удзельнікамі канферэнцыі “Навука, культура, адукацыя” 17.05.2007 годзе на Аўгустоўскім канале

 На заставе Усава пасля канферэнцыі, прысвечанай памежнікам 21.04.2008 Уладзімір Паўлавіч у самым цэнтры

 У дзень Перамогі У.П.Верхась крайні злева

 Пасля віншавання ветэранаў 8.05.2008

 Уладзімір Паўлавіч Верхась з удзельнікамі асваення цаліны пасля традыцыйнай сустрэчы ў ГДАУ 21.04.2009

 Уладзімір Паўлавіч з удзельнікамі канферэнцыі на заставе імя Усава

 З удзельнікамі канферэнцыі на Аўгустоўскім канале; У.П.Верхась пяты справа (14.05.2009)

 З удзельнікамі студэнцкай канферэнцыі, прысвечанай 65-м угодкам вызвалення Беларусі; Побач з У.П.Верхасем студэнт з Арэнбурга Георгій Жыцінскі, Д.С.Аляшкевіч, І.І.Чыжонак   (2009)

 Уладзімір Верхась праводзіць экскурсію для тых выпускнікоў, якія ўвайшлі ў апякунскі савет ГДАУ

 У.П.Верхась падчас арганізаванай ім сустрэчы студэнтаў з ветэранамі ВАВ (25.02.2010)

 Фотаздымак з супрацоўнікамі роднай кафедры (13.01.2011)

 Уладзімір Паўлавіч Верхась знаёміць з гісторыяй ГДАУ былых выпускнікоў, якія сабраліся праз 10 гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта (12.02.2011)

 З цікавасцю знаёмяцца былыя выпускнікі з адным з фотаздымкаў, на якіх мабыць Уладзімір Паўлавіч сфатаграфаваны са знакамітымі людзьмі

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.