Да юбілею ГДАУ: Пётр Іванавіч Мазоль - Гродненский государственный аграрный университет

Да юбілею ГДАУ: Пётр Іванавіч Мазоль

Пётр Іванавіч Мазоль падчас інтэрв’ю

Пётр Іванавіч быў вельмі сур’ёзным і патрабавальным выкладчыкам, з чаго ўсе студэнты проста абавязаны былі ведаць асновы навуковых даследаванняў. Яго баяліся студэнты, але ў мяне са здачай гэтага прадмета не было праблем і ў студэнцкія часы, ды і ў апошнія гады мы праводзілі сумесныя навуковыя даследаванні разам. Магчыма, і дзякуючы яму, нашы дзялянкі на вопытным полі заўсёды выглядалі файна. Па маёй просьбе Пётр Іванавіч прыйшоў на ФВМ, падзяліўся сваімі ўспамінамі ды фотаздымкамі.

Нарадзіўся Пётр Мазоль 10 сакавіка 1936 года ў в.Угрынь Зэльвенскага раёну. Дзяцінства было такім жа, як і ў іншых у тыя часы. Добра памятаецца пачатак Вялікай Айчыннай вайны, гады акупацыі і той ліпеньскі дзень вызвалення ў 1944 годзе. Адразу ж, у верасні 1944 пайшоў у першы клас пачатковай школы ў роднай вёсцы. Школа была спаленая і малыя займаліся ў прыватных хатах. 5-7 класы заканчваў у сямігадовай школе в.Вострава, 8-10 класы ў Дзярэчынскай СШ. Штодня прыходзілася пешкі пераадольваць спачатку 3 км, а пасля ажно 5. Акрамя вучобы займаўся работамі ў бацькоўскай гаспадарцы: пасвіў жывёлу, працаваў у агародзе і ў полі. Пасля заканчэння школы ў 1954 годзе паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Абітурыентамі пры паступленні былі тыя, хто пайшоў у першы клас у першы пасляваенны год, таму і конкурс быў не малы.

На першым курсе частка студэнтаў жыла на прыватных кватэрах і толькі на другім  усе былі паселеныя ў новы інтэрнат, пабудаваны на вуліцы Сацыялістычная 53. Студэнцкія гады самыя цікавыя ў біяграфіі маладых людзей. Адначасова з атрыманнем адукацыі па спецыяльнасці выхоўваліся ў калектывізме і сяброўстве, прымалі ўдзел у мастацкай самадзейнасці, спорце і грамадскім жыцці. Наладзіліся добрыя сувязі са студэнтамі педінстытута, якія жылі ў інтэрнаце праз вуліцу. 4 група, у якой вучыўся Пётр Мазоль, ездзіла ў Каўнас у сельскагаспадарчую акадэмію. Стараліся вучыцца, нягледзячы на недахоп патрэбнай літаратуры. У станаўленні маладых спецыялістаў вялікую ролю адыгрывалі выкладчыкі, камсамольская і прафсаюзная арганізацыі.

З удзячнасцю прыгадваюцца тагачасныя выкладчыкі кафедры агульнага земляробства, такія як Мацвей Сцяпанавіч Севярцаў, Іван Сямёнавіч Моць, Уладлен Аляксандравіч Іваноў, Юрый Леонцьевіч Лаўрэнцьеў, Сяргей Сцяпанавіч Лябецкі, Мікалай Васільевіч Мартынчык, Анатоль Міхеевіч Карпіцкі, Аляксей Аляксеевіч Воладась, Марыя Мікалаеўна Капорына, Фёдар Антонавіч Хрышчановіч, Генадзь Канстанцінавіч Гарчычка і іншыя. Ад другога курса Пётр Мазоль займаўся навуковымі даследаваннямі. За кафедрай было замацавана 6 гектараў вопытнага поля (якое знаходзілася там, дзе зараз Дзевятоўка), на якіх вывучаўся 6-польны севазварот, у якім даследаваліся розная апрацоўка глебы і тэхналогіі вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур. Пасля заканчэння 3-га курса па закліку камсамола ў 1957 годзе ездзіў у складзе атрада студэнтаў Гродзеншчыны на ўборку цаліннага ўраджаю ў Казахстан. Карысць ад паездкі была двухбаковай – на практыцы замацоўваліся веды аб цалінных і залежных глебах, а таксама студэнты атрымоўвалі больш шырокае прадстаўленне аб прасторах савецкай краіны. Нядаўна, ў сувязі з 50-годдзем асваення цаліны, група супрацоўнікаў ГДАУ была ўзнагароджана медалем “50 лет целине». Пасля заканчэння інстытута ў 1959 годзе Пётр Мазоль  быў накіраваны на працу аграномам ў калгас імя Леніна Свіслацкага раёна. Якраз сельгас тэхніка з МТС была перададзеная непасрэдна гаспадаркам, але яе было недастаткова. Трэба было набываць усе, што патрабавалася па тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Веды, набытыя на кафедры механізацыі спатрэбіліся пры набыцці машын, рэгуліроўках іх, праверцы якасці работ. За два гады былі набытыя сеялкі, культыватары для міжраднай апрацоўкі абганяльных культур, два пагрузчыкі арганічных угнаенняў. Упершыню  ў 1959 годзе ў пасевах ярыны была праведзена пробная праверка хімічнай праполкі, якая аказалася вельмі эфектыўнай. За зіму былі закуплены гербіцыды для ўсёй плошчы яравых збожжавых, ільну і кукурузы, апырсквальнік.

У 1961 годзе па прапанове загадчыка кафедры агульнага земляробства, дэкана агранамічнага факультэта Мацвея Сцяпанавіча Севярцава Пётр Іванавіч Мозаль быў прыняты асістэнтам на кафедру агульнага земляробства, на якой і працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам да 2009 года. Не адзін раз павышаў кваліфікацыю: у 1969 годзе – Уманскі СГІ, у 1976 і 1981 гадах у Ленінградскім СГІ, а ў 1986 годзе быў на курсах па вылічальнай тэхніцы ў Кубанскім СГІ (Краснадар). Вёў заняткі па земляробству і асновах навуковых даследаванняў. Займаўся навуковымі даследаваннямі, кіраўніцтвам дыпломных прац, якіх было абаронена студэнтамі больш, чым 100. У апошні год сваёй працы разам з Аляксандарам Аляксандравічам Дудуком выдаў вучэбны дапаможнік “Научные исследования в агрономии”.

Ілюстрацыі да працоўнай біяграфіі Пятра Іванавіча прадстаўлены тут:

Студэнты агранамічнага факультэта, якія жылі ў Пятром Мазалём у адным пакоі з 1955 да 1959 года: Рыгор Гарагляд, Анатоль Даўгун, Пётр Мазоль і Сцяпан ЛянцэвічЧастка студэнтаў 4-й групы 5 курса аграфака 20.12.1958 года: Пётр Мазоль стаіць другі злеваПётр Мазоль з аднакурснікамі Эдуардам Басяковым, Мазуркевічам, Мікалаем Мулярчыкам
На цаліне Пётр Мазоль за напісаннем плакатаПадчас працы ў калгасе Пётр, як сакратар камсамольскай арганізацыі, выступае на свяце моладзі У інтэрнаце ўжо пасля таго, як вярнуўся на працу ў ГСГІ
Пётр Іванавіч Мазоль на вучэбнай практыцы па земляробству са студэнтамі аграфакаРыбаловы ў канцы 1960-х гадоў: Пётр Мазоль, Мікалай Каршак, Мікалай Мулярчык і Анатоль КарпіцкіСяргей Сцяпанавіч Лябецкі і Пётр Іванавіч Мазоль падчас адной з навуковых канферэнцый
Пётр Іванавіч Мазоль з лабаранткай кафедры агульнага земляробства Верай Гуз У выкладчыцкай Пётр Мазоль і Іван МоцьНа адной з дэманстрацый савецкіх часоў (злева ад Пятра Іванавіча стаіць Леанід Уладзіміравіч Жучко)
Пётр Іванавіч Мазоль і Пётр Леанідавіч Тарасенка са студэнтамі на вучэбнай практыцы па АНДПетр Іванавіч Мазоль з дыпломнікамі кафедры агульнага земляробстваПётр Іванавіч выстаўляе атэстацыю студэнтам

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда e-mail:Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by