На сёняшні дзень Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт валодае трымя будынкамі, якія маюць сваю багатую гісторыю. Да апошніх адносіцца і корпус ФВМ, які размешчаны на вуліцы Валковіча № 1 (былой Батанічнай № 6) і які быў пабудаваны ў 1898 годзе. Вось якая гісторыя будынка атрымалася, калі я сабраў звесткі з Інтэрнэту, нейкія чуткі, а таксама матэрыял, якім падзяліўся Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч.
Першапачаткова будынак належаў прыватным гаспадарам Аляксандры Мінковай і С.Яблакаву. Шматлікія надпісы на цаглінах салдатаў рускіх палкоў ад 1901 да 1915 года сведчаць аб тым, што тут, у прыватных дамах, сапраўды знаходзіліся казармы. У Гродна ёсць яшчэ адзін будынак, на якім захаваліся салдацкія надпісы, у якіх яны пазначалі да якога палка належалі, колькі дзён засталося да звальнення... Гэта сучасны вайсковы шпіталь на вуліцы Дзяржынскага. Пасля бітвы з нямецкімі войскамі шмат салдат, якія там пражывалі, загінула і пахаваны яны былі на скрыжаванні сучасных вуліц Церашковай і Дзяржынскага, дзе аб тым няма да гэтага часу ніякага знаку.У пачатку XX стагоддзя ў нашым корпусе знаходзіўся таксама вайсковы шпіталь і кватэра прысяжнага паверанага Бажанава.
У 1924 годзе гаспадары будынка прадалі яго гораду і ў ім адкрылася сямігадовая жаночая “Публічная агульная школа № 6 імя Каралевы Ядвігі”, першым дырэктарам якой была Юзэфа Пятроўска. Тут жа ў 1926 годзе працавала і сямігадовая школа імя А.Міцкевіча, дырэктарам якой быў М.Верушэўскі. З 1925 да 1927 года у будынку дзейнічала і гродзенская беларуская школка. Захаваўся фотаздымак, на якім ва ўнутраным дворыку сфатаграфаваны 39 вучняў трэцяга беларускамоўнага класа (1925/26 навучальнага года) разам са сваім дырэктарам Уладзімірам Федаруком, святаром Гродзенскага сабора Сяргеем Самайловічам і выкладчыцай Зінаідай Іванаўнай Зялінскай. Калі на пачатку працы ў школе займаліся 434 вучаніцы, то з адкрыццём 7 класа ў 1927-28 г.г. колькасць вучаніц павялічылася да 487, а ў 1930-31 г.г. да 661.
У студзені 1940 года школа Каралевы Ядвігі загадам Гарана рэарганізавана ў агульнаадукацыйную школу № 2 з польскай мовай навучання. На цаглінах захаваліся надпісы тых часоў і на польскай мове. Дырэктарам савецкай школы быў прызначаны К.Труфанаў. У часы нямецкай акупацыі сюды былі звезены школьныя прыналежнасці з усяго гораду і ніякага гестапа ў будынку, як часам гавораць, не было. З 1946 года тут быў адчынены Гродзенскі філіял Рэспубліканскага вучэбнага камбінату.
Але трэба яшчэ вярнуцца назад, каб прыгадаць, што з сярэдзіны 20-х гадоў тут мясціўся гарадскі музей прыроды, аб чым сведчыць і расплыўчаты надпіс чырвонай фарбай на два паверхі справа ад уваходу, што знаходзіцца з боку вуліцы Ажэшкі. Праўда надпіс хутчэй за ўсё быў зроблены ў савецкія часы, бо бачны літары кірылічнага алфавіту. У тых пакоях зараз месціцца дэканат завочнага аддзялення, а ў скляпеннях ствараецца музей пчалярства. Яшчэ да I Cусветнай вайны ў Гродна былі спробы стварэння музея прыроды (расійскі чыноўнік з Латгаліі граф Атаназій Мячынскі барон фон Станге збіраў калекцыю матылькоў, Маўрыцый Браян дэ Ласі – мясцовых птушак, Уладзімір дэ Вірыён з Лішак – насякомых і г.д.). Але падчас той вайны калекцыі былі знішчаны немцамі ці вывезены польскімі войскамі дзеля музея ў Белавежы.
Пачынальнікам музея стаў Станіслаў Жыўна, які яшчэ ў 1908 годзе эміграваў ў Амерыку, дзе працаваў прэпаратарам ва ўніверсітэце ў штаце Канектыкут. За некалькі гадоў стварыў багатую калекцыю, з якой і вярнуўся на Радзіму. 24 ліпеня 1924 года гарадская Рада Гродна прымае рашэнне аб стварэнні на падставе калекцый С.Жыўны музея прыроды, а яго прызначае дырэктарам. Музей адкрыўся 21 лістапада 1926 года і першапачаткова меў амаль 3 тысячы экспанатаў. У 1927 годзе Марыя Вінжык-Відаўская перадала музею сабраную яе мужам калекцыю мінералаў з Урала і Сібіры, а таксама косткі маманта і іншыя археалагічныя знаходкі. Інжынер Адам Дзержаноўскі падараваў музею 106 чучалаў вадаплаўных птушак. На 1 студзеня 1937 года ў музеі было ўжо 7288 экспанатаў. Утрымліваўся музей за кошт гарадскога бюджэту.
У лютым 1947 года тут быў адчынены прыродаведчы філіял Гродзенскага дзяржаўнага музея. Адным з вядучых супрацоўнікаў музея быў А. Звяржэвіч. У 1953 г. мясцовы камітэт музея, выдаючы А.Звяржэвічу дакументы для афармлення пенсіі, запісаў у пратаколе: «Асаблівай заслугай перад вобласцю і рэспублікай з'яўляецца самаадданая праца Звяржэвіча ў цяжкія гады часовай акупацыі Гродна, калі ён, не атрымліваючы зарплаты, адзін здолеў захаваць ад разрабавання багацейшыя калекцыі...». Пазней экспанаты музея былі перавезены ў Стары Замак. У 1960 г. у будынку знаходзіліся Гродзенскі вячэрні філіял Мінскага політэхнічнага тэхнікума ды інтэрнат абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1967 г. школа № 2 была пераведзена ў новы будынак, а яе месца занялі бухгалтарская школа, музыкальна-педагагічнае вучылішча і, нарэшце, у 2001 годзе ў будынку размясціўся ветэрынарны факультэт аграрнага ўніверсітэта. Не думаю, што гэты матэрыял на 100% дакладны, шмат чаго не вядома яшчэ…
Ну і да матэрыялу дадаю некалькі фотаздымкаў цаглінаў нашага корпусу ветэрынарнага факультэту з іх не змываемымі дажджом, ды жвіраачыстнымі машынамі надпісамі зробленымі хутчэй за ўсё хімічным алоўкам больш як стагоддзе назад.
https://www.ggau.by/nowosti/421-gistoryja-budynka-fwm#sigProIdce21ff8df5
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда