Некалькі гадоў назад са звычайнага ліста па электроннай пошце пачаліся нашы стасункі з навукоўцамі Арэнбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта РФ. У выніку на студэнцкай канферэнцыі ў ГДАУ, якая прысвячалася 65 угодкам вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, выступіў з дакладам студэнт з Арэнбургу Георгій Жыцінскі, а на навукова-метадычнай канферэнцыі старшыня Савета маладых вучоных і спецыялістаў Арэнбургскага ДАУ Аляксей Глінушкін, які наведваў Гродна і пасля.
Дзякуючы Арэнбургу, аб нас даведаліся і іншыя ўніверсітэты таго рэгіёну. Некалькі студэнтаў з Омску таксама пабывалі на навукова-практычнай студэнцкай канферэнцыі ў ГДАУ у мінулым годзе. На дні маладзёжнай навукі ў гэтым годзе Аляксей Глінушкін запрашаў мяне ці каго-небудзь з маладзейшых. Але, зараз, як вядома, фінансавая сітуацыя ў РБ не дазваляе такія далёкія камандзіроўкі. І выйсце было знойдзена. Удзельнічаць у канферэнцыі па інтэрнэтнай сувязі. Перад пачаткам З’езду нам патэлефанаваў, мабыць іх праграміст, Сяргей, які паабяцаў, што дашле інфармацыю аб тым, як нам падключыцца да канферэнцыі, на электронны адрас. Ліст дайшоў хутка і сувязь была наладжана. У З’ездзе прымалі ўдзел старшыні Саветаў маладых вучоных і спецыялістаў Башкартастана, Мардовіі, Марый Эл, Чувашыі, Удмурціі, Татарстана, Пермскага края, Ульянаўскай, Арэнбургскай, Самарскай, Ніжагародскай, Пензенскай і Кіраўскай абласцей, губернатар Арэнбургскай вобласці. В.А.Лабузоў.
Перад вэбкамерай у ГДАУ 20.04.2011 змясціліся прарэктар па навуковай працы Сяргей Тарасенка, я, як намеснік старшыні Савета маладых вучоных універсітэта і Валянцін Пешко з навуковага аддзелу. Сяргей Анатолевіч павітаў удзельнікаў, расказаў дзе мы знаходзімся, прадставіў мяне і Валянціна, і пакінуў зону бачнасці камеры, папярэдне прадставіўшы слова мне. Такога павароту інтэрнэт канферэнцыі зусім не чакаў і пачаў свой выступ з таго, з чаго пачаў. Удзельнікі канферэнцыі дапамаглі сваімі пытаннямі зарыентавацца ў накірунку таго, аб чым хацелі даведацца. Сяргей Анатолевіч нас не кінуў і падказваў, што можна расказаць. Удзельнікаў З’езду цікавілі кватэрныя праблемы нашых маладых вучоных і спецыялістаў, дзяржаўная падтрымка і размеркаванне, навуковыя накірункі даследаванняў і ўкараненне іх вынікаў у практыку. Мы абмяркоўвалі нашы навуковыя стасункі з блізкімі суседзямі – Польшчай і Літвой, навуковыя канферэнцыі, да ўдзелу ў якіх запрашалі і прадстаўнікоў расійскіх універсітэтаў, магчымыя шляхі і тэмы агульных навуковых распрацовак. Час ад часу да размовы вяртаўся Сяргей Анатолевіч Тарасенка, прарэктар па вучэбнай працы Аляксандр Свірыдаў, які прапанаваў сумесна працаваць над праблемай цукровых буракоў разам з вучонымі Башкартастана, які мае тры цукровыя заводы.
Магчыма, яно так добра і не выглядае, як давялося расказваць пра нашу навуку і ўмовы працы маладых вучоных, пра прэзідэнцкія праграмы падтрымкі маладых, а самому прыгадалася, як за працы першай і другой катэгорыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай Вайне, нашы студэнты не атрымалі ад арганізатараў рэспубліканскага конкурсу ніякай матэрыяльнай узнагароды. Толькі дзякуючы кіраўніцтву ўніверсітэта такая несправядлівасць была выпраўлена. Хваліліся катэджамі, якія атрымліваюць маладыя спецыялісты ў аграгарадках, але прамаўчалі, што далёка не заўсёды ў іх добра выкананы рамонтныя работы і іх амаль немагчыма ў будучым прыватызаваць. Неяк здарылася, што праз 2,5 гадзіны размовы мы адключыліся і не развіталіся, але, думаю, што пасля такой онлайн канферэнцыі навуковыя сувязі ГДАУ з расійскімі універсітэтамі аграрнага профілю стануць пашырацца. А мы таксама пачнём пры правядзенні навуковых і навукова-метадычных канферэнцый выкарыстоўваць тэлемасты. Некалькі фотаздымкаў з сённяшняй імпрэзы.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда