Нарэшце праз які час будзе ліквідавана праблема горада, якая існавала з незапамятных часоў. Вадзіцелі аўтамашын, якія баяліся на той бок чыгункі ехаць праз пераезд уздыхнуць з палёгкай.
Несумненна, гэта вялікая падзея, але хацелася бы паглядзець на гэтае пытанне з іншага боку. У Гродна да нядаўняга часу існавалі два верхавыя балоты, на адным, у раёне вуліцы Пушкіна, пабудавалі прыгожы мікрараён жылля, які нехта, падобна раёну “Белыя росы”, што далі назву для фільма, назваў - “Людзі на балоце”, да якіх, калі праз колькі гадоў перасялюся пасля рамонту кватэры, буду належыць і я. Другое ж балота, якое, як я лічыў, давала пачатак Гараднічанцы, што цячэ праз горад і ўпрыгожвае яго краявідамі сваіх крутых берагоў, зараз засыпаюць жвірам пад будучую колцавую дарогу.
Гараднічанка не заўсёды была такой. У пасляваенны час яе ніхто не даглядаў, зарасла не толькі дрэвамі і хмызняком, але і сталася гарадскім сметнікам, куды звальвалі вялікія бочкі з пад мазуту ды фарбы. Ва ўсякім выпадку, у 1987 годзе мы іх адтуль выцягвалі ды вывозілі. Людзі з гарвыканкама не раілі гэтага рабіць, хаця, праўда, давалі транспарт для вывазу смецця, выцягнутага з Гараднічанкі (Ванючкі, як тады яна называлася інакш). Нам нават арганізавалі спатканне з праектантамі яе добраўпарадкавання. Я нават запамятаваў, што вада будзе трапляць у рэчку, якая дала назву гораду не толькі з балота, але і з вычышчальных збудаванняў Дзевятоўкі і яшчэ з артэзіянскіх свідравін. На балота наступ пачаўся колькі гадоў таму, калі пабудавалі стаянку для аўтамабіляў. Здавалася, што пасля гэтага ў Гараднічанку будуць трапляць нафтапрадукты….
Зараз жа балота засыпаецца жвірам, і гэты працэс адлюстраваў мой фотаапарат. Пакуль што яшчэ нешта трапляе ў рэчку, бо выхады крыніц перамясціліся магчыма на акраіны будучай магістралі з пад якой цякуць ручайкі. Далей некалькі ілюстрацый, частка з якіх зроблена некалькі гадоў назад.
https://www.ggau.by/nowosti/766-nowy-most#sigProId2de9cebeda
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда