Недзе з 10 гадзін раніцы і да пачатку ўрачыстасці ў фае галоўнага корпуса ГДАУ працягвалася рэгістрацыя гасцей. Кожны з іх атрымаў у пакеце з лагатыпам біятэхналагічнага факультэта па некалькі сувеніраў на ўспамін аб роднай Альма Матэр. Хто прыехаў раней, паспеў яшчэ наведаць музей універсітэта, пакінуць там на памятку свае пажаданні для яго супрацоўнікаў і студэнтаў.
І вось ўжо блізка пачатак. Ўздоўж калідора, з партрэтамі дактароў навук універсітэта на сценах, рушыць вялікая шарэнга членаў вучонага савета біятэхналагічнага факультэта ў мантыях. У шарэнзе і нашы паважаныя госці з сяброўскіх універсітэтаў Польшчы – з Варшавы і Ольштыну.
Гасцей з трыбуны вітае рэктар універсітэта Вітольд Песціс, які і сам з’яўляецца выпускніком зааінжынернага факультэта і стваральнікам навуковай школы па кармленні жывёлы і тэхналогіі прыгатавання кармоў. Больш падрабязна на гісторыі факультэта спыняецца яго сучасны дэкан Яўген Добрук. Я і сам ўпершыню пачуў з яго вуснаў аб тым, што назва вуліцы, на якой знаходзіцца корпус біятэхналагічнага факультэта – Акадэмічная, паходзіць ад першай медыцынскай акадэміі ў Гродна, якая працавала ў XVIII стагоддзі. Сваю працу факультэт пачынаў 25 кастрычника 1951 года з 88 студэнтаў і 12 выкладчыкаў, з якіх толькі двое мелі навуковую ступень. Яўген Альбертавіч прыгадаў, што станаўленню факультэта садзейнічалі шмат якія вучэбныя і навукова-даследчыя ўстановы Савецкага Саюза. Прыгадваюцца і ўсе дэканы, якія працавалі ў розныя гады: Барыс Яўціхееў, Пётр Шумскі, Сяргей Пляшчэка, Газіл Гізатулін, Іван Елісееў, Міхаіл Коваль, Яўген Аніська, Яраслаў Васілюк, Уладзімір Барысаў.
У дакладзе адзначаны вялікі ўклад у развіццё факультэта Васіля Чарадкова, Мікалая Замяціна, Георгія Мялехіна, Валянціны Мартынчык, Аляксея Бугакава, Мікалая Баранава, Дзмітрыя Бубена, Надзеі Помазавай, Ніны Карпавай, Уладзіміра Паўлені і іншых. Пакуль на экране прабягаюць прозвішчы выкладчыкаў, якіх няма ўжо ў жывых, працягваецца хвіліна маўчання…
Назва факультэта за гады яго існавання змянялася 3 разы. У 1976 годзе заатэхнічны факультэт быў перайменаваны ў зааінжынерны, што было звязана з будаўніцтвам буйных жывёлагадоўчых комплексаў, дзеля кіравання якімі патрэбна была інжынерная падрыхтоўка. У галіне жывёлагадоўлі дасягнуты не малыя поспехі, у сувязі з чым патрэбна больш глыбокае веданне спецыялістамі біялогіі жывёлы і яе біялагічных магчымасцей. У сувязі з гэтым з 2009 года факультэт зноў змяніў назву, ужо на біятэхналагічны. Факультэт выпусціў за 60 год 10 тысяч спецыялістаў. Сярод яго выпускнікоў Герой Беларусі, старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Васіль Рэвяка, старшыня СВК “Астрамечава”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксей Скакун, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Вітольд Песціс, Старшыня беларускага дзяржаўнага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчэнка, Героі Сацыялістычнай Працы Уладзімір Баўм і Аляксандр Жамойцін, Міністр сельскай гаспадаркі БССР Фёдар Мірачыцкі і іншыя.
Зараз на факультэце вучацца больш за 1000 студэнтаў, працуюць 34 выкладчыкі, сярод якіх адзін член-карэспандэнт, 7 дактароў і 21 кандыдат навук.
Урачыстасць працягвалася, дэканат біятэхналагічнага факультэта ўручыў старэйшым выкладчыкам, якія працавалі доўгі час, ветэранскія медалі, падарункі гасцям, не забыў пра сваіх лепшых студэнтаў. На сцэну адзін за другім выходзілі госці, кіраўнікі буйных фірм, заводаў, кіраўніцтва раёнаў і факультэт атрымліваў усё новыя падарункі – кампутары, тэлевізары, фотаапараты і г.д. Ад спонсараў была значная падтрымка і другой часткі свята, якая адбылася ва ўніверсітэцкай сталовай пазней. Выступалі і замежныя госці з Варшавы і Ольштыну, якія на высокім узроўні прадстаўлялі роднасныя нам універсітэты. З іх боку былі ўзнагароджаны супрацоўнікі біятэхналагічнага факультэта, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё цесных сувязяў на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Я не адлюстраваў у гэтым матэрыяле ўсіх прысутных. Магчыма нехта заўважыць сябе на фотаздымках, прадстаўленых ніжэй і ў асобных альбомах. Пасля невялікага перапынку, падчас якога былі зроблены некалькі групавых здымкаў, на жаль, не ўсіх прысутных на святкаванні, адбыўся канцэрт, з якога госці і сучасныя выкладчыкі факультэта накіраваліся ў сталовую ўніверсітэта, якая памятаецца кожнаму яшчэ са студэнцкіх гадоў.
https://www.ggau.by/nowosti/701-60-gadovy-ubilej-btf#sigProId85a867aa5f
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда