Толькі ўчора праходзіў каля дэканата аграфака і ўбачыў знаёмых студэнтаў, якія яшчэ ў мінулым годзе вучыліся на нашай кафедры. Так і захацелася спытаць, чаго сабраліся цэлай гурбою, няўжо столькі прапушчаных заняткаў? “Не, - адказалі, - тут сабраліся тыя, хто паедзе на практыку ў Германію”. І сапраўды, ад Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэтата па лініі Баварскага сялянскага саюза на тэрмін з 21 красавіка да 2 кастрычніка паедуць 10 студэнтаў агранамічнага факультэта і факультэта аховы раслін, а 3 студэнты запрошаны Фондам імя Шорлемера Нямецкага сялянскага саюза на тэрмін з 11 мая да 11 верасня.
Калісьці ніводны універсітэт Гродна не адпраўляў сваіх студэнтаў на практыку ў такой колькасці, як аграрны. Але з цягам часу ўсё складаней было трапіць у Велікабрытанію ці Ірландыю, Францыю ці Швайцарыю. Яшчэ са два гады назад нядрэнныя заробкі атрымлівалі студэнты факультэта ветэрынарнай медыцыны ў Даніі, дзе працавалі на фермах, замяняючы некалькіх мясцовых працаўнікоў. Гэта была сапраўдная практыка - сам корміш, сам вывозіш гной, вакцынуеш, цягаеш больш чым 100-кілаграмовыя тушы здохлых свіней. Гэта я ведаў адразу з лістоў, якія атрымліваў ад студэнтаў-практыкантаў па электроннай пошце і да якіх прымацоўваліся яшчэ фотаздымкі дзіковінных калматых кароў ці яшчэ штосьці падобнае. А тыя, хто працаваў на трускалкавых плантацыях Англіі, на ўсякі выпадак запасаўся сартавым матэрыялам замежных трускалак.
Аграномы і аграномы па ахове раслін у гэтым годзе паедуць на практыку і ў Польшчу. Ужо зараз запрашэнні атрымалі 35 студэнтаў. Аб замежных практыках студэнтаў іншых факультэтаў пакуль што нічога не ведаю.