Гродненский государственный аграрный университет

Полная версия

Старая Гродзенская патрыётка Зоська Верас!

 30 верасня споўнілася 115 гадоў са дня яе народзінаў. Не магу нават уявіць, наколькі бяднейшым у духоўным плане аказалася б маё жыццё, каб у далёкім ужо 1986 годзе мы з ёю не пазнаёміліся. У маі месяцы таго года ў Гродна адчыніўся дом-музей беларускага паэта М.Багдановіча, дзякуючы якому адбылося знаёмства з яго нялёгкім лёсам і творчасцю, якая ўражвала тым, што хлопец, які амаль усё сваё кароткае жыццё пражыў на чужыне, недзе ў Вялікім Ноўгарадзе ці Яраслаўлі, стаў беларускім паэтам. Мы праводзілі вечарыны, спрабавалі адшукаць магілу яго маці, але каго можна было знайсці ў жывых з тых, хто ведаў Максіма пры жыцці, каб нешта распытаць. І такая жанчына знайшлася. Яна з радасцю адгукнулася на мой ліст, у якім я прасіў аб сустрэчы і дала адказ. Наша ліставанне працягвалася некалькі гадоў. А далей крыху з яе біяграфіі.

Людвіка Сівіцкая нарадзілася 30 верасня 1892 года ў мястэчку Мяджыбаж Ляцічаўскага павету Падольскай губерні на Украіне ў сям’і вайскоўца. Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а з 1904 да 1908 года вучылася ў прыватнай гандлёвай школе ў Кіеве. Пасля смерці бацькі яна разам з маці вярнулася ў Гродна, дзе жылі дзяды па бацьку, а недалёка на Сакольшчыне ў фальварку Альхоўнікі дзяды па лініі маці.
1909 год застаў Людвіку ў Гродне вучаніцай шостага класа прыватнай гімназіі Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя. Гэтай самай восенню ў Гродна быў арганізаваны гурток беларускай моладзі, які ўзначаліў ксёнз Францішак Грынкевіч. Людвіку выбралі бібліятэкарам, а практычна, сакратаром і захавальнікам дакументаў гуртка. Сам гурток працаваў практычна нелегальна, меў сувязі з газетай “Наша Ніва”, суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца” з Пецярбургу, беларускай друкарняй з Вільні, гродзенскім Польскім гуртком самаадукацыі. Але пакінем без увагі шматгранную дзейнасць гуртка ў плане развіцця беларускай культуры, а спынімся на тым, што Людвіка выбрала для сябе аграрны шлях.
Восенню 1913 года яна ад’ехала ў Варшаву на 10-месячныя курсы "Агароднiцтва, садаўнiцтва i пчалярства", якія скончыла да 1 ліпеня 1914 года і атрымала пасведчанне “аб’яздовага інструктара”. Хацела яшчэ прайсці хаця б аднагадовую практыку, але пачалася першая сусветная вайна і практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка і пчаляра, які паміж іншым вучыўся ў Варшаве ў пчаляра Лявіцкага, іменем якога названы рамкавы вулей яго ж канструкцыі.
Яшчэ ў 1912-1913 гадах яна пачала складаць “Батанічны зельнік”, ставячы на першае месца назовы раслін у беларускай мове. На радзіме дзеда яна працягвала далей запісваць назовы раслін, песні, загадкі, прыпеўкі, а ў жніўні 1915 года разам з маці выехала ў Мінск, дзе працавала сакратаркай у "Камiтэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны", у Беларускiм нацыянальным камiтэце, у Цэнтральнай Радзе беларускiх арганiзацый, у Вялiкай беларускай радзе, у Беларускай сацыялiстычнай грамадзе. Працаваць даводзілася загадчыцай сталовак для бежанцаў, загадчыцай дзіцячага прытулку, загадчыцай ткацкай майстэрні, скарбнікам, сакратаром...
Бежанцы хацелі зарабляць грошы сваёй працай, і Людвіка займаецца купляй часанага лёну і калаўротаў, якія раздаюць жанчынам, згодным працаваць у сябе на кватэрах. Колькасць пражы расла і пачалі купляць кросны і арганізоўваць ткацкія майстэрні, а вытканыя абрусы, ручнікі, фартушкі, дыванчыкі, мужчынскія кашулі трэба было рэалізаваць. Частку вырабаў прадалі на месцы, а наконт астатніх Людвіка дамовілася са сваімі знаёмымі з Пецярбургу.
Ёй жа, як яна расказвала, было даручана арганізаваць вырошчванне капусты не так ужо і блізка ад Мінску. Яна разлічыла колькасць неабходнай расады, насення, угнаенняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма і капуста там не вырасце. На гэтым “Капусныя праекты Аляксандра Уласава”, як яна іх называла, былі згорнутыя.
Працавала і па спецыяльнасці: чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва і пчалярства для бежанцаў з дазволу Міністэрства Земляробства.
Як сакратарка удзельнічала ў з’ездах беларускіх нацыянальных арганізацый, беларусаў вайскоўцаў Заходняга фронту, Усебеларускім з’ездзе ў кастрычніку 1917 года. У 1918 годзе вярнулася ў дзедаў фальварак Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала над батанічным слоўнікам, а сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім над кніжкай “Медадайныя расліны”.
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з мужам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася на Украіне. Якраз там нам і давялося з ёю некалькі разоў сустракацца. Вакол хаткі рос цудоўны батанічны сад, які меў багацейшую калекцыю раслін, сабраных Людвікай Антонаўнай.
З 1911 года друкавалася ў “Нашай ніве”, якая выходзіла ў Вільні. У 1924 годзе выдала “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”. У слоўнік увайшлі 302 расліны, якія мелі 424 беларускія назвы. З 1928 года займае пасаду старшыні Беларускага кааператыўнага таварыства “Пчала”. У 1935 годзе таварыства "Пчала" арганiзуе завочныя курсы па збору медадайна-лекарскiх i лекарскiх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваiх са студэнтам-мэдыкам В.Тумашам. Была рэдактарам дзіцячых часопісаў “Заранка” (1927-31 гг.) і “Пралескі” (1934-35 гг.), сельскагаспадарчага часопіса “Беларуская борць” (1934-1938 гг.).
Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярстве і агародніцтве друкавала таксама ў газетах “Беларуская ніва” і “Народная справа”, а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 года да 1939.

Маючы вялікі аўтарытэт у асяроддзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замаляваць расліны ў розныя перыяды вегетацыі, збірала, сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя баначкі. Так яна рабіла экспанаты для аддзелу зёлкавых раслін Гудзевіцкага школьнага музею. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гродзенскаму гуртку з Амерыкі даслаў кнігу аб лекавых раслінах і ў свае 98 гадоў яна начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову. У адным са шматлікіх лістоў яна выказвае шкадаванне, што англійскую мову вывучала толькі тады, калі навучалася ў Варшаве. Недзе тады яна даслала і паштоўку, зробленую ўласнымі рукамі. У кошыку з наклеенай саломкі ляжалі зялёныя і барвовыя травінкі, якія замянялі ялінкі. Пасярэдзіне дзве свечкі з адмысловай травы, а замест полымя – малюсенькія лісточкі. 8 кастрычніка 1991 года, на 100-м годзе жыцця Зоські Верас не стала. Але недзе ў архівах захаваліся яе друкаваныя працы-парады для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у прыватных архівах шматлікія лісты, дзеля якіх яна ніколі не шкадавала часу. Яна вытрымала кірунак, зададзены сабе самой у вершы, што напісала ў 1915 годзе

Матэрыял падрыхтаваў

дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалай Таранда