Гродненский государственный аграрный университет

Полная версия

50 гадоў Гродзенскаму народнаму ансамблю песні і танца “Нёман”

23 лістапада ўдзельнікі народнага ансамбля песні і танца “Нёман” розных часоў сабраліся ў ГДК, каб адзначыць 50-годдзе свайго калектыву. Створаны летам 1957 года самадзейны мастацкі ансамбль ужо ў кастрычніку паказваў сваё мастацтва ў суседняй Польскай Народнай Рэспубліцы. Ад першага дня харэографам калектыву была Ларыса Ляшэнка, а з 1960 года мастацкім кіраўніком стаў Адам Чопчыц. Гэта дзякуючы ў першую чаргу ім ансамбль песні і танца “Нёман” восенню 1961 года атрымаў званне народнага. У лютым-сакавіку 1964 года ансамбль выступае на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў, у “Зорным гарадку”, на шматлікіх прадпрыемствах Масквы, прымае ўдзел у творчых сустрэчах са славутым хорам імя Пятніцкага, з ансамблем танца імя Ігара Маісеева. Ансамбль выступае ў заключэнні першага аддзялення канцэрта для ўдзельнікаў XXIII з’езда КПСС. Якраз тое выступленне ансамблю, якое мне давялося глядзець па адным з самых першых тэлевізараў маркі “Рэкорд-12” у маёй вёсцы, захавалася ў памяці. 

У 14 гадзін 23 лістапада 2007 года на будынку гарадскога дома культуры адкрылася мемарыяльная шыльда, прысвечаная Адаму Сідаравічу Чопчыцу і Ларысе Дзмітрыеўне Ляшэнка. Вечарам мне самому ў складзе “старых” удзельнікаў ансамблю давялося выступіць у “Прывітальнай” і ў танцы “Полькі-рассыпухі”. У 1975 годзе чатыры студэнты, удзельнікі танцавальнага калектыву нашага сельскагаспадарчага інстытуту, былі рэкамендаваны Надзеяй Мікалаеўнай Валедавай у харэаграфічную групу “Нёмана”: з ЗІФа – Валодзя Іваноў і Лёня Голуб, а з аграфака – я і Коля Верабей. Першым нашым значным выступленнем быў удзел у канцэрце для дэлегатаў XXVIII з’езда КПБ у памяшканні мінскага тэатра оперы і балета ў 1976 годзе. Рэпетыцыі перад выступленнем працягваліся з тыдзень, і мы за гэты час перазнаёміліся з усімі найлепшымі народнымі пеўчымі і танцавальнымі калектывамі, з магілёўскімі даяркамі, з салістамі, з маладым тады яшчэ ансамблем “Песняры”, з якім мы аніяк не маглі падзяліць месца для пераапранання на сцэне. Палохала і сама сцэна сваёю велічынёю і тым, што можна было разгубіцца і падацца ў танцы не да сваёй партнёршы. Дарэчы, у вялікіх хустках, закутаных неймаверна як на галаве, яны выглядалі зусім аднолькава.

У тым жа годзе “Нёман” пабываў на гастролях у ПНР, дзе выступілі з некалькімі канцэртамі ў Сувалках, Гайнуўцы ды Беластоку. Пасля вяртання пайшлі чуткі, што мы вывезлі з СССР пяць кг золата, але такія чуткі, ды і не толькі чуткі, а нават допыты, былі і пасля нашых гастроляў па Грэцыі ў 1985 годзе. Тады ад нас хацелі даведацца, адкуль у паўднёвай краіне з’явілася партыя савецкіх чырвонцаў. У 1977 годзе ўсе чацвёра студэнтаў-сельгаснікаў з вялікай праграмай разам з ансамблем танца палаца хімікаў “Вянок” адправіліся на гастролі па Венгрыі. Выступалі мала, больш знаёміліся з рознымі гарадамі ды адпачывалі некалькі дзён у міжнародным маладзёжным лагеры на возеры Балатон. Так сталася, што мы абаранялі і званне народнага для ансамбля “Вянок”. З усёй нашай чацвёркі найдаўжэй у “Нёмане” затрымаўся я. Апошнія гастролі, у якіх удзельнічаў з ансамбем, адбыліся восенню 1994 года ў Ольштыне і яшчэ некалькіх невялікіх мястэчках вакол яго. За гэты час адбыліся паездкі калектыва у Германію, Іспанію, Грэцыю, Цэйлон, па Украіне, Малдавіі і Літве. Шмат разоў выступалі ў Маскве. За ўдзел у I, II і IV Усесаюзных фестывалях самадзейнай мастацкай творчасці працоўных мы атрымлівалі медалі лаўрэатаў.

Апошні раз збіраліся разам на 85-я ўгодкі з дня нараджэння Ларысы Ляшэнкі, якая кожнаму танцору падпісала і ахвяравала па адной кніжцы са сваёй бібліятэкі. На юбілейнай вечарыне выступіла яшчэ адна выпускніца ГСГІ (зараз ГДАУ), удзельніца танцавальнага калектыву яшчэ ранейшых часоў, Эма Нічыпараўна Дубко, жонка былога Гродзенскага губернатара. Яна перадала кіраўніцтву ансамбля альбом, які Л.Ляшэнка афармляла на працягу ўсёй дзейнасці ансамбля. Акрамя фотаздымкаў, у ім ёсць спісы больш 500 удзельнікаў танцавальнага калектыву, і хто ведае, колькі сярод іх былых выпускнікоў нашага універсітэту. Я думаю, знаёмства з перададзеным сучаснаму калектыву альбомам, прадставіць нам новыя адкрыцці, а далей – невялікая фотасесія з юбілею народнага ансамбля песні і танца “Нёман”.

Сучасны склад ансамблю падчас урачыстасці – 15 гадзін 23.12.2007 года

Матэрыял падрыхтаваў

удзельнік народнага ансамбля песні і танца “Нёман”,

канд. біял. навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі

Мікалай Таранда
е-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.