Сустрэча адбылася 31 студзеня 2008 года ў сувязі з тым, шты былы міністр адукацыі патрапіў у інфармацыйную групу па Гродзенскай вобласці. Высокая кампетэнтнасць госця ў пытаннях вышэйшай адукацыі абумоўлена яшчэ і тым, што Васіль Іванавіч прадстаўляе Беларусь у галіне адукацыі ў сістэме краін СНД. Прыемна было пачуць, што ўсе паказчыкі ў вобласці адукацыі сведчаць аб тым, што ў Беларусі на сёняшні дзень яна знаходзіцца ў лепшым стане, чым у іншых краінах СНД. Галоўнае дасягненне рэспублікі заключаецца ў прыняцці восенню 2006 года Закона аб адукацыі, які зацвердзіў яе двухузроўневую сістэму.
Васіль Іванавіч прыгадаў, што яшчэ ў студзені 1987 года Саветам Міністраў СССР была прынята пастанова аб увядзенні 6-гадовай вышэйшай адукацыі. У Расіі, якая, як і Латвія ці Украіна, уступіла ў Балонскі працэс яшчэ ў 90-я гады, зараз ёсць праблемы з размеркаваннем на працу бакалаўраў, якіх ніхто не хоча браць. Было падкрэслена, што па колькасці студэнтаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, Беларусь выглядае не горш за іншыя краіны (зараз мы дасягнулі ўзроўню 400 студэнтаў на 10000 тысяч насельніцтва). Адрозненне нашай адукацыі ад еўрапейскай пакуль ў тым, што там студэнты вучацца самі, а ў нас прыходзіцца іх вучыць. Яшчэ ў 1987 годзе адбылося скарачэнне колькасці гадзін лекцый і практычных заняткаў, бо разлічвалі на тое, што студэнты па асобных тэмах будуць кансультавацца ў выкладчыкаў і вывучаць тыя тэмы самастойна. З даўняй пастановы ў сістэме вышэйшай адукацыі засталіся толькі студэнты ў Вучоных саветах універсітэтаў.
Зараз зноў уводзяцца гадзіны для кантролю самастойнай працы (КСР), але калі не будзе сапраўднага кантролю за такой працай, то ніякага КСР не будзе. Былі закрануты праблемы і сярэдняй школы, якая на думку рэктара БДУ павінна быць 12-ці гадовай. Васіля Іванавіча закідалі пытаннямі. Навукоўцаў і выкладчыкаў цікавілі пытанні платнай і завочнай адукацыі, адкрыццё новых універсітэтаў у больш дробных гарадах, такіх як Пінск ці Баранавічы, адносіны рэктара вядучага універсітэта да тэсціравання абітурыентаў, модульна-рэйтынгавай сістэмы адукацыі і іншыя. Далей некалькі фотаздымаў з сустрэчы.