Пад такой назвай 12 сакавіка 2009 года ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце адбылася II Міжнародная навуковая студэнцкая канферэнцыя, прысвечаная 65-м угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першапачаткова планавалася, што канферэнцыя будзе Рэспубліканскай, але пасля таго, як мы атрымалі матэрыял з Арэнбургскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта, яна набыла статус Міжнароднай.
Канферэнцыя пачалася з пленарнага паседжання, у прэзідыум якога былі запрошаны ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і Герой Савецкага Саюза Іван Данілавіч Лебядзяў. Іван Данілавіч падчас маёй вучобы ў ГСГІ працаваў на кафедры фізкультуры, пасля я не аднойчы сустракаў яго на розных святах, асабліва ў Дзень Перамогі. Зараз яму ідзе ўжо 93 год, але ён, як і раней, займаецца сустрэчамі з моладдзю, мае што сказаць ім, энергічны і перакананы ў сваіх поглядах. Прамова яго была цёпла сустрэта прысутнымі студэнтамі, якіх сабралася цэлая лекцыйная зала.
Распачаў канферэнцыю сваім выступленнем прарэктар па навуковай працы Сяргей Анатолевіч Тарасенка, які адзначыў, што нашым універсітэтам надаецца шмат увагі падзеям Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанню памяці загінулых. Уладімір Паўлавіч Верхась шмат робіць, каб аднавіць імя ўсіх памежнікаў, якія аказалі супраціўленне нашмат мацнейшым нямецкім войскам у першы дзень вайны і змаглі пратрымацца некалькі гадзін на сваіх малалікіх заставах.
Аб тым, як ушаноўваецца памяць памежнікаў зараз, дзе і якія адкрыты экспазіцыі і створаны мемарыялы, расказаў палкоўнік у адстаўцы Рыгор Ісакавіч Абялеўскі. А старшыня Гродзенскай секцыі міжнароднай асацыяцыі грамадскіх арганізацый блакаднікаў горада-героя Ленінграда Салаўёва Лідзія Барысаўна расказала, як дапамагалі ахове Ленінграда падчас блакады школьнікі. Яны скідвалі запальныя фугасы з дахаў дамоў, наведвалі нямоглых людзей, працавалі на прадпрыемствах, дапамагалі ачышчаць горад ад трупаў тых, хто памёр ад голаду. Свой выступ яна суправаджала вершамі, якія адлюстроўвалі той час. Магчыма іх напісала яна сама, паколькі яны настолькі краналі кожнага за сэрца, што на вачах студэнтаў з'яўляліся слёзы.
Паседжанні двух секцый працягваліся ў 9-й аўдыторыі і канферэнцзале. З Арэнбургу напярэдадні прыехаў Георгій Жыцінскі – студэнт 3-га курса эканамічнага факультэта, якога з цягніка сустрэлі нашы студэнты, пасялілі і правялі экскурсію па гораду. Аб канферэнцыі ён даведаўся праз старшыню Савета маладых навукоўцаў Арэнбургскага ДАУ, з якім мы кантактавалі раней. Вечарам 11 сакавіка ў мяне па графіку было дзяжурства ў 2-м інтэрнаце. Таму заадно я наведаў і нашага госця, якога пасялілі ў новым інтэрнаце, які пачаў эксплуатавацца з верасня 2008 года. Мы шмат з ім абмеркавалі пытанняў нашай агульнай гісторыі, якую звычайна расіяне зусім не ведаюць. Мяне здзівіла тое, наколькі Георгій спакойна аднёсся да маёй інфармацыі, што было звязана з яго больш шырокімі ведамі па гісторыі. Пасля канферэнцыі мы з ім яшчэ пахадзілі па Гродна і я расказаў яму асобныя эпізоды з гісторыі горада, якія не маглі ведаць нашы студэнткі, якія хадзілі з ім у першы дзень.
На секцыях было шмат выступленняў, якія падрыхтавалі курсанты ваеннага факультэта ГДУ імя Я.Купалы, нашы студэнты, ды госці з Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з Горак, Гродзенскага філіяла Інстытута правазнаўства. Усе выступы былі прысвечаны подзвігу беларускага народа ў гады вайны, а Георгій Жыцінскі расказаў аб дзейнасці эвакуваваных беларускіх прадпрыемстваў у Чкалаўскай вобласці. У канферэнцыі прыняла ўдзел і мая дачка, студэнтка 2-га курса ІТФ, якая расказала аб змаганні з ворагам у гады вайны блізкіх сваякоў. Напярэдадні быў выдадзены зборнік матэрыялаў, які атрымалі як удзельнікі канферэнцыі, так і іх навуковыя кіраўнікі. Крыху раней ад ГДАУ былі накіраваны тры студэнцкія працы на Рэспубліканскі конкурс, прысвечаны 65 угодкам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.