2008 год распачаўся з адыходу ў іншы свет двух старэйшых выкладчыкаў ГДАУ. Першай 20 студзеня памерла Ніна Пятроўна Кубышына, у гэты дзень ёй споўнілася роўна 80 гадоў. І хоць вучыўся я яшчэ ў далёкія 1974-1979 гады, у маёй памяці яна заставалася ўвесь час. Спачатку, калі яшчэ працаваў у калгасах, прыходзілася згадваць тое, чаму яна нас вучыла на занятках, бо трэба было ахоўваць расліны ад захворванняў. Аднойчы на практычных здарыўся неверагодны выпадак. Праводзячы аналіз нейкай атруты ў маленькай прабірцы, я выліў некалькі мілілітраў з яе ў звычайную металічную ракавіну. Як аказалася пасля, нехта перад тым паклаў туды кавалачак натрыю. Што тут пачалося! Пачуліся выбухі, унутры ракавіны скакала полымя і здавалася, што хутка мы ўсе ўзляцім у паветра. І тады Ніна Пятроўна загадала: “Кладзіцеся на падлогу”. Мы падпарадкаваліся яе загаду і былі выратаваны. Ракавіна пэўна ж не ўзарвалася, але мы былі вельмі перапалоханыя.
Так сталася, што пазней у інстытуце біяхіміі, дзе я навучаўся ў аспірантуры, а затым і працаваў, працаваў і яе пляменнік Валера Кубышын, якога з дзяцінства яна гадавала і была яму як маці. Не памятаю, хто мяне запрасіў, ці Ніна Пятроўна, ці сам Валера, але я гуляў у яго на вяселлі. Апошнія гады Валера працуе ў нашым універсітэце на кафедры хіміі.
Некалькі гадоў таму назад, калі выкладчыкі нашага універсітэта ездзілі ў Мінск на выставу “Белагра”, з намі была і Ніна Пятроўна. Вяртаючыся ў Гродна, мы спыніліся на той паляне, здаецца, у Валожынскім раёне, на якой гарадзенцы ў свой час сустракалі дэлегацыю Патрыярха рускай праваслаўнай царквы Алексія. На ёй яшчэ ў той час захоўваліся доўгія сталы, за якімі мы і прыселі адпачыць з дарогі і нешта з’есці. Тады я спытаў у Ніны Пятроўны, як ёй надаецца быць у курсе ўсіх метадаў аховы раслін, новых прэпаратаў. І яна адказала, што шмат ездзіць па гаспадарках, стараецца праглядаць усю сучасную літаратуру. Пытанне было зададзена не выпадкова. Ужо тады, ды і праз шмат гадоў пазней рэктар універсітэта Вітольд Казіміравіч на агульных сходах заўсёды ставіў Ніну Пятроўну Кубышыну ў прыклад, гаворачы што нібыта выкладчыкаў у ГДАУ шмат, а гаспадаркі заўсёды просяць для кансультацый накіроўваць да іх толькі Кубышыну. Аднойчы ў майго дыпломніка не атрымлівалася атрымаць залік ці здаць экзамен. Да М.М.Лукашыка, якога ведаў слаба, я баяўся падыйсці і вырашыў параіцца з Нінай Пятроўнай. Яна параіла мне не хадзіць да яго. Калі і падыходзіць, то трэба толькі ў пачатку семестра, каб выкладчык мог пракантраляваць і каб той студэнт увесь час рыхтаваўся як належыць. Увесь свой вопыт Ніна Пятроўна старалася перадаць студэнтам да апошняга дня свайго жыцця.
А праз два месяцы, 11 сакавіка не стала яшчэ аднаго нашага калегі. Памёр старэйшы выкладчык ГДАУ - прафесар, доктар ветэрынарных навук Міхаіл Пятровіч Коваль, які працаваў ва універсітэце з 1959 года. Хоць мы і вучыліся на агранамічным факультэце, але ўсё роўна ведалі, што на ЗІФе нешта выкладае доктар навук, якіх тады ў ГСГІ можна было пералічыць па пальцах адной рукі. Ён, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, некалькі разоў быў паранены, меў баявыя ўзнагароды, але цяга да людзей і моцны характар давалі яму магчымасць працаваць да 82 з паловай гадоў. У апошні час ён кансультаваў нашых аспірантаў, быў рэцэнзентам некалькіх і маіх метадычных распрацовак, заўсёды выкідваючы адтуль такое захворванне, як бруцэлёз, па якім у Беларусі ўсё спакойна. Акрамя высокага навуковага патэнцыялу, Міхаіл Пятровіч быў ветлівым, ён і з 8 сакавіка нават павіншуе, дадаўшы - са святам нашых жанчын. Вельмі любіў паэзію і шмат ведаў вершаў па памяці, заўсёды нагадваў, што калі ў мяне ёсць якія цікавыя вершы, каб прынёс пачытаць. А яшчэ заўсёды запрашаў заходзіць да яго ў працоўны пакой на гарбату, якую мы не раз з ім пілі са звычайных гранёных 200-грамовых шклянак. Міхаіл Пятровіч з задавальненнем ішоў і на сустрэчы са студэнтамі. Сустракаліся з ім і мае куратарскія студэнты, якія ўжо закончылі вучобу, а гэтай восенню і новыя - другакурснікі. Так сталася, што я не прысутнічаў ні на пахаванні Ніны Пятроўны Кубышынай, ні на пахаванні Міхаіла Пятровіча Коваля, і таму яны захоўваюцца ў маёй памяці такімі, якімі былі пры жыцці. Далей я прадстаўляю некалькі фотаздымкаў са сваіх альбомаў, якія нагадаюць іх былым навучэнцам аб сваіх выкладчыках, з якімі яны ўжо больш ніколі не змогуць спаткацца.