Канферэнцыя была прысвечана вытворчай практыцы, якую будучыя аграномы праходзяць пасля чатырох курсаў. Яна так і называлася “Шляхі павышэння эфектыўнасці праходжання вытворчай практыкі студэнтамі агранамічнага факультэта ў гаспадарках Рэспублікі Беларусь і за мяжой”. Акрамя студэнтаў, якія зрабілі невялікія прэзентацыі, прысутнічалі выкладчыкі, у тым ліку дэкан Фёдар Фёдаравіч Седляр, загадчыца аддзела па міжнародных сувязях ГДАУ Дзіна Міхайлаўна Суленка, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродна Аліна Чарняўская.
Аб праходжанні практыкі расказалі студэнты, якія працавалі у Польшчы, Германіі, а таксама ў нашых беларускіх гаспадарках. Мяне здзівіла, што тыя, хто папрацаваў за мяжой, часам скардзіліся на ўмовы працы, на працоўны дзень, які быў большым, чым дазваляецца законам. Па іх словах стаўленне гаспадароў да практыкантаў было не аднолькавым, чым былі не задаволены асобныя студэнты. Працуючы на практыцы у вядомых садоўнікаў Польшчы яны навучыліся шмат больш, чым на занятках па пладаводству. Такія выказванні не надта маглі спадабацца нашым выкладчыкам, тым больш што ў апошні час і ў нас на практыцы можна атрымаць навыкі прышчэпкі дрэў. Ды яшчэ калі плодапітомнік быў каля нашага корпуса на Церашковай мы таксама вучыліся самі рабіць прышчэпы на малых дзічках. І атрымлівалася. У мяне на вёсцы да гэтага часу пладаносяць яблыні, якія мы ўшчапілі тады разам з бацькам. На іх адначасова растуць як раннія гатункі, так і сярэднія і надта познія.
Былі выступленні прафесара-селекцыянера Канстанціна Ўладзіміравіча Каляды, які заявіў, што калі б была яго воля падбіраць спецыялістаў, то ён выбраў бы Паўла, які праходзіў практыку ў адной з гаспадарак Клецкага раёна; выступілі Павел Славаміравіч Шэшко, Сяргей Юр’евіч Собаль, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Аліна Чарняўская. Я таксама не ўстрымаўся каб не расказаць аб нядаўнім выпадку. Наш студэнт завочнік аказаўся нейкім чынам на “практыцы” у Швейцарыі. Напісаў да мяне ліст з просьбай дапамагчы пераўладкавацца праз якіх-нібудзь знаёмых. І сапраўды, мой знаёмы дактарант са Швейцарыі напісаў у адказ вялікі ліст, з якога вынікала, што патрэбна або змірыцца з умовамі, у якіх ён аказаўся, або пакінуць межы краіны. Іншага выйсця ён не бачыў.