Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыйнае мысленне і прафесійная кампетэнтнасць прафесарска-выкладчыцкага складу - аснова новага якаснага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў” адбылася 28-29 лютага 2008 года ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Канферэнцыя праводзілася не толькі на базе ГДАУ, але і на базе СВК “Прагрэс-Верцялішкі”.
Удзельнікамі канферэнцыі былі работнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і ГУ “Вучэбна-метадычны цэнтр Мінсельгасхарча, работнікі ВНУ, сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, дырэктар ГУА “Беларускі рэспубліканскі вучэбны цэнтр”, кіраўнікі кадравых служб абласных сельгасхарчаў, работнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый. Усяго каля 130 чалавек.
Сярод выступоўцаў на канферэнцыі былі начальнік Галоўнага упраўлення адукацыі, навукі і кадраў Трафімчык Л.Я., дырэктар ГУ “Вучэбна-метадычны цэнтр Мінсельгасхарча” Марозаў І.М., рэктар УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія” Цыганоў А.Р., генеральны дырэктар навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробству Прывалаў Ф.І., рэктар УА “Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны універсітэт” Казаравец Н.В. і іншыя.
Акрамя таго, госці канферэнцыі мелі магчымасць запісацца і наведаць адкрытыя лабараторныя заняткі па розных прадметах у ГДАУ, а таксама пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай і практычнымі заняткамі, якія праводзяцца на філіялах кафедр, што размяшчаюцца на вытворчых аб’ектах СВК “Прагрэс-Верцялішкі”.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Вячаслававіч Русак падчас канферэнцыі ўзнагародзіў прарэктара па павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы спецыялістаў УА “ГДАУ” Дзмітрыя Аркадзьевіча Брукіша ганаровай граматай за шматгадовую плённую працу ў сістэме аграрнай адукацыі, асабісты ўклад у павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага профілю.
На працягу двух дзён працавала выстава навуковых студэнцкіх прац, вучэбна-метадычных комплексаў і іншых матэрыялаў прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Файе універсітэта было поўнасцю застаўлена стэндамі, якія прывезлі з сабою прадстаўнікі вышэй узгаданых устаноў. Паколькі перадаць атмасферу канферэнцыі словамі даволі складана, паспрабуем зрабіць гэта з дапамогай фотаздымкаў.
Рэктар УА “ГДАУ” Вітольд Казіміравіч Песціс (справа) з гасцямі - Любоўю Яўгенаўнай Трафімчык, Надзеяй Аркадзьеўнай Асіпчук, нашым першым прарэктарам Аляксандрам Аляксандравічам Дудуком і рэктарам УА “ВДАВМ” Антонам Іванавічам Ятусевічам
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Вячаслававіч Русак уручае ганаровую грамату прарэктару па павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы спецыялістаў УА “ГДАУ” Дзмітрыю Аркадзьевічу Брукішу
Працаўнікі вучэбна-метадычнага аддзела ГДАУ з прафесарам Людмілай Аляксандраўнай Тананой каля стэнда нашага універсітэта
Прафесар-селекцыянер ГДАУ Канстанцін Уладзіміравіч Каляда паказвае свой новы падручнік па раслінаводству Міністру СГіХ Леаніду Вячаслававічу Русаку
Абмен вопытам метадычнай працы паміж выкладчыкамі ВНУ і коледжаў
Госці на занятках па біяхіміі збожжа ў Алены Іванаўны Дарашкевіч, якія яна праводзіла ў групе студэнтаў 3 курса тэхналагічнага факультэта
Адкрытыя заняткі ў студэнтаў 3 курса факультэта аховы раслін па сельскагаспадарчай энтамалогіі праводзіць Людміла Рыгораўна Слепчанка. Ідзе вывучэнне шкоднікаў рапса
Прадмет, які выкладае Ігар Гар’евіч Ананіч, называецца эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі (ЭММіМ). Са студэнтамі 3 курса эканамічнага факультэта ён разбірае тэму “Алгарытм сімплекс-метада”, які можа быць выкарыстаны для складання аптымальных рэцэптаў камбікармоў на птушкафабрыках
На лабараторных занятках па сельскагаспадарчай фітапаталогіі ў Галіны Анатольеўны Зязюлінай разглядаліся пытанні фітаэкспертызы насення
На адкрытых занятках, якія праводзіў для студэнтаў зоаінжынернага факультэта Валерый Міхайлавіч Абухоўскі, студэнты знаёміліся з магчымымі фальсіфікацыямі малака
Матэрыял падрыхтаваў
канд. біял. навук,
дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалай Таранда