Яны яшчэ будуць завяршаць сваю вучобу, здаваць дзяржэкзамены, пісаць і абараняць дыпломныя працы, але па традыцыі апошні званок гучыць у нас звычайна задоўга да пакідання маладымі спецыялістамі сцен свайго універсітэта.
Я крыху спазняўся на пачатак урачыстасці, так як у гэты дзень правёў апошнія заняткі па мікрабіялогіі са студэнтамі лячэбнага і педыятрычнага факультэтаў медыцынскага універсітэта. Ды і па дарозе давялося забегчы ў корпус зоаінжынернага факультэта каб перачакаць раптоўны дождж. Але прапусціць такі ўрачысты момант таксама не меў права, паколькі з гэтым курсам столькі пройдзена было разам. На ім выхаваліся такія выдатнікі, як Аляксей Білецкі і Вадзім Дуброўскі, з якімі мы пачалі займацца навуковай працай з першага курса. Колькі было радасці пасля кожнай канферэнцыі, калі хлопцы атрымоўвалі трэцяе, другое ці першае месца! Яны ксерылі свае дыпломы, каб копіі захаваліся і ў мяне. Студэнцкая праца Вадзіма на рэспубліканскім конкурсе ў гэтым годзе атрымала I катэгорыю. І на гэтым мы не спыняемся, бо яшчэ ёсць магчымасць паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ будучай восенню. Па адной з распрацаваных намі тэм ужо ёсць больш дзесятка салідных публікацый, а гэта гарантыя таго, што чарговая работа будзе мець шанс на поспех пры вызначэнні яе катэгорыі.
Менавіта гэтымі студэнтамі была арганізавана пры факультэце ветэрынарнай медыцыны экалагічная суполка “Прынямонне”, якая на працягу некалькіх гадоў рабіла больш разнастайным жыццё пэўнага кола студэнтаў праз аўтатуры, тэматычныя вечарыны, фотавыставы, міжнародныя кантакты, аб чым я ўжо пісаў на нашым сайце раней. Я спазніўся і не заўважыў, каго і якімі лентамі і граматамі канкрэтна абвязваў дэкан факультэта Міхаіл Каўрус (спадзяюся мы іх пабачым на фотаздымках). Студэнты падзякавалі выкладчыкаў за набытыя веды, падаравалі хлеб-соль, кветкі, запрасілі на танец, а для факультэта на ўспамін падаравалі музыкальны цэнтр. Апошнім выступіў дэкан факультэта, які пажадаў сваім выхаванцам добрай дарогі і поспехаў у працы.