«Героический путь пограничных войск (1918 -2008 гг.)» - так называлася Міжнародная навуковая канферэнцыя, якая адбылася 18 красавіка 2008 года ў ГДАУ. Канферэнцыя была арганізавана Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам сумесна з Дзяржаўным памежным камітэтам Рэспублікі Беларусь.
Ад сябра аргкамітэту канферэнцыі, доктара гістарычных навук, прафесара Верхася Уладзіміра Паўлавіча я даведаўся аб складзе яе ўдзельнікаў. Прысутнічалі 63 запрошаныя, а таксама іншыя ваенныя і памежнікі. Сярод прысутных 1 член-карэспандэнт НАН, 2 дактары навук, 8 кандыдатаў навук, 3 генерал-маёры, 18 палкоўнікаў, 4 падпалкоўнікі... У зборнік матэрыялаў увайшлі 19 артыкулаў, але былі і выступленні, якія не трапілі ў зборнік. У адрас канферэнцыі быў атрыманы прывітальны ліст ад калінінградцаў, падпісаны А.Кудзелічам, старшынёй КРГА “Саюз работников правоохранительных органов”.
Перад пачаткам канферэнцыі былі выстаўлены ганаровыя каравулы пры ўваходзе ва універсітэт і ў залу, дзе адбывалася паседжанне. Удзельнікі канферэнцыі рэгістраваліся і атрымлівалі зборнік матэрыялаў, праграму, нататнік з сімволікай Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая была прысвечана 90-м угодкам памежных войск.
Рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс асабіста сустракаў перад уваходам у галоўны корпус універсітэта высокіх гасцей. Канферэнцыя распачалася з уступнага слова рэктара УА “ГДАУ”, намесніка старшыні Пастаяннай Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнта НАН Песціса Вітольда Казіміравіча. Наступным стала прывітанне удзельнікам канферэнцыі старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Карпуця Аркадзя Іванавіча ад імя губернатара вобласці.
З асноўным дакладам “90 лет на страже священных рубежей Отечества. Вехи героической истории” выступіў намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Алег Барысавіч Абызаў, які паведаміў, што толькі з-за вельмі важных дзяржаўных спраў старшыня Дзяржаўнага камітэта памежных войск РБ генерал-маёр Ігар Анатольевіч Рачкоўскі не змог прыехаць на канферэнцыю.
Аб фарміраванні і функцыянаванні мяжы на заходніх землях Беларусі ў другой чвэрці XIX стагоддзя расказала доктар гістарычных навук, прафесар ГДУ імя Я.Купалы Святлана Куль-Сельвестрава. Палкоўнік запасу Уладзімір Анатольевіч Тылец, які ужо больш 15 гадоў займаецца гісторыяй беларускай памежнай акругі, расказаў аб сваіх новых адкрыццях лёсаў асобных памежнікаў, у тым ліку і начальніка Аўгустоўскай заставы Дабравінскага.
Толькі пасля выступлення госця з Польшчы падпалкоўніка стражы памежнай Яна Нікалаюка я зразумеў, чаму мы столькі разоў чулі пра заставу імя Усава і нічога пра іншыя. Пасля 1939 года мяжа праходзіла па тэрыторыях, якія пасля вайны былі перададзеныя Польшчы і таму мы так мала пра іх маем інфармацыі. Ян Нікалаюк падрабязна расказаў больш чым аб дзясятку застаў, прадставіў фотаздымкі будынкаў, у якіх яны знаходзіліся. З яго выступлення ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся аб тым, колькі гадзін пратрымалася кожная застава памежнікаў 86-га Аўгустоўскага памежнага атрада і як загінулі абаронцы іх. Хочацца верыць, што даследаванні, якія праведзены памежнікамі Польшчы, будуць перададзены ў карыстанне нашым памежнікам і навукоўцам.
Выступленне кандыдата гістарычных навук, старшага выкладчыка ГДАУ Наталлі Аляксандраўны Рыбак было прысвечана ролі памежных войск у ліквідацыі польскага падполля ў Заходніх раёнах БССР у пасляваенны час, а кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, палкоўнік Бародзіч Аляксей Іванавіч расказаў аб аператыўнай працы памежных войск у 1918-1941 гадах. Аб тым, што перад пачаткам апошняй вайны было шмат выяўленняў пагрозы яе беларускімі памежнікамі падзяліўся ў сваім выступленні палкоўнік Ледзяеў Андрэй Віктаравіч. З яго выступлення мы даведаліся, што ў 1941 годзе нашу мяжу ахоўвалі 19519 памежнікаў, а колькасць парушэнняў мяжы год ад году - узрастала. Калі ў 1937 годзе на мяжы былі затрыманы 13801 чалавек, у 1939 - 145163, то ў 1940 - ажно 227831 парушальнік. Пазней у кулуарах была некім выказана думка, што, магчыма, новая мяжа падзяліла паміж сабой блізкіх сваякоў, і таму настолькі павялічылася колькасць парушэнняў мяжы.
Доктар гістарычных навук, прафесар ГДАУ Верхась Уладзімір Паўлавіч паведаміў, што зараз адшуканы прозвішчы толькі 8868 чалавек, што складае крыху менш паловы загінулых памежнікаў. Далейшыя пошукі павінны дапамагчы даведацца пра лёсы астатніх, іх сем’яў, што дасць магчымасць выдаць максімальна поўную рэспубліканскую кнігу памяці.
Аб тым, як будаваліся, але не ўсе былі дабудаванымі да чэрвеня 1941 года ўмацаванні Заходняй Асобай ваеннай акругі распавёў кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГДУ імя Я.Купалы Сяргей Піваварчык, а пра баявыя дзеянні 86-га Аўгустоўскага памежнага атрада ў першыя дні вайны - палкоўнік у адстаўцы, старшыня Савета ветэранаў атрада, ганаровы памежнік РБ Абялеўскі Рыгор Ісаакавіч. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГДАУ Віталь Барабаш расказаў аб дыпламатычнай барацьбе за савецка-польскую мяжу ў перыяд Другой сусветнай вайны, а магістрантка ГДУ імя Я.Купалы Вольга Мазец прадставіла вельмі цікавае паведамленне аб кантрабандзе, як асноўнай форме сацыяльна-эканамічнай дзейнасці памежнага насельніцтва (у асноўным яўрэйскага) у 1796-1850-х гадах. Выступілі і настаўнікі школ: Ермашкевіч Алена Браніславаўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы СШ № 3 г.Гродна расказала аб выхаваўчай ролі школьнага музея імя В.М.Усава, а кіраўнік зала Баявой Славы СШ № 9 - аб ваенна-патрыятычным выхаванні ў школе імя Ф.П.Кірычэнкі, які быў камандзірам адной з гродзенскіх застаў ў 1941 годзе.
У заключэнні былі прыняты 12 “Рэкамендацый” навуковай канферэнцыі з пазнакай хто і што будзе выконваць. У “Рэкамендацыях” адлюстраваны: зварот да архіваў з мэтай пошуку новых прозвішчаў памежнікаў і іх лёсаў, адкрыццё ў Мінску музея памежных войск, “Кніга памяці” Беларускай ваеннай акругі, сустрэчы гісторыкаў Беларусі, Літвы і Польшчы, для чаго патрэбны зварот да кіраўніцтва памежных войск гэтых краін, выданне канвертаў, прысвечаных памежным войскам, заключэнне дамовы паміж ГДАУ і Дзяржаўным памежным камітэтам РБ аб супрацоўніцтве, распрацоўка турыстычнага маршруту на заставу Кірычэнкі і т.п. Першая частка канферэнцыі завяршылася, працяг глядзіце ў іншым матэрыяле. А зараз некалькі фотаздымкаў з канферэнцыі.
На фотаздымку Вітольд Казіміравіч Песціс, Аркадзь Іванавіч Карпуць, Уладзімір Аляксандравіч Скарына, Алег Барысавіч Абызаў
Старшыня Савета ветэранаў атрада, палкоўнік у адстаўцы Абялеўскі Рыгор Ісаакавіч (другі справа) з афіцэрамі-памежнікамі
У музеі універсітэта Уладзімір Паўлавіч Верхась знаёміць гасцей канферэнцыі з падрыхтаванай кнігай памяці “Белорусский пограничный округ в годы Великой Отечественной Войны. Сядзіць краязнаўца са Скідаля Ілля Аляксандравіч Барысаў, стаяць дырэктар НМУ “Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці” Вольга Сіроткіна, дырэктар Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці Ларыса Юніна
Рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс распачынае канферэнцыю, злева ад яго намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Алег Барысавіч Абызаў, а справа старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Аркадзь Іванавіч Карпуць, генерал-маёр, старшыня КДБ Ігар Пятровіч Сергіенка, палкоўнік, начальнік Гродзенскага памежнага атрада Уладзімір Аляксандравіч Скарына
Удзельнікі канферэнцыі ў зале паседжанняў, на першым плане злева Пётр Рыгоравіч Вадалазскі, Іван Ануфрыевіч Білюценка, намеснік старшыні савета ветэранаў памежатрада Юрый Анатольевіч Афанасьеў і Уладзімір Анатольевіч Тылец
Кава-паўза ў працы канферэнцыі, генерал-маёр інжынерных войск Кульціясаў Уладзімір Канстанцінавіч і доктар гістарычных навук, прафесар Верхась Уладзімір Паўлавіч
Столькі памежнікаў у сценах універсітэта не было ніколі. На першым плане старшыня гарадскога савета ветэранаў, ганаровы жыхар г.Гродна Кузняцоў Аляксей Міхайлавіч
Першы злева страж памежны з Польшчы падпалкоўнік Ян Нікалаюк, побач гісторык Сяргей Піваварчык
Канферэнцыя працягваецца. Злева направа сядзяць Кульціясаў Уладзімір Канстанцінавіч, Пальчэўскі Георгій Васільевіч, Абялеўскі Рыгор Ісаакавіч, Кузняцоў Аляксей Міхайлавіч