Такую назву мела IV Міжнародная навуковая канферэнцыя, якая адбылася ў ГДАУ 14-15 мая 2009 года. Хоць я і не быў уключаны ў аргкамітэт канферэнцыі, але арганізаваў удзел у ёй некалькі аўтараў з Беластоку і Гданьску. Яшчэ больш пашырылася геаграфія ўдзельнікаў канферэнцыі дзякуючы майму матэрыялу сумесна з навукоўцам-аграрнікам з Ізраіля Аркадзем Красноўскім, які падрыхтаваў прэзентацыю выступу з музыкальным суправаджэннем пра нашага земляка, вядомага рускага, а можна сказаць, і польскага жывапісца Станіслава Жукоўскага. Сам Аркадзь не паспеў прыехаць на канферэнцыю, а з’явіўся ў Гродна разам з жонкай Таццянай толькі 9 чэрвеня.
Тэматычна канферэнцыя працавала па 6 накірунках. Але пасля аб’яднання атрымалася 4 секцыі, што зрабіла іх нават больш цікавымі. Апублікаваныя да пачатку працы матэрыялы канферэнцыі налічваюць 548 старонак. Нельга сказаць, што я праслухаў усе выступы пленарнага паседжання, бо трэба было пабываць яшчэ і на паралельных канферэнцыях па іншых навуках. Адкрыў пленарнае паседжанне прарэктар па навуцы Сяргей Анатоллевіч Тарасенка. Выступілі таксама доктар філасофскіх навук з універсітэту імя Я.Купалы Часлаў Станіслававіч Кірвель, кандыдат філасофскіх навук Іна Уладзіміраўна Бусько ад нашага універсітэта, кандыдат культуралогіі Сяргей Уладзіміравіч Данскіх з універсітэта імя Я.Купалы, доктар тэхнічных навук Віталь Ілліч Левін з Пензенскай дзяржаўнай тэхналагічнай акадэміі, доктар культуралогіі Аляксандр Іванавіч Смолік з Беларускага дзяржаўнага універсітэту культуры і мастацтва.
Нефармальная частка канферэнцыі праходзіла, як і звычайна, на Аўгустоўскім канале. Гэтае месца стала вельмі прыемным, як для нашых гасцей, так і для супрацоўнікаў універсітэта. Тым больш, што канал заўсёды сустракае добрым надвор’ем, калі нават у наваколлі праходзяць навальніцы. Шмат хто з гасцей былі на канале ўпершыню і ацэнка яго была адна – файна. Матэрыялы выступаў удзельнікі канферэнцыі маюць на руках, таму мне застаецца толькі прадставіць тут некалькі фотаздымкаў, якія могуць перадаць атмасферу навуковага форума па грамадскіх навуках, які праходзіць у ГДАУ раз у два гады.
Прэзідыум пленарнага паседжання: выступае прарэктар па навуцы Сяргей Тарасенка, побач Віталь Барабаш і загадчык кафедры грамадскіх навук Любоў Мельнікава
На пленарным паседжанні выступае доктар філасофскіх навук Часлаў Кірвель
Удзельнікі пленарнага паседжання
Пытанне выступоўцу задае доктар культуралогіі Аляксандр Смолік, побач з ім сядзіць Сяргей Данскіх
Сын і маці Бурлыкі, якія расказалі аб мэтазгоднасці выкарыстання відэаматэрыялаў пры вывучанні замежнай мовы
Кава-паўза: нашы госці Раіса Дождзікава з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта (злева) з Ірынай Матус і Гражынай Харытанюк-Міхей з Універсітэту ў Беластоку
Тамсама Віталь Галубовіч з калегамі
На паседжанні секцыі “Актуальныя праблемы сучаснай гістарычнай навукі”: на першым плане Наталля Рыбак
Ідзе паседжанне секцыі “Праблемы паліталогіі, эканомікі, экалогіі”