“Сучасныя тэхналогіі сельскагаспадарчай вытворчасці” - пад такой назвай адбылася XI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, якая праводзілася ў ГДАУ 10-11 красавіка 2008 года.
Ужо стала добрай традыцыяй, што да пачатку канферэнцыі нашым выдавецка-паліграфічным аддзелам выдаюцца яе матэрыялы. І хоць выступленні на канферэнцыі друкуюцца ў выглядзе толькі аднастаронкавых тэзісаў, сёлетні зборнік мае 516 старонак, на якіх прадстаўлены вынікі даследаванняў па агранамічных, заатэхнічных, ветэрынарных, эканамічных і тэхнічных навуках. Матэрыялы канферэнцыі прыемна патрымаць у руках, паколькі зборнік мае прыгожа аформленую вокладку і якасны друк у сярэдзіне.
Першымі, каго я ўбачыў перад пачаткам пленарнага паседжання, была група навукоўцаў з суседняй Польшчы, пераважна з Ольштынскага Вармінска-Мазурскага аграрнага універсітэта. Яны якраз завяршалі рэгістрацыю, а прыехалі на канферэнцыю сваім уласным аўтобусам. Так шмат навукоўцаў з Ольштына ўдзельнічалі ў канферэнцыі нездарма. З нашым універсітэтам у іх даўнія сувязі, якія наладжаны, у асноўным, дзякуючы дэкану зоаінжынернага факультэта Яўгену Альбертавічу Добруку. Я папрасіў ольштынцаў стаць у радок і папазіраваць для фотаздымка на ўспамін. Актавая зала была амаль уся запоўнена ўдзельнікамі канферэнцыі з ГДАУ і яе гасцямі.
У прэзідыум пленарнага паседжання былі запрошаны кіраўнікі секцый, якія працавалі падчас канферэнцыі. Распачаў канферэнцыю сваім выступленнем рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч Песціс, а прадоўжыў прарэктар па навуцы Сяргей Анатольевіч Тарасенка, які прывёў розныя статыстычныя дадзеныя па выніках навуковай і інавацыйнай дзейнасці нашага універсітэта ў папярэднім - 2007 годзе. З яго слоў прысутныя даведаліся аб навуковым патэнцыяле ГДАУ, дзе на сямі факультэтах працуе 348 выкладчыкаў, з якіх 177 ці 51% маюць кандыдацкія і доктарскія ступені. Найбольш дактароў навук працуе на зоаінжынерным (7) факультэце і факультэце ветэрынарнай медыцыны (6). З 2005 да 2007 года колькасць навуковых тэм павялічылася з 42 да 87, а атрыманых на іх рэалізацыю грошай з 527000000 да 1006000000. Атрыманы эфект ад выкарыстання навуковых распрацовак у 2007 годзе ўзрос да 5532 млн.рублёў, што азначае - на 1 рубль растрачаных грошай атрыманы больш чым 5 рублёў прыбытку. За 3 апошнія гады абаронена 23 кандыдацкія дысертацыі, выдадзены 12 манаграфій, 35 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі, праведзена 89 навуковых канферэнцый і навукова-практычных семінараў, апублікавана 1428 навуковых атрыкулаў і тэзісаў дакладаў.
Вялікія поспехі мае і студэнцкая навука. У 2007 годзе ў навуковых даследаваннях прымалі ўдзел 2470 студэнтаў, па выніках даследаванняў якіх на Рэспубліканскі конкурс былі пададзены 23 працы. Вынік удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе наступны: атрыманы 10 дыпломаў I катэгорыі, 6 дыпломаў II катэгорыі і 7 дыпломаў III катэгорыі. З работ, якія былі прадстаўлены студэнтамі ГДАУ, ніводная не аказалася без катэгорыі. Ці ёсць у рэспубліцы яшчэ хоць адзін універсітэт, які мог бы пахваліцца такімі вынікамі ўдзелу студэнтаў у аўтарытэтным конкурсе вышэйшага ўзроўню? Думаю, што няма.
Цікавым было і выступленне загадчыцы кафедры грамадскіх навук Любоў Леанідаўны Мельнікавай, якая расказала аб тым, як развіваецца зона Аўгустоўскага канала, і якія яна мае ці можа мець перспектывы.
Далей зноў пачалася мая вандроўка з фотаапаратам па секцыях, дзе выступалі ўжо салідныя навукоўцы з нашага універсітэта і госці. Першы даклад рабіла жанчына, прафесар з Ольштына (прашу прабачэння, я не змог запамінаць прозвішчы дакладчыкаў). Пасля ўступу на рускай мове яна папрасіла дазволіць ёй выступаць па-польску. Ніхто не быў супраць. На маю думку, ва умовах да нашай канферэнцыі польская мова павінна быць запісана адной з афіцыйных працоўных моў, што звязана з усё больш пашыранымі сувязямі паміж ГДАУ і універсітэтамі Польшчы. Гэтым сувязям садзейнічае блізкае сусудства, а таксама жаданне навукоўцаў з абодвух бакоў да супрацоўніцтва.
Тыдзень назад каля заатэхнічнага корпуса я спаткаў Віталя Янушку, з якім пазнаёміліся ў Варшаве, калі група нашых выкладчыкаў ездзіла у SGGW на інаўгурацыю навучальнага года. Ён там займаецца ў дактарантуры і на гэты раз наведаў Гродна разам са сваёй жонкай, якая закончыла ЗІФ, а зараз робіць навуковую працу таксама ў SGGW. Яна прыехала ў Гродна не толькі каб адведаць бацькоў, але і каб атрымаць кансультацыю свайго навуковага кіраўніка прафесара В.П.Колесеня. Калі ж на паседжанні секцыі заатэхнічных навук я даведаўся, што прысутнічае доктар навук (Postdoc) са Швайцарыі, то быў вельмі здзіўлены, бо с Сяргеем Амельчанкам, які закончыў наш ЗІФ і вучыўся ў мяне мікрабіялогіі, мы былі добра знаёмымі. Вечарам падчас вячэры, арганізаванай для гасцей, я даведаўся ад Сяргея, што ён працуе ў Цюрыху ў Інстытуце жывёлагадоўлі і займаецца вывучэннем мікрафлоры рубца буйной рагатай жывёлы пры выкарыстанні нейкіх там кармавых падкормак. Сяргей прыгадаў, як перад яго абаронай тут, у Гродна, я запрасіў яго пачаставацца трускалкамі, калі ў 2006 годзе на сваёй дачнай дзялянцы я сапраўды сабраў 53 вядры гэтай ягады і не ведаў ужо куды яе падзець. Я ўжо атрымаў ліст з Цюрыха, у якім ён напісаў, што з-за свайго ўдзелу ў нашай канферэнцыі збіўся з графіка навуковых даследаванняў, які распісаны па днях да самай восені.
Зноў, як і падчас студэнцкай канферэнцыі, давялося пабываць на ўсіх секцыях. Каб вызваліць мяне для гэтай справы, супрацоўнікі навуковага аддзела не ўключылі ў праграму ніводнага майго даклада, хаця я падаў матэрыялы на розныя секцыі: агранамічных навук, ветэрынарную і нават на тэхналагічную, паколькі мы амаль паўгода з прафесарам Магдаленай Рыгораўнай Вялічкай працавалі над тым, як адрадзіць вытворчасць воцату на Баярскім воцатным заводзе. Разам гэта зрабіць было лягчэй, паколькі Магдалена Рыгораўна выкарыстоўвала свае біяхімічныя метады, якія я ўжо крыху падзабыў, а я - мікрабіялагічныя, пасля чаго мы ўжо мелі ўяўленне аб развіцці бактэрый ацэтабактару ў кожным з ферменцёраў і маглі нешта парэкамендаваць. Вытворчасць воцату ўзрасла ў некалькі разоў, а мы так і не дачакаліся фінансавай падзякі за сваю працу з боку кіраўніцтва завода.
Прыгадваючы мінулагоднюю канферэнцыю на ветэрынарным факультэце, я спадзяваўся, што і ў гэтым годзе яна будзе працягвацца да вечара. Якое ж было маё здзіўленне, калі я патрапіў толькі на каву, якой частавалі гасцей, у тым ліку і з універсітэта ветэрынарнай медыцыны з Каўнаса. Мы паспелі з імі крыху пазнаёміцца і дамовіліся спаткацца ў іхнім горадзе, калі мы з Сяргеем Анатольевічам Тарасенкам наведаем канферэнцыю ў Каўнаскім аграрным інстытуце. На вячэру яны не змаглі застацца, паколькі атрыманая ў нашым беларускім консульстве віза заканчвалася, і яны павінны былі да пэўнага часу пераехаць мяжу. Вельмі дзіўна, што віза для кожнага з літоўскіх навукоўцаў каштавала 180 тыс. беларускіх рублёў, якраз столькі, як для нас Шэнгенская. А мы ж да гэтага часу працягваем спадзявацца, што ў літоўскім консульстве ў Гродна зразумеюць усю навуковасць нашага візіту на канферэнцыю ў Літву і не будуць браць плату за Шэнгенскую візу.
У працы канферэнцыі ўдзельнічалі член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Майсеёнак, а таксама былы сенатар РП, прафесар Мар’ян Казлоўскі.
Раніцай 12 красавіка на універсітэцкім аўтобусе мы накіраваліся ў вандроўку на Аўгустоўскі канал, каб пазнаёміць гасцей з абарончымі фартамі, Свяцкім палацам, са шлюзамі на канале. Надвор’е выдалася цудоўнае. Магчыма, мы былі першымі ў гэтым годзе, хто разаслаў на сталах абрусы, накрыў на іх нешта з закускі, і далей канферэнцыя працягвалася ўжо ў нефармальных умовах. Акрамя польскіх навукоўцаў, прысутнічалі і іх студэнты, якіх напярэдадні вечарам нашы хлопцы з БРСМу вадзілі на адпачынак ў “Стоп-Лайн”. Якое ж было маё здзіўленне, калі пазней даведаўся, што і суботні вечар польскія студэнты праводзілі там жа. На канале з намі адпачывалі і ўдзельнікі канферэнцыі, якія прыязджалі з Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання, а таксама з РУП “Інжынерна-тэхнічны цэнтр “Плодаагароднінапраект” (г. Мінск).