Навуковая частка канферэнцыі завяршылася, і яна мела поспех. Перакананы, што пасля гэтай канферэнцыі актывізуецца праца па больш поўным аднаўленні гісторыі памежных войск Беларускай акругі. На аўтобусах удзельнікі канферэнцыі адправіліся ўскласці кветкі да мемарыяльнага помніка воінам-памежнікам у Гродна. А ўжо далей шлях ляжаў на знакамітую заставу В.П.Усава.
Па дарозе Святлана Куль-Сельвестрава распавядала аб гісторыі мясцін, якія знаходзяцца ў раёне Аўгустоўскага канала. Па асобных пытаннях даваў тлумачэнні Сяргей Піваварчык. Праехалі па самым доўгім калісьці мосце ў свеце праз рэчку Ласасянку, шлях па якім пасля 1796 года працягваўся аж 13 дзён. За Рацічамі з правага боку пабачылі магілы воінаў Першай сусветнай вайны. Аб іх існаванні так блізка ад дарогі я даведаўся ўпершыню, хаця не першы раз за год ехаў да Аўгустоўскага канала. Упершыню даведаўся, што першы па дарозе форт на ўскрайку леса прызначаўся для таго, каб воіны маглі ўвайсці ў яго для адпачынку перад ці пасля бою. Шкада, праехалі і не спыняліся. Адкрыццём было і тое, што палац Валовічаў у Свяцку быў не парадным, а вельмі прыстасаваным для жыцця. У рэгіёне канала раней было чатыры Свяцкі, у тым ліку і Свяцк Сапоцкін, ад назвы якога засталася толькі другая палова.
На заставе Віктара Усава нас ужо чакалі, пэўна з імі звязаліся па мабільным, а магчыма нас загадзя пабачылі на маніторы. Застава ж знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да мяжы! Госці разам са службоўцамі ўсклалі кветкі да помніка на тэрыторыі заставы, а затым зрабілі сумесны здымак. Намеснік камандзіра папрасіў для фотаздымка стаць разам і салдат, патлумачыўшы, што ўпершыню на заставе прысутнічае так шмат вучоных. Пасля гэтага быў музей заставы, падрабязная экскурсія па якім суправаджалася ўдакладненнямі, нават спрэчкамі прысутных па асобных пытаннях. Нас пачаставалі свежым бярозавым сокам у салдацкіх кубках, а затым запрасілі на невялікі фуршэт на бераг ці то канала, ці то Чорнай Ганчы. Частавалі ухой з мясцовых ласосяў (?), шашлыкамі, свежай цыбуляй, радыскай, салам, мясам, рыбай, якія, здаецца, вырашчаны ці злоўлены тут на месцы. А яшчэ разам з намі былі удзельнікі мастацкага калектыву з Мінска “Чысты голас”, якія не першы год даюць канцэрты на заставах, што знаходзяцца на межах Беларусі. Нефармальная частка канферэнцыі была такой жа высокаарганізаванай, як і фармальная. І ў заключэнні некалькі фотаздымкаў.
На вуліцы Савецкіх памежнікаў. Злева генерал-маёр Воінскі А.М., Абызаў А.Б., Песціс В.К., палкоўнік Баўфалік Р.І., генерал-маёр Кульціясаў У.К., падпалкоўнік Шумейка С.С.
Тамсама каля помніка загінулым воінам памежнікам
Ветэраны ў адным страю
Фотаздымак удзельнікаў канферэнцыі каля помніка пасля ўскладвання кветак
Намеснік начальніка памежнага атрада палкоўнік Баўфалік Раман Іванавіч сустракае гасцей на заставе
Агульны здымак гасцей з канферэнцыі з асабістым складам заставы Усава
З экспанатамі музея заставы Віктара Усава знаёміць маёр Сідараў Барыс Яўгенавіч (справа)
Удзельнікі калектыву “Чысты голас” спяваюць для гасцей і гаспадароў заставы
Таксама на прыродзе Ларыса Іванаўна Юніна, Юрый Анатольевіч Афанасьеў, Уладзімір Паўлавіч Верхась і Вольга Ікіфакаўна Сіроткіна