З 9 да 16 чэрвеня разам з навуковым кіраўніком Марцінам Бекта ў Гродна на практыцы пабывала група студэнтаў, якія займаюцца на факультэце турызму Акадэміі гуманістычнай імя Аляксандра Гейштара Цеханаве (РП). Гэта ўжо трэцяя паездка студэнтаў з гэтай навучальнай установы суседняй краіны, з якой у нас існуе дамова аб супрацоўніцтве. І калі раней да нас прыязджалі студэнты на пераддыпломную практыку, дык у гэты раз прыехалі тыя, хто навучаецца яшчэ на 1 і 2-м курсах.
Аб сваім прыездзе яны патэлефанавамі яшчэ з мяжы і таму наш супрацоўнік аддзела па знешніх сувязях Павел Барадзін вельмі хутка аформіў для іх усе дакументы для рэгістрацыі ў той жа дзень. Вечарам мы хадзілі з гасцямі па гораду, і не адзін раз мне даводзілася чуць выказванне гасцей “як файна!” А Марцін падкрэсліваў, што рабіце вывады самі – ці адпавядае рэальнасць таму, што яны чулі са сродкаў масавай інфармацыі Польшчы. Мы дайшлі з імі да Каложы, прагуляліся па набярэжнай Нёмана, а ў пачатку вуліцы Савецкай мы паспрабавалі з імі розных гатункаў беларускага піва. Вяртаючыся назад прайшліся па даліне Гараднічанкі, хацелі яшчэ паглядзець на фантан ў парку Жылібера, але ён такой позняй парой ўжо не працаваў. Раніцай наступнага дня адбылася сустрэча практыкантаў з прарэктарам па навуцы ГДАУ Сяргеем Тарасенкам, які шмат пытанняў задаў ім па вучобе, па занятках бацькоў, складу сям’і. Аказалася, што ў двух студэнтаў у сем’ях ёсць яшчэ шмат братоў і сёстраў.
У наступныя дні госці наведалі музеі, зрабілі вандроўку ў Мінск і вярнуліся да Гродна. Разам з імі мы заказалі невялікі бус і паглядзелі практычна ўсе аб’екты ў зоне Аўгустоўскага канала. Спыніцца для абеду вырашылі на стаянцы, якая раней лічылася пад нумарам 2. Аказалася, што зараз там пабудаваны нават невялікія домікі для адпачываючых, ёсць пэўныя ўмовы сэрвісу і ўсім гэтым загадвае наш былы выкладчык з кафедры грамадскіх навук удваіх Ілля Серада са сваім сябрам. Так што нам дазволілі, мабыць у апошні раз, пасядзець за сталом дарма.
У праграме візіту нашых польскіх гасцей было наведванне Друскенікаў, куды яны і накіраваліся 16 чэрвеня. Мы дамовіліся, што восенню гэтая ж група студэнтаў яшчэ раз прыедзе ў Гародню каб паглядзець, як выглядае горад асенняй парою.