Калі ў 1979 годзе я заканчваў ГСГІ, мікрараёна “Дзевятоўка” яшчэ не было і толькі з вокан нашага інтэрната недзе далёка былі бачны першыя тры шматпавярховыя будынкі. Адразу за стадыёнам пачыналіся бяскрайнія палі вучэбнага калгаса “Прынёманскі”. Ранкам да заняткаў мы маглі прабегчыся кола ці два, і гэтая адлегласць складала 3 ці 6 км. Вакол па вясне шчабяталі жаўрукі, кігікалі кнігаўкі. Уздоўж адзінай вуліцы Дзяржынскага працягвалася бясконцая вішнёвая алея, якую тады называлі “Алея кахання”. Нейкі кавалак зямлі быў адведзены для таго, каб будучыя аграномы маглі навучыцца ездзіць на розных марках трактараў, араць, устанаўліваць нормы высеву на сеялках, працаваць на камбайнах.
На паўночным усходзе ад галоўнага корпуса размяшчаўся пладовы пітомнік, у якім мы вучыліся прывіваць розныя сарты яблынь на невялікія падвоі. Папрасіў некалькі галінак, каб паспрабаваць прывіць у сябе на вёсцы. Удалося. Толькі, калі з’явіліся першыя яблыкі, аказалася што на адной яблыні раслі не толькі Кандзіль-кітайкі, але вырасталі па тры-чатыры сарты, прычым, як самыя раннія, так і самыя познія. А на ўсходзе за сеткавым плотам стаялі вуллі нашай пчалапасекі. Прайшлі гады, і ад тых прастораў не засталося нават маленькага месца. Тэрыторыя аказалася забудаваная як жылымі будынкамі, так і гаражамі.
У гэтым годзе з усходняга боку так званага новага корпуса быў выкраены ўчастак зямлі і абнесены высокім бетонным плотам. Як аказалася, ён прызначаўся пад калекцыйны пітомнік для вырошчвання на невялікіх дзялянках самых розных сельскагаспадарчых культур, у тым ліку, і гародніны. Наяўнасць такога пітомніка дасць магчымасць праводзіць заняткі па вывучэнню раслін без далёкіх пераездаў на вопытнае поле. Звычайна з такіх дзялянак робяцца нарыхтоўкі на зімовы час, і нават кафедра мікрабіялогіі карыстаецца яго ўраджаем. Мы атрымліваем льносаломку, на якой ставім пектынавае браджэнне і пасля вывучаем узбуджальнікаў яго, якія вельмі падобны на ўзбуджальніка батулізму. Таму вынікамі карыстаюцца не толькі будучыя аграномы, зоаінжынеры, але і ветэрынарныя ўрачы, а частку прэпаратаў-мазкоў мы перадаём штогод і ў медыцынскі універсітэт.
Каля корпуса раслінаводства я спаткаў студэнтаў 1 групы 3 курса агранамічнага факультэта. Частка з іх з нажоўкамі адпраўлялася на практыку ў лес ці сад, а другая з невялікімі мяшочкамі з насеннем розных раслін - на новы калекцыйны пітомнік, пабываць на якім і засведчыць факт першага ў гісторыі засеву яго пажадаў і я. Які будзе ўраджай культур пакажа час. Была нават прапанова насыпаць насення дзе-небудзь з краю, каб птушкі панаядаліся і не краналі калекцыйныя дзялянкі, але яна не прайшла. Паколькі тады карміцца, магчыма, пачалі б прылятаць птушкі з усяе Гародні. Вырашылі проста сеяць больш густа. Як працавалі студэнты ў першы дзень сяўбы на калекцыйным пітомніку, глядзіце на фотаздымках.