11 мая 2009 года вялікая дэлегацыя з Варшаўскага аграрнага пабывала ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, дзе бліжэй пазнаёмілася з яго працай. Падчас побыту былі падпісаны ўзгадненні для працягу супрацоўніцтва у галіне вучэбна-метадычнага працэсу, а таксама сумеснай навукі. На гэты раз Гарадзенцы сустракалі новага рэктара SGGW Алойзу Шыманскага, прарэктараў, дэканаў і проста прафесараў з Варшавы, якія прыехалі разам з ім.
Якраз пры сустрэчы з рэктарам ГДАУ Вітольдам Казіміравічам Песцісам за вялікія заслугі ў супрацоўніцтве паміж нашымі універсітэтамі быў узнагароджаны знакам “За заслугі перад універсітэтам” прафесар кафедры эканомікі Багуміл Стжыжэўскі, праз якога і падтрымліваліся кантакты на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Нават мне прыходзілася сустракацца за апошнія гады ці не з дзесятак разоў з прафесарам Багумілам, які бываў і ў Гродна, а на тэрыторыі Польшчы заўсёды апекаваўся нашымі дэлегацыямі. Пайшоў на павышэнне і былы дэкан факультэта жыўлення жывёл Ян Немец, які нядаўна стаў прарэктарам па навуковай працы. Менавіта з яго факультэтам на працягу шмат гадоў вялося супрацоўніцтва. У сучасны момант, пасля таго, як ў ГДАУ адчыніўся інжынерна-тэхналагічны факультэт, Варшаўскі аграрны становіцца для нас найбольш цікавым і ў гэтым накірунку, як самы блізкі універсітэт да Гродна што рыхтуе адпаведных спецыялістаў. Шкада, што я аб гэтым не ведаў, калі ездзіў у 2006 годзе на стажыроўку у Краснадар, аграрны універсітэт якога лічыцца самым лепшым на тэрыторыі Расіі. Але ж ехаць туды цягніком давялося два дні, у той час як да Варшавы можна даехаць за 4 гадзіны.
Як заўсёды экскурсійная частка была за мною. Разам з гасцямі на наступны дзень мы хадзілі па Гродна, любаваліся архітэктурай, адноўленай Швейцарскай далінай. Нават у Фарным касцёле пасля таго, як даведаліся, што гэта за дэлегацыя, дазволілі фатаграфаванне. Не ведаю наколькі Варшавяне разумелі маю гаворку на “трасянцы”, бо па-польску я не размаўляю, але некалькі асоб прызналіся, што іх карані сягаюць на тэрыторыю Беларусі. Калі я прыгадаў у якім захапленні мы былі ад інаўгурацыі навучальнага года ў Варшаўскім універсітэце, то пан рэктар сказаў, што трэба каб прыехалі яшчэ. Пасля абеду накіраваліся на Аўгустоўскі канал. Плавалі разам і на ўсход і на захад каб пабачыць, як адбываецца шлюзаванне пры спуску цеплахода на ніжэйшы ўзровень, а затым пры падняцці яго. Надвор’е выдалася з хмарамі, але фотаздымкі канала атрымліваліся як ніколі добра, у чым можна пераканацца з фотаздымкаў змешчаных далей. Мы пабачылі некалькі адкрытых для наведвальнікаў канала дзотаў, шмат розных птушак, якіх нашы госці, як аказалася добра ведалі. Магчыма без іх я столькі розных лятаючых ў паветры аб’ектаў і не заўважыў бы. Вечарам у Свяцкі палац нас не пусцілі, паколькі была толькі ахоўніца яго. Яна параіла нам прайсціся па старой алеі і паглядзець як лебедзь сядзіць на яйцах. Уражанне ад гэткай прыгажосці было што трэба. Заглянулі па дарозе назад і на Гродзенскі форт часоў Першай сусветнай вайны…