Калі прыгадаць, дык толькі два студэнты з далёкага замежжа закончылі наш універсітэт (магчыма, іх было і больш). На факультэце аховы раслін недзе ў 90-я гады вучыўся студэнт з Марока – Бендузан Сіммухамед Салахавіч, які ажаніўся на нашай студэнтцы і ў іх нарадзілася дзіця. На працу яны былі размеркаваны на нейкую вопытную станцыю па бураках, а затым паехалі жыць у Марока. Амід Хусэйн з Ірану вычыўся на ЗІФе ўжо пры маёй памяці ў 1997-2002 гадах. Я выкладаў у іх мікрабіялогію. Аднойчы запытаў Аміда: “Як там у Іране закладваюць сілас?” – “Не ведаю, - адказаў ён, - я ж родам з горада, а не з вёскі”. Але, як аказалася, вучоба ў нашым універсітэце не прапала дарэмна. На радзіме бацька Аміда купіў для яго ферму буйной рагатай жывёлы. Падчас свайго прыезду ў Беларусь Амід наведаў дэканат зоаінжынернага факультэта, дзе хваліўся сваімі поспехамі у жывёлагадоўлі і, асабліва, высокімі надоямі малака ад сваіх кароў. Але вось зараз, рыхтуючы гэты матэрыял, я адшукаў Аміда на сайце нашых былых выпускнікоў. Ён аказаўся ў ЗША з мэтай далейшай вучобы.
З гэтага года на падрыхтоўчым аддзяленні нашага універсітэта займаецца некалькі замежных студэнтаў, з часткай з якіх я выпадкова пазнаёміўся, трапіўшы на іх заняткі па рускай мове. За кароткі час хлопцы, якія прыехалі з Пакістана і Эквадора, настолькі засвоілі мову, што могуць ужо свабодна размаўляць на ёй. Было да мяне шмат пытанняў і ў той жа час яны не прамінулі расказаць пра сябе: адкуль прыехалі, што вывучалі ў школе. Зараз ужо заўсёды вітаюцца і перажываюць, што я працую не ў тым корпусе. Кожны запісаў для мяне свой электронны адрас, нумар мабільнага тэлефона. Сярод іх: будучыя ветэрынарныя ўрачы, эканамісты, а магчыма і іншыя спецыялісты-аграрыі. Вядуць заняткі ў двух групах студэнтаў нашы выкладчыцы Зінаіда Яўхімаўна Садоўская і Вольга Пятроўна Галубовіч.
Хлопцы скардзіліся, што часам іх тут у Гродна блытаюць з афганістанцамі (я так думаю з “душманамі”) і я разумею, што гэта вельмі непрыемна, асабліва, калі магчымы сустрэчы з нашымі афганцамі - тымі, хто там, з-за неразумнай палітыкі кіраўніцтва былога Саюза, ваяваў і чые блізкія сябры засталіся назаўсёды маладымі. Неяк у Мінску я дапамагаў свайму сябру-мастаку развешваць карціны ў выставачнай зале Чырвонага касцёла. Пасля вяртання з Афганістана нейкі час усе свае абразы ён маляваў уласнай крывёй, але тая, апошняя выстава, была з твораў, намаляваных звычайнымі фарбамі, хоць на ёй былі малюнкі з мноствам крыві. У залу зайшоў малады хлопец, які прадставіўся туркменам. Мы нават разам з ім тады фатаграфаваліся. Але, мастак раптам загаварыў па-афганску (ён выказаў нейкія абразлівыя фразы, якімі здзекваліся душманы з нашых салдат) і адчуў, што гэты туркмен яго зразумеў. Адразу ж пасля гэтага “душман” быў жорстка выгнаны “абцасам пад зад”. Нашых абітурыентаў затрымліваюць і міліцыянеры, на якіх не дзейнічаюць студэнцкія білеты. Яны патрабуюць з затрыманых дадатковыя даведкі з месца вучобы.
Не звяртаючы ўвагі на праблемы, хлопцы-іншаземцы спадзяюцца, што ў наступным годзе на вучобу ў ГДАУ прыедуць і іхнія знаёмыя з тых мясцін, адкуль яны і самі паходзяць. Мабыць, яны з імі на гэты конт ужо кансультаваліся. А паходзяць пакістанскія абітурыенты, з якімі я пазнаёміўся, з горада Сіялкот, што знаходзіцца ў правінцыі Панджаб. Так што пачатак ёсць, ГДАУ пачынае рыхтаваць спецыялістаў для замежных краін. У Гродна я яшчэ пакуль не сустракаў сапраўдных амерыканскіх індзейцаў, якія, магчыма, вядуць свой радавод ад зніклай цывілізацыі Майя. А наш універсітэт такога ўжо мае ў асобе прадстаўніка індзейскага племені з Эквадора Саранго Хуманці. Я нават чуў, што па прыездзе ў Беларусь нашы абітурыенты пацікавіліся, чаму ім трэба вывучаць рускую мову, а не беларускую. Мне здаецца, што яны яе і вывучылі б. Але тады ўсіх нас, выкладчыкаў трэба было б накіраваць на курсы па вывучэнню роднай мовы.
Выпадкова даведаўся ад Дзіны Міхайлаўны Марозавай, якая ўзначальвае аддзел знешніх сувязей нашага універсітэта, што ў гэтым годзе з Эквадора даслалі заяўку з просьбай узяць на вучобу 70 абітурыентаў, але запрошаны будуць толькі 20. Прычым, будучыя студэнты пытаюцца, ці ёсць у Гродна дзе займацца бальнымі танцамі. І далей некалькі фотаімгненняў з нашага знаёмства з будучымі студэнтамі-іншаземцамі ГДАУ.