Канферэнцыя пад такой назвай праходзіла 14 і 15 мая. Падчас яе працавалі наступныя секцыі: эканамічных, агранамічных, Заатэхнічных, ветэрынарных і тэхнічных навук. Было вельмі прыемна тое, што дыяпазон гасцей канферэнцыі меў шырокі геаграфічны арэол – Беларусь, Расія, Польшча, Украіна, Літва…
Напярэдадні пачатку працы секцый мо позна вечарам вярнуліся з вандроўкі на Аўгустоўскі канал. Нягледзячы на столь позні час я заглянуў у інтэрнат, дзе размяшчаліся госці. Трэба было пабачыць літоўскую дэлегацыю, бо яны прывезлі для мяне зборнік матэрыялаў з публікацыяй гэтага года, выдадзены ў Літоўскім сельскагаспадарчым інстытуце (г.Каўнас). Удзельнікі ж нашай канферэнцыі прыехалі з таго ж Каўнаса, але з Літоўскай ветэрынарнай акадэміі. Праз іх я павінен быў перадаць пэўную суму грошай за публікацыю. І аб усім гэтым мы дамаўляліся праз электронную пошту.
Кожны год гасцямі з Літвы апякуецца Леў Барысавіч Заводнік, які з імі супрацоўнічае па навуковай працы. Ён быў з імі таксама на месцы, і, што мяне вельмі здзівіла, у нефармальнай размове прымаў ўдзел і прадстаўнік Пензенскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі – Міхаіл Невітаў. Што значыцца навука – яна збліжае паміж сабой народы. Мяне сустрэлі вельмі ветліва, пачаставалі літоўскім каньяком, а з сабою для маёй жонкі перадалі бутэльку літоўскага піва. Сам здзіўляюся як у гэтым годзе не падаў матэрыялаў на ветэрынарную секцыю…Таму на наступны дзень мы пабачыліся з А.Шымкусам тады, калі я зайшоў сфатаграфаваць паседжанне секцыі, а ён ужо рабіў свой даклад. Заглянуў яшчэ на паседжанне секцыі заатэхнічных навук, на якой было шмат гасцей з суседняй Польшчы. Паколькі ў самога былі запланаваны тры даклады, то зусім забыў наведаць секцыі агранамічных і тэхнічных навук.
Не пабываў я і на адпачынку гасцей ў Каробчыцах, дзе знаходзіцца база адпачынку “Амадэус”. Прычым я ўвогуле ні разу там не быў. А таму зусім не магу прадставіць яе ў фотасесіі, якую глядзіце далей.
У прэзідыуме секцыі ветэрынарнай медыцыны дэкан факультэта Міхаіл Каўрус (злева) і прафесар Віктар Малашка
Падчас паседжання на першым плане Леў Заводнік і Міхаіл Невітаў
І толькі зараз зразумеў, што на канферэнцыі прысутнічаў і Віталь Янушка з Варшаўскага аграрнага, а магчыма нават і з жонкай (сядзіць побач)
Выступае А.Шымкус – прадстаўнік Літоўскай ветэрынарнай акадэміі з Каўнаса
На заатэхнічнай секцыі выступае госця з Ольштына
Іншыя ўдзельнікі секцыі заатэхнічных навук – злева Валянцін Лучко (эколаг з ГДУ імя Я.Купалы, пчаляр-аматар)
Таксама нашы госці з Ольштына
І ўсё ж такі “Амадэус” сярод фотаздымкаў, аўтарства якіх не ведаю, я адшукаў
Не ўпэўнены, што “маладажоны” - нашы студэнты, але за возчыка спраўляецца студэнт ФВМ Макарэвіч Саша