Дэлегацыя гарадзенцаў пабывала на навуковай канферэнцыі “Бяспека чалавека і прыроды”, якая штогод праводзіцца ў Літоўскім сельскагаспадарчым універсітэце, які знаходзіцца ў г. Каўнасе. Інфармацыя аб канферэнцыі была змешчана ў раздзеле навін на сайце ГДАУ. У аргкамітэце было прадстаўлена і некалькі прафесараў з Беларусі (з ГСГА). Запрошанымі на канферэнцыю ад нашага універсітэца аказаліся толькі мы з Сяргеем Анатольевічам Тарасенкам. Мяне асабіста “выводзілі з сябе” патрабаванні, якія прад’яўляюцца да артыкулаў, якія ад пачатку мне паказаліся зусім не выкананымі. Але, пасля рэцэнзавання, мне даслалі, як узор, матэрыялы падрыхтаваныя прафесарам Анатолем Карташэвічам з Горак і тады структура артыкула стала больш зразумелай.
Для паездак у Літву зараз патрэбна Шэнгенская віза, за якую нам аніяк не хацелася плаціць па 60 еўра. Таму былі званкі ў консульства з Каўнаса, дасланы запрос ад імя універсітэта, зацверджаны міграцыйнай службай Літвы, просьба ад імя нашага універсітэта... Мы ўжо згодны былі не ехаць, калі ў консульстве сказалі: вы паедзеце. Хоць неабходных для гэтага папер (дамовы на ўзроўні міністэрстваў адукацыі дзвюх краін) мы не мелі. Як бы там ні было, нам пашчасціла больш, чым нашым калегам з Каўнаскага ветэрынарнага універсітэта, якім, каб патрапіць на канферэнцыю ў ГДАУ, давялося заплаціць ў беларускім пасольстве ў Літве суму, эквівалентную нашым 180 тысячам. Не зусім мы паспявалі і з атрыманнем візы. Дапамог былы старшыня грамадскага аб’яднання літоўцаў Альгідас Дзіргінчус. Я толькі падышоў да ахоўніка консульства, як той дастаў са сваёй кішэні пашпарты і працягнуў мне. Дзякуючы гэтаму, мы адправіліся ў Каўнас на адзіным маршрутным аўтобусе, а не на аўтамабілі. Няшчасныя польскія калегі вырашылі даехаць у Каўнас на сваім транспарце, які зламаўся недзе ў Сувалках, і яны ледзь трапілі на канферэнцыю.
Аўтобус Гродна-Каўнас пасля Друскенікаў віхляе па розных населеных пунктах, за вокнамі паўсюль бачны хутары, неапрацаваныя тэрыторыі, якія пакрыху дзе-нідзе ўжо зарастаюць хмызняком. Вельмі мала сельскагаспадарчай тэхнікі, а калі і відна дзе, дык пэўна яшчэ набытая ў савецкія часы. Магчыма, не ўся літоўская тэрыторыя выглядае так. Яшчэ заўважаем, што нідзе не відаць будаўнічых кранаў, не надта рэстаўруюцца і старыя будынкі. Здавалася, абмяркуем між сабой і будзем маўчаць, каб не пакрыўдзіць гаспадароў канферэнцыі. Але, як аказалася, не толькі я ўставіў убачанае ў сваё выступленне, але і Сяргей Анатольевіч таксама.
Перад самым адпраўленнем аўтобуса я адправіў па электроннай пошце паведамленне ў адрас аргкамітэта аб тым, што прыедзем у 19 гадзін 20 хвілін аўтобусам. На месцы мы не пашкадавалі аб гэтым. Сяргей Анатольевіч гаворыць: “Вось ідзе нейкі інтэлігентны чалавек, у яго і запытаем, як дабрацца да сельскагаспадарчага універсітэта”. Гэтым чалавекам аказаўся каардынатар канферэнцыі, загадчык Міжнароднага аддзела Мінвідас Ліегус, які сустракаў нас на аўтамабілі. Мы падняліся на 4 узровень аўтамабільнай стаянкі, адкуль адкрываўся даволі прыгожы від на Нёман, які мае такія ж высокія і крутыя берагі, пакрытыя сасновым лесам, як і ў Гродна. Ён і давёз нас да месца пражывання, дзе камендант выдала нам ключы і папярэдзіла, што можам карыстацца мікрахвалёвай печкай і электрачайнікам. Пражыванне наша каштавала 40 літаў, што раўназначна кошту пакоя ў гатэлі якога-небудзь Слоніма. Размяшчэнне універсітэцкага гарадка прасторнае як і ў Варшаве ці Краснадары, дзе ёсць магчымасць для пашырэння, будаўніцтва і вопытнага поля, чаго не маем ужо мы тут у Гродна. Па дарозе мы даведаліся, што па колькасці студэнтаў Каўнаскі універсітэт і ГДАУ амаль аднолькавыя. Плата за вучобу, як аказалася, амаль у два разы меншая, чым у нас. У планах міністэрства адукацыі Літвы пашырэнне набору на бясплатную форму адукацыі, паколькі платная, па словах Мінвідаса, не адпавядае Канстытуцыі краіны.
Канферэнцыя пачалася 15 мая ў 10 гадзін раніцы. Мы з усіх удзельнікаў з’явіліся першымі. Калі прыйшлі навукоўцы з Санкт-Пецярбургскага універсітэта чыгуначнага транспарту, ад іх мы даведаліся аб паспяховай пераможнай гульні “Зеніту”, мы іх павіншавалі з гэтай перамогай. Самі, на жаль, з телеперадач не маглі даведацца аб гульні, паколькі ўсе каналы працавалі толькі па-літоўску. Выступалі мы на розных секцыях. Пасля выступлення атрымаў шмат пытанняў аб мошках і камарах, і ці моцна яны кусаюцца ў Беларусі. Паколькі, як аказалася, для Літвы гэта праблема. І сапраўды, яны не звярталі ўвагі на ранішні холад на вуліцы і спрабавалі нас пакусаць. У Гродна я пакуль яшчэ ў гэтым годзе не бачыў ніводнага камара. Літоўцы рабілі даклады на сваёй мове. Даклады былі аб мікрабіялагічных аб’ектах, аб раслінах, але зразумець, аб чым ішла размова было немагчыма. Я не вытрымаў і запытаў дэкана экалагічнага факультэта: “Што расказвалі аб баршчавіку сасноўскага?”- ”Як з ім змагацца”, - быў адказ. Таму я вырашыў паслухаць выступленне нашага прарэктара па навуцы С.А.Тарасенкі і зрабіць пару здымкаў. Ён яшчэ выступаў, калі я з’явіўся ў аўдыторыі. Атрымаў шмат пытанняў як ад вядучых, так і ад іншых удзельнікаў секцыйнага паседжання. Я вярнуўся на сваю секцыю, дзе атрымаў вельмі прыгожы сертыфікат, які сведчыў аб маім выступленні, а вядучы секцыі падараваў мне ілюстраваны альбом тэрыторый Літвы, якія знаходзяцца пад аховай.
Кава-паўза ў нас была агульная з іншай секцыяй, у рабоце якой удзельнічалі навукоўцы з Познані. Было вельмі прыемна пазнаёміцца з імі, паколькі ў Познані калісьці аказаўся аграрны факультэт Віленскага універсітэта, які увесь міжваенны перыяд рыхтаваў кадры для сельскай гаспадаркі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля вайны і вучоныя і студэнты пераехалі ў Польшчу. Паколькі і ў Вільні, і ў Познані ў архівах захоўваюцца справы гэтых студэнтаў, іх дыпломныя працы, я мару аб тым часе, калі змагу з імі папрацаваць. Мы дамовіліся, што прадстаўнікі Познаньскага аграрнага універсітэта будуць прымаць удзел у канферэнцыях ГДАУ і запрашаць нас на свае. Перад пачаткам пленарнага паседжання бліжэй пазнаёміліся з Санкт-Пецярбургскімі навукоўцамі. Я выказаў шкадаванне, што па тэме іхняй канферэнцыі ў мяне не будзе матэрыялу, але яны сказалі, што заплануюць секцыю, на якой я змагу выступіць з дакладам ці даслаць матэрыял, які я ім прапанаваў. Праца вялася не толькі у гэтым накірунку. Неаднаразова з кіраўніцтвам Каўнаскага універсітэта, у тым ліку і з прарэктарам па навуцы, мы абмяркоўвалі пытанне, як агульнымі намаганнямі дабіцца адмены платнай Шэнгенскай візы для такіх навуковых кантактаў. У заключэнні пленарнага паседжання мы падаравалі гаспадарам экзэмпляр кнігі “Песня пра зубра”, выдадзены на 6 мовах, у тым ліку і на літоўскай. На жаль, усе запасы гэтай кнігі ў Гродна ўжо скончыліся. Няма іх і ў Польшчы.