У гэтым матэрыяле будуць прадстаўлены толькі нашы страты. Аб іх мы павінны памятаць, па магчымасьці нават памаліцца. І трэба спадзявацца што Новы год не прынясе ўніверсітэту такіх цяжкіх стратаў.
Першым за апошні час пайшоў з жыцця доктар тэхнічных навук Пацеха Валянцін Леанідавіч, які некалькі гадоў працаваў на кафедры тэхнічнай механікі і матыматыкі інжынерна - тэхналагічнага факультэта, а з 2010 да 2020 года быў загадчыкам кафедры. Ніколі і ніхто са студэнтаў не гаварыў, што маюць нейкія праблемы па дысцыпліне ў гэтага выкладчыка.
На здымку Валянцін Леанідавіч Пацеха крайні справа, 2016 год
Зінаіда Васільеўна Апановіч – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, працавала на кафедры хіміі, якая ў апошнія гады адносіцца да інжынерна - тэхналагічнага факультэта, з 1989 года. Заўсёды вясёлая, спагадлівая, сяброўская. Удзельнічала ў розных канферэнцыях і пасля адной такой, якая адбывалася пры РІВШы, дзе мы з ёй разам і ўдзельнічалі, пасябравалі. Была душой любой кампаніі, мела і высокі рэйтынг па выніках завяршэння кожнага вучэбнага года, акрамя шматлікіх публікацый, мела некалькі патэнтаў.
Эдуард Уладзіміравіч Заяц – кандыдат тэхнічных навук узначальваў кафедру механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці з 1999 да 2021 года. Заўсёды сустракаліся з Эдуардам Уладзіміравічам на прыёмцы вопытаў на працягу многіх гадоў, паколькі я або ўваходзіў у склад камісіі. За сваю працоўную дзейнасць Эдуард Уладзіміравіч меў больш 300 навуковых публікацый, выдаваў падручнікі, па якіх займаюцца студэнты ўніверсітэта, аформіў 90 патэнтаў на свае тэхнічныя адкрыцці.
Людміла Васільеўна Карватоўская – кандыдат эканамічных навук, дацэнт, працавала ў ГДАУ з 2004 года, а з 2006 да 2017 года была дэканам факультэта бухгалтарскага ўліку, для развіцця якога прыклала шмат намаганняў. З лютага 2017 года і да апошняга дня свайго жыцця працавала дацэнтам кафедры бухгалтарскага ўліку і кантролю ў АПК. Людмілу Васільеўну любілі выкладчыкі і студэнты.
Аляксандр Уладзіміравіч Глаз – доктар ветэрынарных навук, прафесар, працаваў на зоаінжынерным факультэце, дзе з 1996 года ўзначальваў кафедру ветэрынарыі. Пасля адкрыцця факультэта ветэрынарнай медыцыны з 2002 года значаліў кафедру акушэрства і мікрабіялогіі і такім чынам нейкі час мне пашанцавала працаваць пад яго кіраўніцтвам, пакуль не была створана асобная кафедра мікрабіялогіі і эпізааталогіі. Гэта быў урач ветэрынарнай медыцыны ў другім пакаленні, бо і бацька яго меў такую ж спецыяльнасць. А сын Аляксандр Аляксандравіч, трэцяе пакаленне, і зараз працуе на факультэце. Аляксандр Уладзіміравіч лячыўся ад анкалогіі. Бываў на занятках да апошняга.
Калясень Марына Аляксандрава – кандыдат сельскагаспадарчых навук, загадчык кафедры фітапаталогіі і хімічнай аховы раслін. Пайшла з жыцця таксама з-за анкалагічнага захворвання. Калегі па ўніверсітэту, а таксама былыя студэнты, збіралі грошы, каб у Марыны Аляксандраўны была магчымасць паехаць на лячэнне ў Ізраіль. Яна мужна трымалася, удзельнічала ў капусніках і прысвячэннях першакурснікаў у студэнты да апошняга дня.
Пётр Леанідавіч Тарасенка – кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры агульнага земляробства. З ім амаль на працягу ўсіх 24 гадоў маёй працы мы сумесна займаліся навуковымі даследаваннямі: агратэхнічнымі работамі, даглядам за культурамі і ўборкай іх кіраваў Пётр Леанідавіч. Я займаўся ўсімі мікрабіялагічнымі даследаваннямі глебы ў варыянтах нашых вопытаў, адпраўляў сваіх дыпломнікаў кансультавацца да яго перад абаронай, а сам дапамагаў разабрацца ў мікрабіялагічных паказніках глебы яго дыпломнікам. Апошні раз мы з ім пабачыліся на лінейцы 1 верасня 2021 года. Ніхто і падумаць не мог, што больш мы не пабачымся.