Я ўжо выходзіў з галоўнага корпуса, калі пабачыў, што зайшлі ў яго іншаземцы. Пацікавіўся і аказалася, што гэта нашы студэнты, якія паступілі ў гэтым годзе ў ГДАУ і прыйшлі каб засяліцца ў інтэрнат. Чатыры чалавекі з іх былі з Туркменіі, два з Эквадора (адзін з іх прыехаў вучыцца яшчэ толькі на падрыхтоўчае аддзяленне) і два з Турцыі.
Нядаўна мая жонка ездзіла ў Парыж на пару дзён, дык там яе з сяброўкамі сустрэў мой былы студэнт, які і жыллё падшукаў таннае, а яго дзяўчына, якая больш ведала горад правяла экскурсію. Вось і зараз уяўляю, што праз нейкі час у нас будуць знаёмыя і ў Турцыі, куды шмат хто едзе на адпачынак. Год таму назад на сайце была ўжо інфармацыя аб нашых абітурыентах з Пакістану і Эквадора, ды і гэтыя студэнты першакурснікі не адмовіліся сфатаграфавацца. З размовы я зразумеў, што з Туркменіі ў бліжэйшыя дні прыедзе яшчэ 40 студэнтаў на падрыхтоўчае аддзяленне і першы курс. Пакуль што большасць жадае вучыцца на нашым эканамічным факультэце, але ёсць ужо і будучыя аграномы і ўрачы, якія атрымаюць праз 5 гадоў дыпломы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта. З падрыхтоўчага аддзялення ГДМУ сёння прынёс дакументы на 1 курс ЭФ Алланазараў Мейліс.