Выстава, арганізаваная з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва паміж суб’ектамі гаспадарання краін, якія маюць агульныя межы (Беларусь, Літва, Польшча, Расія), адбылася 30.09 – 2.10.2009 года ў павільёне ГУ ЦСК “Нёман”. Хацелася пабачыць, што ж прадстаўляе сабой на выставе экспазіцыя ГДАУ, і таму вырашыў для наведвання выдзеліць колькі хвілін. Увайшоў у крыты павільён за футбольным полем і адразу павярнуў направа.
Нейкая дзяўчына прымервала швэдру зробленую з воўны добра адбеленую, прыгожую. Я нават запытаў з якіх нітак яна звязана. Бо прадзільна-ніткавы камбінат, таксама як і тонкасуконны ў Гродна спынілі сваю дзейнасць колькі гадоў назад. Будынак тонкасуконнага адрэстаўраваны інстытутам правазнаўства і зараз вельмі ўпрыгожвае правы бераг “Нёмана”. За больш, чым сто гадоў, ён ніколі не выглядаў так прывабна. Мяне здзівіла, што Слонімскае прадпрыемства не згінула да гэтага часу. Адразу прыгадаліся падводы з глухой вёскі Жылічы Клецкага раёна, дзе жыла мая родная цётка Вольга, якія прыязджалі нанач у Зарытава і прывозілі жанчын з вялікімі торбамі авечай воўны. Яны клаліся спаць, а раніцай у 4 гадзіны сядалі на цягнік Калуга-Гродна і ехалі да Слоніма часаць воўну, якую пасля пралі на вячорках і ткалі прыгожыя вясёлкавыя спадніцы і шарсцяныя коўдры. Прыемна было даведацца, што тое прадпрыемства, куды яны ездзілі, працягвае сваю працу і сёння. Крыху далей экспазіцыі маскоўскіх, большасцю прыватных прадпрыемстваў, які выпускаюць розныя ўпрыгожанні з каменя, нават намагільныя, у тым ліку і вазы, у якія можна паставіць кветкі і якую б я з задавальненнем набыў бы, каб прымацаваць да пастаменту на магіле бацькоў, але ў кішэні не аказалася ні капейкі…
Быў здзіўлены, што ГВА “Хімвалакно” выпускае моцныя ніткі, якімі і я часам карыстаюся, каб вывешваць на балконе для прасушвання бялізну. Раней уяўленне аб сінтэтычнай прадукцыі гэтага прадпрыемства меў значна горшае. Прадстаўлены на выставе карданныя валы з завода “Белкард”, на якім працуюць і нашы студэнты-завочнікі, якія да гэтага часу знаходзяцца на чарговай сесіі. Зацікавіла і прадукцыя, якую можна набыць у магазіне «Фарбхауз” на вуліцы Пушкіна 35. Гэта ж зусім побач з маёй новай кватэрай, якая ўсё ніяк не дачакаецца калі ж з’явяцца (!) грошы на яе рамонт… Зацікавілі і мясцовыя сродкі для дэзінфекцыі, з якімі вядома ж патрэбна знаёміць нашых студэнтаў тэхнолагаў ды ветэрынарных урачоў, а то мы на кафедры больш займаліся да гэтага вывучэннем дзеяння замежных прэпаратаў, якія можна выкарыстоўваць у памяшканнях у прысутнасці жывёлы і птушкі.
Мне, як мікрабіёлагу, цікава было пазнаёміцца з тэхнолагам Слуцкага воцатнага завода Шчарбіцкай Жанай Мікалаеўнай. Быў здзіўлены тым, наколькі разнастайную прадукцыю выпускае завод: акрамя звычайнага спіртавога, воцат да сялёдкі, з укропным, часныковым араматам, яблычны, “Бальзамико Классико”. Апошні прадукт я пакаштаваў з кавалачкамі хлеба. Аказаўся смачны незвычайна, але найбольш прыемна, што атрымаў бутэлечку ў падарунак, што было супраць правілаў, бо выстава мае статус кірмашу і ўсё павінна прадавацца. Але ж мы добра пагаварылі і аб тэхналогіі на заводзе, якая не змянялася з 1951 года і аб тым, што і культура воцатнакіслых мікраарганізмаў да гэтага часу падтрымліваецца тая ж, без усякіх перавысеваў на пажыўныя асяроддзі. Удзячны за воцат, бо на літар больш я атрымаў за навуковую працу, праведзеную на нашым Баярскім (Ойцаўскім) воцатным заводам, калі патрабавалася дапамога ў наладжванні вытворчасці…
Каб не вярэдзіць свой страўнік, пабаяўся падыходзіць да прадукцыі, якую выпускаюць мясцовыя мясакамбінаты. Аказалася, каб патрапіць на экспазіцыю свайго універсітэта, патрэбна было пры самым уваходзе паварочваць налева. Ёй загадваў малады кандыдат навук, які працуе ў навуковым аддзеле ГДАУ, Валянцін Пешко. Ён яшчэ зусім нядаўна вучыўся ў адной з груп зоаінжынернага факультэту, у якіх я выкладаў мікрабіялогію. І калі б не такое напісанне і гучанне яго прозвішча, тады б яго можна было б аднесці да знакамітага роду беларускіх магнатаў Пешкаў. У экспазіцыі здзіўляла надзвычай вялікая колькасць патэнтаў, якія атрымалі нашы супрацоўнікі. Наведвальнікі цікавіліся тэхналогіямі вырошчвання сланечніку, хмелю, ячменю, прыліпальнікам для сродкаў аховы раслін і ўгнаенняў, высокаўраджайным гатункам пшаніцы “Ядвіся”, выведзеным прафесарам Канстанцінам Калядой, а таксама сартамі вінаграду і яблык, якімі займаюцца супрацоўнікі кафедры пладаводства.
Перад уваходам на футбольнае поле тэхніка для пагрузкі, якую пастаўляе фірма “Белпромімпэкс”
Валянцін Пешко з навуковага аддзела ГДАУ спрабуе пачаставаць дзяўчыну яблыкам з экспазіцыі універсітэта
Хаця я і пахваліўся прадстаўнікам фірмы “Галоўны элемент”, якія займаюцца дастаўкай будаўнічай тэхнікі з Італіі, што маю ўжо падораны воцатны бальзам, яны толькі ўсміхнуліся, а раскідвацца тэхнікай не сталі