Студэнцкая канферэнцыя “Шляхі павышэння эфектыўнасці праходжання вытворчай практыкі студэнтамі агранамічнага факультэта у гаспадарках рэспублікі і за мяжой” адбылася 25 лістапада. Адкрыў канферэнцыю дэкан агранамічнага факультэта Фёдар Фёдаравіч Седляр, пасля чаго даў слова былому выпускніку ГДАУ 2004 года. Зуеву Дзмітрыю Леанідавічу, які зараз знаходзіцца ва універсітэце ў сувязі з павышэннем кваліфікацыі. Па размеркаванню Дзмітрый патрапіў не ў самую лепшую гаспадарку, але пасля перабраўся ў мацнейшую, дзе працаваў начальнікам вытворчага участка, а пасля перайшоў на пасаду дырэктара філіяла. Праца цяжкая, але гаспадарка, якая знаходзіцца зусім побач з Мінскам, у гэтым годзе атрымала ўраджайнасць збожжавых каля 80 ц/га. Зараз малады яшчэ спецыяліст атрымлівае каля 2 млн. рублёў штомесяц. Можна лічыць, што выступленне выпускніка было аптымістычным…
Першай аб праходжанні практыкі ў польскай фермерскай гаспадарцы “Dary Natury” расказала Таццяна Хадунай. Гаспадарка, акрамя азімых жыта і пшаніцы займаецца вытворчасцю лекавых раслін, у тым ліку і тых, што занесены ў Чырвоную Кнігу. Таццяна займалася іх размнажэннем і укараненнем. Мабыць зараз добра ведае, як вырошчваць мядоўнік ці зуброўку. Даводзілася высаджваць у возеры нават ліліі. І здаецца разам з Таццянай былі і некалькі іншых нашых студэнтаў. Прычым, нехта адзначыў, што ў гэтым годзе, у адрозненні ад мінулага, не было нараканняў у адрас гаспадароў.
Аб практыцы ў РУП “ІПЦ НАН Беларусі па земляробству” расказаў студэнт 5-га курса Наумовіч Іван, які займаўся там правядзеннем даследаванняў і селекцыяй крыжакветкавых раслін. Працаваць трэба было з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед. Ён меў два выхадныя дні, але ж і не надта вялікі заработак, затое пабываў на 3-х турслётах, выставе Белагра. Выказаў надзею, што калі праз некалькі гадоў будзе выведзены які гатунак рапса ці іншай культуры, то ў ім будзе закладзена і часцінка яго працы. Параіў тым, хто будзе ў будучым займацца навукай праходжанне практыкі ў НАН Беларусі па пладаводству ці земляробству.
Іна Дудук праходзіла практыку ў СВК “Малабераставіцкі рыбгас”. Жыла ў сваякоў, але для практыкантаў там прадастаўляецца гатэль. У яе, як дзяўчыны, зарплата была 350 тысяч рублёў. Падчас уборкі хлопцы атрымлівалі значна больш.
Аўдзевіч Дзмітры працаваў працаваў у СВК “Лаздунскі” Іўеўскага раёна спачатку аграномам аграхімікам, а затым аграномам па ахове раслін. За першы месяц зарабіў 350 тысяч, але калі папярэдзіў, што не будзе працаваць па 12 гадзін і без выхадных, зарплату падвысілі да 550 тысяч. Калі выступоўцу запыталі за якую плату ён хацеў бы працаваць, Дзіма адказаў, што хацеў бы не менш за 1-1,5 мільёны і нармальныя умовы для пражывання.
Саракавік Галіна падчас практыкі працавала ў Ганцавіцкім раёне у лабараторыі інтрадукцыі ягадных культур, якая належыць “ОЭБ ГНУ ЦБС НАНРБ”. У назве закадаваны Цэнтральны батанічны сад, эксперыментальная база, акадэмія навук. Якраз на гэтай базе Галіна праходзіла і практыку, калі вучылася ў тэхнікуме. Згодна была б там працаваць і пасля завяршэння вучобы.
Сяргей Саўчык адбываў практыку ў Германіі ў гаспадарцы “Futterкаmp”. Там практыкантаў у першую чаргу навучылі працаваць на сучаснай заходняй тэхніцы, пасля Сяргей працаваў у невялікай гаспадарцы “Johannsen”, якая мела больш арэндаванай зямлі, чым уласнай. У гаспадарцы вырошчвалі азімы рапс на біядызельнае паліва, азімую і яравую пшаніцу. Ураджайнасць азімай пшаніцы ў гэтым годзе была 105 ц/га. Усе тэхналагічныя працэсы давяралася выконваць практыкантам. Гаспадары адзначалі, што беларускія студэнты больш прылежныя, чым свае нямецкія. Для атрымання электраэнергіі ў гаспадарцы выкарыстоўваецца энергія сонца і ветру. Як практыкант Сяргей атрымліваў 250 Еўра ў месяц, за зарплата механізатараў там налічвалася з разліку 9 Еўра за гадзіну. Працоўны дзень у аграфірме быў з 9 да 16 гадзін.
Апошнім выступіў Шклярэўскі Сяргей, які праходзіў практыку ў СВК “Лучнікі” Слуцкага раёна Мінскай вобласці на пасадзе агранома гаспадаркі. З яго выступу было відаць, што практыка дала вопыт працы на ўсіх відах работ, рэгуліровак і нават па налічэнню зарплаты тым, хто быў у яго падпарадкаванні. Зарплату атрымліваў у памеры 500 тысяч рублёў, у апошнія два месяцы па 1 мільёну.
Справа ў тым, што слухачы і асабліва Аляксей Стрыж актыўна цікавіліся памерам зарплаты і ўмовамі пражывання практыкантаў. У заключэнні выступіў Аляксей Сцяпанавіч Бруйло, як начальнік метадычнай камісіі агранамічнага факультэта. Так і хацелася б выпрасіць для сайта частку ілюстрацый з выступаў студэнтаў, але давядзецца змясціць толькі некалькі здымкаў, зробленых падчас канферэнцыі.