Семінар, асноўнымі арганізатарамі якога з’явіліся супрацоўнікі нашага центра навуковага пчалярства пры ГДАУ, меўся адбыцца 23 і 24 ліпеня. Неабходнасць правядзення такога семінару наспела ў сувязі з тым, што ў Беларусі практычна адсутнічае пераапрацоўка прадуктаў пчалярства. З горада Рыбінска, які знаходзіцца ў Разанскай вобласці, з Дзяржаўнай навуковай установы НІІ пчалярства, падпарадкаванай расійскаму міністэрству сельскай гаспадаркі была запрошана Русакова Таццяна Міхайлаўна – кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Яна прыехала ў панядзелак 21 ліпеня. Сустрэлі госцю мы разам з Мікалаем Віктаравічам Халько, дзякуючы якому і пачалося развіццё цэнтра навуковага пчалярства ў нашым універсітэце. Я здзівіўся, што Таццяне Міхайлаўне тэлефанаваў і запрашаў прыехаць сам рэктар ГДАУ. Паколькі ў НІІ пчалярства не аказалася грошай аплаціць камандзіроўку, Вітольд Казіміравіч паабяцаў аплаціць яе за кошт нашага універсітэта. Як аказалася, Таццяна Міхайлаўна ўпершыню наведала Беларусь, хоць па сваёй працы яна шмат бывала ў розных замежных камандзіроўках. Было шмат вольнага часу і мы з ёй пачалі знаёміцца з Гродна. За панядзелак адбылася наша вандроўка па раёну Гарадніцы і Савецкай вуліцы. Было прыемна выслухаць словы захаплення чысцінёй нашага горада, добраўпарадкаваннем даліны Гараднічанкі (вядома ж я прамаўчаў, што шмат па навядзенні глянца было зроблена да чарговага фестывалю нацыянальных культур).
Працяг экскурсіі быў на наступны дзень, калі прыехаў Міхаіл Антонавіч Дударэвіч – галоўны рэдактар часопіса “Беларускі пчаляр”. Ім жа было і створана ў 90-я гады рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне пчаляроў. Мне адразу згадалася старая сяброўка Зоська Верас, якая з 1928 года ў Заходняй Беларусі ўзначальвала кааператыўнае таварыства “Пчала”, а з 1934 да 1938 года была рэдактарам часопіса “Беларуская борць”. А калі улічыць, што і яе родны дзед з Сакольшчыны быў заўзятым пчаляром (навучаўся ў самога Лявіцкага ў Варшаве), бачна нітка сувязі пчаляроў аматараў на Беларусі з даўніх часоў да сёняшняга дня. Міхаіл Дударэвіч бываў у Гародні ў 50-я гады ХХ стагоддзя і некалькі гадоў назад. З-задавальненнем ён знаёміўся са зменамі, якія адбыліся ў горадзе за апошнія гады. Мы спачатку пабывалі на тэрыторыі Старога і Новага Замкаў, на Савецкай плошчы і адпусціўшы Таццяну Міхайлаўну адпачываць у наш інтэрнат на вуліцы Сацыялістычнай, мы з ім прайшліся і па больш сучаснай частцы горада. У другой палове дня гасцей семінара пчаляр-аматар Павел адвёз на сваім аўтамабілі ў Каробчыцы на базу адпачынку Гродзенскага мясакамбіната, які, дарэчы, быў задзейнічаны ў правядзенні семінара, як зацікаўленае прадпрыемства, бо, менавіта, мясакамбінат можа распачаць выпуск рознай прадукцыі пчалярства.
На наступны дзень пачалася сустрэча, да якой была нават раздрукавана праграма выступоўцаў, у якую я папрасіў уключыць і мяне. Удзельнікаў сабралася шмат. Тут аказаліся і нядаўні выпускінік нашага універсітэта – Міша Гушчын, які застаўся пасля заканчэння аграфака працаваць у цэнтры навуковага пчалярства, а яго напарнік Дзіма Толкач зараз знаходзіцца на стажыроўцы ў Германіі, і студэнт завочнік – Генадзь Верхаводкін , які часам дапамагае ў працы на нашай пасецы (у дворыку ветфака), і Паша Жульпа, які перайшоў ужо вучыцца на 4 курс ФВМ і які не толькі займаецца мікрабіялагічнымі даследаваннямі на нашай кафедры, але і пчаліным маткавым малачком.
Адкрыў семінар Вітольд Казіміравіч Песціс – рэктар ГДАУ, які знайшоў час для такога семінара, хоць гэта быў апошні дзень прыёма заяў ад абітурыентаў і ў яго было шмат спраў па працы з імі і іх бацькамі. Вітольд Казіміравіч адзначыў важнае значэнне прадуктаў пчалярства для павышэння імуннага статуса чалавека, неабходнасць надання галіне пчалагадоўлі прамысловага развіцця, для чаго патрэбны будуць высокакваліфікаваныя спецыялісты пчалаводы. Таму ў ГДАУ плануецца ўвядзенне спецыялізацыі пчалярства, падтрыманне сувязяў з замежнымі пчалярамі і арганізацыя там практыкі будучых спецыялістаў. Мікалай Сцяпанавіч Мядзьвецкі – загадчык кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі у сваім выступленні адзначыў, што пчалярства ў нашай рэспубліцы не самае адсталае. У сувязі з пашырэннем пасеваў рапса павялічваецца і збор мёда, які пакуль не надта даследаваны і разрэкламаваны. А ў бліжэйшыя гады плошчы пад гэтай культурай плануецца павялічыць у некалькі разоў. Недахопам з’яўляецца адсутнасць прамысловай пераапрацоўкі прадуктаў пчалярства. Павінны знайсціся прамысловыя прадпрыемствы, якія маглі б ўкласці ў гэта свае грошы. Далей Шалудзякоў Валерый Міхайлавіч – дырэктар Гроднапчалапрадукта прывёў некалькі лічбаў: на 1 студзеня 2008 года ў вобласці меліся 24,5 тысячы пчаліных сем’яў, хаця ў часы СССР іх было каля 70 тысяч. Самы вялікі на тэрыторыі Шчучынскі пчалакааператыў мае 1135 сем’яў. Астатніі пасекі знаходзяцца ў валоданні ў валоданні сельгастэхнікі (Іўе), меліяратараў (у Ваўкавыскім раёне), у пчаляроў-аматараў. На 1 тысячу гектараў Гродзенская вобласць мае 6 пчаліных сем’яў.
Русакова Таццяна Міхайлаўна з навукова-даследчага інстытута з Рыбнага Разанскай вобласці расказала аб міждзяржаўных і расійскіх стандартах на мёд і тых паказчыках, якія пры гэтым павінны вызначацца. Наколькі я зразумеў інстытут, у якім працуе Таццяна Міхайлаўна займаецца распрацоўкай дзяржаўных стандартаў для розных відаў расійскага мёду. Вось чаму вельмі важным была прысутнасць на семінары такой далёкай госці. Без тых стандартаў немагчыма прамысловая вытворчасць мёду і прадуктаў пчалярства. Гэта было не апошняе выступленне. Не змог я паспрабаваць і прадуктаў з мёду з рознымі дабаўкамі з арэхаў, ягад і іншымі, якія так апетытна выглядалі, чакаючы, калі адбудзецца кава-паўза, і якую я, на жаль, таксама не дачакаўся. Мне патэлефанавалі і я павінен быў бегчы на сустрэчу з нямецкімі журналістамі, аб якой ужо пісаў. Размова на семінары працягвалася і будзем спадзявацца, што сустрэча, якая адбылася будзе мець плён і праявіцца праз развіццё прамысловага накірунку ў беларускім пчалярстве. Далей фотасесія з семінара і папярэдніх дзён.