У той дзень я быў у галоўным корпусе, дзе ў зале бібліятэкі засядала камісія па размеркаванню былых студэнтаў нашага ўніверсітэта на працу. Размяркоўваліся выпускнікі факультэта ветэрынарнай медыцыны, розных бухгалтарскіх і эканамічных спецыяльнасцей і ўпершыню выпускнікі інжынерна-тэхналагічнага факультэта.
На паседжанне мяне, як карэспандэнта аматара, ніхто не запрашаў, а самому напрошвацца было няёмка. Прысутнічалі – рэктар, першы прарэктар, начальнік аддзела кадраў, дэканы, прадстаўнікі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцей. З Магілёўскай і Віцебскай вобласці не было нікога, бо на працу туды паедзе зусім нязначная колькасць нашых выпускнікоў. Паспрабаваў зрабіць некалькі здымкаў у калідоры, ды дзе там – усе трасуцца, перажываюць, баяцца сваім фатаграфаваннем сурочыць размеркаванне. Усяго ж размяркоўвалі ў гэты раз 283 спецыялістаў, сярод якіх было 20 магістрантаў. З апошнімі было прасцей, іх накіроўвалі туды, куды яны былі размеркаваны яшчэ да атрымання другой ступені вышэйшай адукацыі. Крыху смялейшымі былі эканамісты і студэнты ІТФ, якія з задавальненнем сфатаграфаваліся. Перажывалі ўсё роўна. З апошніх павінны былі 4 чалавекі пакінуць пры факультэце.
Студэнты пыталіся, ці можна будзе не падпісваць згоду на размеркаванне, калі будуць накіроўваць не на канкрэтнае месца, бо хадзілі чуткі, што спецыялістаў па збожжу і яго прадуктам будуць размяркоўваць на КЗСы, якія працуюць рэальна толькі два месяцы ў год. А на пытанне, што яны будуць рабіць у астатні час, нібы нехта адказаў – працаваць аграномамі. Але ж якраз інжынеры-тэхнолагі нават як тэхнолагі горш падрыхтаваныя, бо спецыяльнасць прадугледжвае іх як спецыялістаў інжынернага профілю. А агранамічныя навыкі яны маюць мізэрныя. Вось тут якраз і ўзнікае пытанне таго, што універсітэту даўно патрэбна было паклапаціцца аб адкрыцці спецыяльнасці нейкага менеджменту аграрнага профілю. Бо сучаснасць патрабуе развіцця фермерскіх гаспадарак, якіх ужо зараз у рэспубліцы больш за 2000, агратурыстычных сядзіб, дзе патрэбны будуць спецыялісты самага шырокага профілю – ад вырошчвання раслін і правільнай іх аховы, да кармлення і лячэння жывёлы з добрымі навыкамі перапрацоўкі прадукцыі і яе выгаднай рэалізацыі. Вось гэта была бы сапраўды неабходная спецыяльнасць і каму, як ні ГДАУ, рыхтаваць такіх спецыялістаў, маючы падрыхтаваныя па ўсіх гэтых пытаннях выкладчыцкія кадры.
Далей фотаздымкі працэса размеркаваня , зробленыя Насцяй Халько і некалькі сваіх уласных.