У жніўні гэтага года малады супрацоўнік ГДАУ Дзмітрый Толкач і студэнтка агранамічнага факультэта Таццяна Хадунай прынялі ўдзел у міжнародным нямецкім праекце па дагляду за ваеннымі пахаваннямі, арганізаваным нямецкім народным саюзам. Акрамя нашых студэнтаў з Гродна была студэнтка ГДУ імя Я.Купалы Вольга Арцукевіч, а з Полацка – Таццяна.
Мэта праекту, які праходзіў пад дэвізам “Праца дзеля міру”, – патрыятычнае выхаванне моладзі. Праблемай нашага міжнароднага аддзела было тое, што аб летніку даведаліся занадта позна і можна было накіраваць толькі тых, хто мае ў пашпарце Шэнгенскую візу. Я ведаў, што Дзіма Толкач нядаўна атрымаў такую візу для таго, каб можна было з’ездзіць некалькі разоў у Германію па абмену вопытам у галіне пчалярства. Яго та я і параіў Дзіне Міхайлаўне. Праз тры гадзіны я спаткаў Дзіму, які з вялікай торбай ляцеў ўжо на чыгуначны вакзал. Ён ці то жартам, ці то ўсур’ёз папракнуў мяне ў тым, што я “спаліў” яго візу. Але ўсё здалёк крыкнуў “Дзякуй”.
Акрамя працы праект уключаў і знаёмства з каштоўнасцямі Майнца, Франкфурта на Майне, Трыра, Герольштайна, Спаера і іншых гарадоў. Таксама праводзіліся сустрэчы-дыспуты з нямецкімі ўдзельнікамі Другой Сусветнай вайны.
У верасні 2008 года падобны лагер з удзелам нямецкай моладзі адбудзецца ў Гродна. Гасцей будзе прымаць наш універсітэт. Праграма абяцае быць не менш цікавай і захапляльнай.