13 мая адбыліся паседжанні гэтай канферэнцыі па ветэрынарнай медыцыне, заатэхіі і эканоміцы АПК. Нягледзячы на неабходнасць майго выступу на секцыі ветэрынарнай медыцыны, дзе да пачатку канферэнцыі, а дзе і падчас канферэнцыі пабываў на ўсіх секцыях. Секцыя заатэхнічных навук была ці не самай шматлікай і праходзіла ў зале для канферэнцый. На ёй як заўсёды прысутнічала шмат гасцей з польскіх універсітэтаў. Я і сам шмат каму з іх нагадваў, каб прысылалі матэрыялы на канферэнцыю, але ж тут галоўная заслуга дэкана сучаснага біятэхналагічнага факультэта Яўгена Добрука, які наладзіў навуковыя стасункі з польскімі навучальнымі ўстановамі і якія працягваюцца ўжо амаль 20 гадоў. Таму, пры наведванні секцыі адразу заўважаліся знаёмыя твары навукоўцаў, з якімі мы сустракаліся на папярэдніх канферэнцыях у нас ці ў Варшаве. Хаця, я думаю, нам варта больш актыўна туды наведвацца самім. Я не прысутнічаў у гэты раз на культурным працягу канферэнцыі для гасцей, але перакананы, што гэтая частка іх таксама задаволіла.
Не спаткаў я і прадстаўніка Акадэміі гуманістычнай з Пултузска Марэка Бальцэрака, з якім на працягу 2 ці 3 гадоў рыхтаваліся да падачы сумеснага праекту на фінансаванне ЕС па праграме памежнага супрацоўніцтва. У апошні момант аказалася, што прыватная навучальная установа не мае права быць партнёрам і падаваць заяўку. Калі ж абыходзіў з фотаапаратам секцыі эканамічнага профілю, якія працавалі ў трох аўдыторыях аднайменнага корпуса, то бачыў сярод прысутных госця з SGGW з Польшчы Яцэка Скудлярскага, а таксама некалькіх навукоўцаў з Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі. Па дарозе туды звярнуў увагу на тое, што студэнты эканамічнага факультэта падграбаюць ці падмятаюць парк. А на зваротным шляху зацікавіўся тым, як студэнты 1 курса аграфака НІСПА настройваюць плугі і заворваюць невялікую латку зямлі, якая яшчэ захавалася на тэрыторыі універсітэцкага гарадка. У мае гады вучобы зямлі вакол хапала, паколькі ніхто тады і не здагадваўся, што на ёй будзе пабудаваны мікрараён “Дзевятоўка”. А вось у самім галоўным корпусе нашы студэнткі праводзілі акцыю Беларускага Чырвонага Крыжа. Былі заўважаны не толькі студэнты, але і выкладчыкі, якія ахвяравалі грошы ў спецыяльную скрыню. Я бачым канферэнцыя не перапыніла поўнасцю разнастайнага студэнцкага жыцця універсітэта. На момант канферэнцыі ўжо выйшаў першы том зборніка матэрыялаў па аграноміі, эканоміцы і бухгалтарскім уліку, які мае 393 старонкі.
На секцыі ветэрынарнай медыцыны, дзе я і сам выступаў, за дацэнта А.Шымкуса з Літоўскай ветэрынарнай акадэміі, які быў раней сталым удзельнікам нашых канферэнцый, выступіў яго калега з ГДАУ дацэнт Леў Заводнік. У Літве, каб перажыць крызіс, ідзе скарачэнне універсітэтаў і ветэрынарная акадэмія ў Каўнасе будзе аб’яднаная з медыцынскім універсітэтам у адзін. На секцыі не толькі прагучалі добрыя выступленні нашых аспірантаў, але і выступленні некалькіх аспірантаў Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага, якія раней закончылі факультэт ветэрынарнай медыцыны ГДАУ. Пры абмеркаванні выступаў нашымі навукоўцамі была дадзеная адзнака высокага метадычнага ўзроўню даследаванняў, якія былі імі праведзены. Выступілі і былыя нашы студэнты, якія зараз завяршаюць вучобу ў дактарантуры ў Варшаўскім сельскагаспадарчым універсітэце (SGGW) Віталь і Вольга Янушкі. Яны так і спадзяваліся, што я буду выступаць па-беларуску, але, ўлічваючы міжнароднае прадстаўніцтва канферэнцыі, прэзентацыя была зроблена па-руску. У памяці захавалася ўражанне ад майго ўдзелу ў канферэнцыі ў Каўнасе, дзе я зусім не разумеў выступаў на літоўскай мове і даводзілася прасіць, каб патлумачылі па-руску. Калі літоўцы не маюць праблем з рускай мовай, то польская моладзь зараз нас не разумее зусім, ды і не толькі па-беларуску, але і па-руску. Вось і прыходзіць думка – якая мова найстаражытная. Беларусы разумеюць усіх сваіх славянскіх суседзяў, чаго нельга сказаць аб украінцах, паляках і расіянах…
Чарговы этап XIII Міжнароднай канферэнцыі адбыўся, але ж гэта яшчэ не канец. Наперадзе - канферэнцыі інжынерна-тэхналагічнага факультэта. На прыгадку ж аб тых, якія ўжо адбыліся, невялікі фотарэпартаж.