1 верасня ў гэтым годзе супала з панядзелкам і нікому са студэнтаў не трэба было гадаць, калі ж з’яўляцца на вучобу. Як і звычайна, на ўрачыстую лінейку першакурснікаў, рэктар, прарэктары і дэканы факультэтаў апранулі свае святочныя мантыі. Гэты год быў не зусім звычайным - адкрываць яго прыехаў губернатар вобласці Саўчанка Уладзімір Ягоравіч. Перад пачаткам урачыстасці ён спаткаўся з кіраўніцтвам аграрнага універсітэта, правёў невялікую размову, пацікавіўся тымі праблемамі, якія паўстаюць перад універсітэтам. Нарадная дэлегацыя накіравалася да трыбуны, якая была збудавана ў цэнтры пляцу перад галоўным корпусам.
Першае слова прамовіў рэктар - Вітольд Казіміравіч Песціс, які паведаміў, што да прыезду губернатара вобласці Вучоным саветам ГДАУ яму было прысвоена званне ганаровага доктара Гродненскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта. Вітольд Казіміравіч падзякаваў У.Я.Саўчанку за дапамогу ў будаўніцтве новага інтэрнату для універсітэта, а таксама ўручыў яму ганаровы знак да новага звання і за асабістыя заслугі перад аграрным універсітэтам, а таксама мантыю.
У выступленні губернатара прагучала, што дзякуючы спецыялістам, падрыхтаваным у ГДАУ і выкладчыкам універсітэта, наша вобласць дасягнула вялікіх поспехаў у развіцці сельскай гаспадаркі. Найлепшыя гаспадаркі раёна: “Верцялішкі”, “Кастрычнік”, “Абухава” з’яўляюцца добрай навучальнай базай для універсітэта. Інтэрнат жа, гэта проста выкананае абяцанне, якое выказаў губернатар на сустрэчы са студэнтамі і персаналам універсітэта два гады назад. Ён прапанаваў засяліць туды першакурснікаў і, хаця ніхто не выказаў з гэтым нязгоду, паправіў сябе – сяліце туды таго, каго палічыце неабходным.
Былі і іншыя выступленні: першага прарэктара - Аляксандра Аляксандравіча Дудука, а таксама дэканаў асобных факультэтаў. Студэнты атрымалі сімвалічныя студэнцкія білеты, заліковыя кніжкі і ключ ад ведаў. Былі песні, штосьці падобнае на самадзейны салют, звязкі шароў паляцелі ў неба. На працягу лінейкі я абышоў шарэнгі студэнтаў і зрабіў фотаздымкі будучых навучэнцаў розных факультэтаў. Тут жа адразу пазнаваліся твары герояў майго артыкулу “Нашы абітурыенты 2008 года”. Найвялікшы з іх Ігар Сыроватка размаўляў з двума дзяўчынамі і каб сфатаграфавацца з імі ён нават прысеў. Аказваецца вучыцца ён будзе ўсё ж за свае грошы. Тут жа недалёка, у групе першакурснікаў ЗІФа, стаяў Віталь Кунец, а каля выкладчыкаў і Максім Сушчэвіч, аб якіх я таксама пісаў калі яны яшчэ былі абітурыентамі. У корпусе ФВМ спаткаў дваіх першакурснікаў, спытаў іх – “адкуль я вас ведаю?”. Калі тыя паціснулі плячыма, прыгадаў – з інтэрнэту. Гэта былі Аляксей Базілюк і Аляксандр Зярнятка, з якімі мы сустракаліся каля інфармацыйнага стэнду. Я тады сказаў хлопцам, - на ветфак невялікі конкурс. - Нам гэта якраз падыходзіць, - адказалі тады хлопцы.
На лінейцы можна было спаткаць і студэнтаў старэйшых курсаў, і тых, хто яшчэ не мог з’арыентавацца, у якім месцы стаяць эканамісты, а ў якім ветэрынары. Як ніколі шмат было і выкладчыкаў універсітэта. Гэтаму садзейнічала цудоўнае надвор’е. Пасля лінейкі першакурснікі разышліся па сваіх факультэтах, дзе атрымалі студэнцкія атрыбуты і пазнаёміліся з будучымі куратарамі.
Распачынае ўрачыстую лінейку рэктар ГДАУ В.К.Песціс. Злева ад яго губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Ягоравіч Саўчанка
Вітольд Казіміравіч уручае губернатару памятны знак ганаровага доктара ГДАУ
Выступленне Уладзіміра Ягоравіча Саўчанкі перад студэнтамі-першакурснікамі аграрнага універсітэта
Першы прарэктар Аляксандр Аляксандравіч Дудук запрашае першакурснікаў атрымаць сімвалічны студэнцкі білет і заліковую кніжку
Урачыстая лінейка завершана
Памятны здымак з губернатарам на фоне галоўнага корпуса ГДАУ