Інжынерна-тэхналагічны факультэт – самы малады факультэт ГДАУ, які ў гэтым годзе здзейсніў свой першы выпуск, правёў навуковыя канферэнцыі самастойна, незалежна ад іншых факультэтаў, як студэнцкую, так і выкладчыцкую. На першай давялося прысутнічаць цалкам ад пачатку і да канца. Выступілі не толькі ўсе студэнты заяўленыя ў праграме, але і дадатковыя. Наша былая студэнтка Ганна Калюта, якая толькі гады са два назад закончыла ЗІФ, прывезла ўжо сваю студэнтку Вікторыю Цімафееву, якая вучыцца на першым курсе ў Ашмянскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Сама ж Ганна пыталася ці нельга да мяне пайсці ў аспіранты (такую думку ёй падкінуў таксама наш студэнт, а зараз аспірант Алесь Судас). Я адмовіў, паколькі сапраўды аспірантамі не займаюся, хаця і падумаў, калі б давялося ўзяць, то маіх дыпломнікаў, якія паказалі сябе сапраўднымі даследчыкамі, ды і дыпломныя працы абаранілі на 10.
Акрамя нашых студэнтаў у працы секцыі “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі” былі чатыры студэнты з Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага універсітэта. Першай выступала Алеся Качаноўская, якая паспрабавала расказаць аб распрацоўцы новага асартыменту агароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання. Нават я не ўстрымаўся ад пытанняў, бо быў пад моцным уражаннем ад сокаў і няктараў, якімі пачаставаў нядаўна наш былы выпускнік, які зараз працуе на адным з кансервавых заводаў. Ён плануе пры адкрыцці завочнага аддзялення ІТФ накіраваць сюды на вучобу сваіх працаўнікоў. А пачаць падрыхтоўку інжынераў тэхнолагаў у ГДАУ па завочнай сістэме навучання плануецца ўжо з гэтага года.
Яшчэ адзін студэнт з БДАТУ Руслан Казлоў распавёў аб безадыходнай тэхналогіі перапрацоўкі бульбы ў Беларусі. Заўважаю, што навуковым у яго з’яўляецца Марына Чэламбіцька, якая вучылася ў ГДАУ (ГСГІ) на год пазней за мяне і з якой былі добра знаёмы. Ды і яе мама якраз тады выкладала ў нас фізіялогію раслін, якой зараз займаюцца Алена Дарашкевіч, аднакурсніца Марыны і Сяргей Тарасенка. Пасля выступу нашага студэнта Ігара Леановіча ўсе зноў слухалі гасцей з Мінска Раісу Мірончык, якая расказала пра выраб мясараслінных кансерваў для дзяцей малодшага ўзросту, а пасля яе студэнтку 2-га курса БДАТУ Наталлю Магілявец. Шкада было нашых гасцей, бо не толькі студэнты засыпалі іх пытаннямі, але і нашы выкладчыкі. Нельга сказаць, што нашым студэнтам было выступаць прасцей. Дыскусія разгараліся пасля кожнага выступу, якія былі як адзін высокага ўзроўню. Яўген Шылаў студэнт выпускнога курса, тэхнолаг малака, расказаў пра выкарыстанне спіруліны для стварэння лячэбна-прафілактычных малочных прадуктаў. Ды яшчэ на аснове Мечнікаўскай прастаквашы. Па-першае, мне падалося, што мікрафлора, якой запраўляецца малако пры вырабе гэтага прадукту, не адносіцца да прабіётыкаў. А па-другое, прыгадалася, як на паседжанні ветэрынарнай секцыі я пачуў, што даданне ў корм цялятам па 2 г гэтай спіруліны прыводзіць да росту прыбаўленняў вагі жывёлы. Як жа так, няўжо і дзеці будуць расці тоўстымі? Адказ быў, што наадварот худнеюць. Не ведаю каму і верыць.
Былі у нашых студэнтаў і чыста інжынерныя выступы. Уладзімір Патрэба расказваў аб створаных імі палімерных кампазіцыях для пакрыцця розных вузлоў і дэталяў машын, але студэнты былі не ўпэўнены, што яны будуць бясшкоднымі, асабліва пры нагрэве для прадуктаў і таму задавалі пытанні. Арцём Квяткоўскі аналізаваў розныя збожжа-ачышчальныя і сушыльныя комплексы ў СВК “Сноў” Нясвіжскага раёна. Шмат пытанняў задавалі і Алене Несцер, якая паспрабавала расказаць аб тым, як рацыянальнае харчаванне аказвае ўплыў на здароўе. Яе ж выступ пры галасаванні студэнты паставілі на I месца, Дыпломам II ступені быў узнагароджаны Яўген Шылаў, Дыплом III ступені за выступ атрымаў Уладзімір Патрэба. Госці атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў, не таму, што іх выступы былі слабей за нашых студэнтаў, а таму, што іх усё роўна мы не змаглі бы прэміраваць. Пераможцы атрымаюць грашовыя заахвочванні разам з наступнай стыпендыяй. Такое было прыемнае ўражанне ад студэнцкай канферэнцыі, што я не ўстрымаўся ад таго, каб не прадставіць прэзентацыю, зробленую напярэдадні маёй студэнткай Наталляй Наюліс, у якой зусім не ў час захварэла дачка. Думаю, што выступ мой спадабаўся, бо вечарам на сайце “У кантакце” я ўжо чытаў водгукі на яго прысутных там студэнтаў.
Наступным днём, 20 мая адбылася выкладчыцкая канферэнцыя, на якой прысутнічалі госці з Мінску і Магілёву. Нашы выкладчыкі выступалі па меры магчымасці, бо ў гэты час трэба было весці яшчэ і заняткі.