20 траўня 2010 года аграрны універсітэт паклікаў на сустрэчу сваіх самых знакамітых ды ўладных выпускнікоў. Аб сустрэчы я даведаўся ад старшыні свайго СВК “Жарабковічы” Віталя Іванавіча Бусько, калі ездзіў на 110-годдзе свае школы, аб чым пісаў тут на сайце універсітэта ніжэй. Ён тады выказаў думку, што сустрэнемся ў хуткім часе ў Гродна. І я ўжо стараўся не прапусціць такую магчымасць. Бацька памёр даўно і Віталь Іванавіч заўсёды адклікаўся на ўсе просьбы маёй маці, а калі і яе не стала, дапамог як мог з пахаваннем. Ён заўсёды выказваўся, што пры напісанні кнігі гісторыі вёсак калгаса былі занадта перахвалены ўсе старшыні. І толькі на святкаванні юбілею школы выказаўся, што кнігу варта было бы перавыдаць, паколькі за апошнія гады да СВК далучыліся некалькі вёсак былога калгаса імя Леніна.
Сустрэча ў ГДАУ была звязана таксама з юбілеем універсітэта, які набліжаецца. Роўна праз год ён адзначыць 60-гадоў свайго існавання. І цяжка сказаць, што па-сапраўднаму, па крупіцах ужо сабрана яго гісторыя. Мне падаецца, што нягледзячы ні на што, мы яе ведаем слаба і з кожным годам адыходзяць тыя выкладчыкі, якія пачыналі тут працаваць, ці закончылі ГСГІ у ліку першых падрыхтаваных спецыялістаў. Нядаўна спаткаў знакамітага Гарадзенскага музыканта Уладзіміра Лябецкага і даведаўся, што ў гэтым годзе на Благавешча ва ўзросце 90 гадоў памёр яго бацька, выкладчык ГСГІ, які быў студэнтам другога выпуска сельгасінстытута. Калі бы з пару гадоў таму назад можна было з ім паразмаўляць, наколькі была б папоўненая жывая гісторыя універсітэта!
Да 60-ці гадовых угодкаў ГДАУ выйдзе новая кніга аб ім. Якая яна атрымаецца - пабачым. Але, апошняя сустрэча павінна заняць у ёй сваё адметнае месца. Зараз многія установы адукацыі ад школ да універсітэтаў маюць свае апякунскія рады, якія ў цяжкую хвіліну могуць падтрымаць сваю Альма Матэр. І створаная падобная рада пры ГДАУ магчыма спатрэбіцца для таго, каб годна адзначыць чарговы юбілей універсітэта. Рэгістрацыя гасцей адбывалася ў фае універсітэта, пасля чаго яны накіроўваліся ў прыёмную рэктара, каб адзначыцца з дарогі. Калі ўсе сабраліся, то адправіліся ў музей гісторыі універсітэта, якім загадвае доктар гістарычных навук Уладзімір Паўлавіч. Ён ужо і сам гісторыя, бо столькі гадоў працуе ва ўніверсітэце, маючы здаецца 80 гадоў. Як ні прасілі арганізатары яго скараціць выступ, не атрымалася. Усё ж з паўгадзіны госці ўважліва слухалі Уладзіміра Паўлавіча аб ветэранах, цалінніках, выдатніках, спарцменах…
Пасля, як і планавалася, гасцей вырашылі правесці па вучэбных аўдыторыях. Хтосьці пазнаваў тыя месцы, дзе сядзеў у юнацтве, хаця сталы за гэты час вядома ж змяніліся. Замест таго, каб пабачыць беднасць роднага універсітэта, даўнешнія выпускнікі бачылі абноўленыя аўдыторыі, лабараторыі з сучасным абсталяваннем для працы не толькі студэнтаў, але і аспірантаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. У канферэнц зале, дзе прысутнічалі таксама прарэктары і дэканы факультэтаў, кіраваў сустрэчай рэктар Вітольд Казіміравіч Песціс. Ён, як заўсёды, нагадаў, чаму лічыць аграрны універсітэт лепшым у горадзе. У першую чаргу таму, што практычна ўсе райвыканкамы вобласці і частку суседніх абласцей узначальваюць былыя выпускнікі ГДАУ. І гэта падцвердзілася якраз пры знаёмстве з гасцямі - прысутнічалі не толькі загадчыкі некалькіх выканкамаў, дырэктары малочных, цукровых і нават лікёра-гарэлкавых заводаў, старшыні буйнейшых СВК, а сярод іх і адзін кіраўнік фермерскай гаспадаркі, у якога, як мне вядома працуюць таксама нашы выпускнікі розных факультэтаў. У аднаго са сваіх былых студэнтаў – Аляксандра Абуховіча, які працягваў вучобу ў дактарантуры ў Польшчы і нядаўна вярнуўся дахаты з доктарскай ступенню на сайце аднакласнікі.ру запытаў, дзе зараз працуе. Адказаў, што разам з бацькамі адкрылі фермерскую гаспадарку ў аднайменнай іх прозвішчу вёсцы Гродзенскага раёна. Я нават прадпалагаю, што і мой сучасны дыпломнік-аграном Віктар Сарока арганізуе такую ж гаспадарку разам са сваімі бацькамі. У іх і зараз рэалізуюцца цікавыя свіныя, трусіныя, пчаліныя праекты. Так што і фермерскія гаспадаркі могуць быць цікавымі для нашага універсітэта. Калісьці на адной з сустрэч выпускнікоў прысутнічаў аграном, не ведаю яго прозвішча, які разам з маці разгарнуў фермерскую працу па вырошчванню кветак.
Вітольд Казіміравіч спыніўся на дасягненнях універсітэта, на колькасці падрыхтаваных спецыялістаў, адкрытых факультэтаў. Але больш за ўсё ўразілі лічбы бюджэтнага фінансавання нашага універсітэта, дзе на падрыхтоўку аднаго студэнта выдзяляецца ў 10 разоў менш грошай, чым, напрыклад, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. За апошнія гады рэзка скарацілася фінансаванне асобных артыкулаў расходаў, асабліва на рамонт, камандзіроўкі… Госці былі падрыхтаваныя, што ад іх можа патрабавацца. Магчыма спатрэбіцца грашовая дапамога. Я нават пачуў, па колькі мільёнаў гаспадаркі маглі бы скінуцца без вялікай шкоды для сябе. Думаю, што ўсякія дзяржкантрольныя органы і не па столькі цягнуць з іх.
Уражанне, якое складвалася пры сумоўі з такімі важнымі асобамі, падчас іх размоў паміж сабой – якія ўсё ж такі годныя кадры рыхтуе наш універсітэт! Прысутнічалі Анатоль Кулак – старшыня Навагрудскага райвыканкама, Анатоль Бубен – генеральны дырэктар “Гродзенскага лікёрагарэлкавага завода “Неманофф”, Ігар Абрамовіч – намеснік дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната, Тэрэса Дыбуль – дырэктар Аранчыцкай птушкафабрыкі, Таццяна Лешык – дырэктар птушкафабрыкі Меднаўская, Іван Тарашчык – дырэктар філіяла “Малочны свет” “Скідальскі масласырзавод”, Іван Блошка – дырэктар Бераставіцкага масласырзавода, Станіслаў Гузень – дырэктар Жалудокскага свінагадоўчага комплекса, Дмітрый Бурдук – старшыня Ляхавіцкага райвыканкама, Віталь Бусько – старшыня СВК “Жарабковічы”, Уладзімір Мароз – старшыня СВК “Востраў-Агра”, Аляксандр Хведорэц – дырэктар “Івацэвічы аграхімсервіс”, Васіль Свірыд – старшыня СВК імя Дзеншчыкова, Сяргей Крэмко – старшыня СВК “Кастрычнік-Гродна”, Васіль Рэвяка – старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, Аляксей Скакун – старшыня СВК “Астрамечава”, Аляксандр Біч – дырэктар “Селекцыённа-гібрыднага цэнтру “Заходні”, Сяргей Чарняк – індывідуальны прадпрымальнік “Спарта-Фрут”, Уладзімір Луконін – ІП “Халадон” (Мінск), Бернард Тодрык – фермер фермерскай гаспадаркі “Тодрык-БС” і іншыя.
Госці былі запрошаны на канцэртную праграму, падрыхтаваную нашымі студэнтамі. Але перад гэтым яны пазнаёміліся з выставай, якая адлюстроўвае ўсе бакі дзейнасці універсітэта – ад навуковых публікацый і манаграфій, патэнтаў, да больш карысных распрацовак, як новыя гатункі пшаніцы і г.д. Віталь Іванавіч Бусько сказаў – мне патрэбны вось гэты прыліпацель. А прарэктар па навуцы Сяргей Анатолевіч Тарасенка патлумачыў, дзе і як яго можна набыць. Побач са мной сядзеў намеснік дэкана агранамічнага факультэта Васіль Мікалаевіч Салей, які звярнуў маю увагу на тое, што танцуюць на сцэне адны яго хлопцы-аграномы. А падпяваюць хто? - запытаў я. Не ведаю, - адказвае. Ну то бачыце: Вашы канкурэнты растуць. На змену адным выканаўцам выходзілі другія. Праграма была надта добрай, якую я раней не бачыў, хаця і бываю амаль на ўсіх універсітэцкіх вечарынах. Пасля госці былі запрошаны ў сталовую універсітэта, працаўнікі якой за апошнія гады навучыліся добра рыхтаваць ежу. Вось выйдзе ў хуткім часе цудоўная кніжка пра стравы беларускай кухні майго сябра Юры Качука з Зельвы, трэба будзе падараваць яе для нашай сталовай.
Першая, але перакананы, што не апошняя сустрэча выпускнікоў такога рангу ГДАУ завяршылася. Фотарэпартаж падрыхтаваны з дапамогай Паўла Язубца, спадзяюся, дапоўніць напісанае.