21 сакавіка 1840 года – дзень народзінаў знакамітага беларускага паэта, можна сказаць, аднаго з першых, хто свядома пісаў і выдаваў свае творы па-беларуску. Пасля таго, як ён быў удзельнікам паўстання Кастуся Каіноўскага, дваццаць гадоў жыў і працаваў на тэрыторыі Украіны. Пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаваў свае зборнікі “Дудка беларуская” (1891) і “Смык Беларускі” (1894). Яго вершы на беларускай мове высока ацаніла гарадзенка польская пісьменніца Эліза Ажэшка.
Першы раз мне давялося патрапіць у Кушляны, дзе знаходзіцца сядзіба, у якой жыў паэт, у траўні 1987 года. Гэта была экскурсія, у якой прынялі ўдзел 26 гарадзенцаў рознага ўзросту. Па дарозе наведалі Гальшанскі замак, у Жупранах, дзе разам са сваімі блізкімі ў 1900 годзе пахаваны Францішак Багушэвіч, прыбралі на магіле, а каля яго сядзібы ў Кушлянах пасадзілі кветкі.
Праз год мы ізноў наведалі Кушляны, ужо было вядома, што там арганізуецца музей. Прысутнічалі, як стары даглядчык спадчыны Багушэвіча Міхал Ляпех, так і новы дырэктар будучага музею Алесь Жамойцін. Працы хапіла ўсім на 2 дні, з сярэдзіны будынка трэба было выносіць глебу, а з гарышча выкідвалі кастрыцу, якая ляжала там з часоў першай сусветнай вайны. Тады мне пашчасціла адшукаць кінжал нямецкага салдата з яго адрасам, змазаны, як бы ўчора. У доме тады знаходзіўся нямецкі шпіталь. Пазней я пытаўся ў Алеся Жамойціна аб тым, куды ён падзеўся. Аказалася, што аддалі ў школьны музей у Солах.
У гэты раз 14 сакавіка ў экскурсіі па мясцінах, звязаных з жыццём Францішка Багушэвіча прынялі ўдзел больш 40 асобаў. Гэта неверагодна, але аказваецца за адзін дзень можна наведаць столькі цікавых месцаў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Надвор’е ў дзень паездкі было не вельмі добрым для такіх імпрэзаў. У Іўі на некалькі хвілін затрымаліся каля помніка чатыром канфесіям – праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іудзейскай, якія мірна ўжываліся ў гэтым мястэчку.
У Гальшанах пабачылі вынікі рэстаўрацыі і кансервацыі Замку, які ў свой час па плошчы пераўзыходзіў Мірскі. Радасна, што зараз ён мае больш надзеі на існаванне, чым калі на яго тэрыторыі 30 гадоў таму знаходзілася жывёлагадоўчая ферма. У Жупранах наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла, помнік Ф.Багушэвічу і яго магілу, над якой айцец Андрэй Крот разам з прысутнымі адслужыў імшу.
Сядзіба ў Кушлянах адрэстаўраваная і знешне выглядае так, як і 30 гадоў таму. Дырэктар літаратурнага музея Францішка Багушэвіча Алесь Жамойцін адразу пазнаў мяне, хоць і вельмі шмат часу прайшло з нашай першай сустрэчы. Правёў экскурсію па некалькіх пакоях сядзібы паэта і шмат расказаў пра факты з жыцця паэта. Пасля экскурсіі мы яшчэ наведалі язычаскае капішча, а таксама камень Мацея Бурачка.
Упершыню давялося пабываць і ў палацавым комплексе аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхаіла Клеафаса Агінскага. Тут прыйшлося раздзяліцца на дзве групы і таму з намі працавалі два экскурсаводы. Была магчымасць паслухаць і музыку знакамітага кампазітара, наведаць аранжарэю, у якой растуць тыя ж экзатычныя расліны, якія былі ў ёй у часы Агінскіх. Не так далёка ад палаца ёсць два памятныя камяні, на якіх ёсць словы ў гонар Памяці ценям Касцюшкі і ў гонар настаўніка Агінскага. Словы ўдзячнасці на камяні выбіў сам кампазітар ва ўзросце 57 гадоў.
Падчас вяртання наведалі яшчэ Крэўскі Замак, аб якім шмат чуў, ведаў, але ніколі не ўяўляў, дзе ж ён знаходзіцца. Замак таксама пакрыху рэстаўруецца, агароджаны, каб які камень з выветраных сценаў не ўпаў на галаву наведвальнікаў. З гэтае паездкі я раблю выснову, што наведванне падобных мясцінаў павінна стаць традыцыйным для пашырэння кругагляду студэнтаў і нашага ўніверсітэта.
Таранда Н.И.,
доцент кафедры микробиологии и эпизоотологии