Тры дні ў гэтым годзе доўжыўся VIII Фестываль нацыянальных культур. Пачаўся 4 червеня і завяршыўся 6. Студэнты розных факультэтаў павінны былі сустракаць дэлегацыі прадстаўнікоў на вуліцы Горкага насупраць будынка Аграпрама. Разам тут прысутнічалі намеснікі дэканаў усіх факультэтаў, прарэктар па выхаваўчай працы Фёдар Мікалаевіч Лявонаў і яго насеснік Рамуальда Мячаславаўна Пінюта.
Настрой ва ўсіх быў вясёлым, як і надвор’е, якое пасля ранішняга дажджу стала як па заказу і нават лепшым. Такім, што невядома якую і вытрымку ставіць на фотапараце, які быў зусім толькі што куплены. Шарэнгі ўдзельнікаў фестывалю з’явіліся адразу пасля дзяўчат з барабанамі, якія задавалі тэмп. Наперадзе неслі вялікі сцяг фестывалю самыя дастойныя прадстаўнікі гарада, сярод якіх і наш студэнт з інжынерна-тэхналагічнага факультэта Аляксандр Генсялевіч. Само сабой атрымлівалася, што вітанне было цёплым і было бы яшчэ лепшым, каб студэнтам дазволілі стаяць бліжэй да дарогі. Некаму там наверсе падалося, што гэтага дапускаць немагчыма і міліцыянеры трымаліся таго загаду стойка. Ці не з кітайскай ці карэйскай дэлегацыі крычалі вітанне непасрэдна да студэнтаў ГДАУ, якіх можна было пазнаць усіх па форме жоўтага колеру і адпаведнаму надпісу. Ну, і наадварот студэнты стараліся падтрымаць усе дэлегацыі, нягледзячы на іх шматлікасць. Аказваецца, частка гасцей жыла і ў нашым інтэрнаце.
Я смела выходзіў на дарогу, каб зрабіць фотаздымкі і калі якая дзяўчына пачынала пазіраваць, Рамуальда Мячаславаўна, замест таго, каб пакашляць, нешта выкрыквала накшталт “ я не разведчык…, я не разведчык…”. Яна то ведала, што у нас ёсць агульныя знаёмыя з маёй жонкай. Здзіўляла, чаму Турцыю прадстаўляла толькі адна дзяўчына, калі ў нас і то вучыцца два студэнты адтуль. Пазней я задаў гэтае пытанне групе студэнтаў з Турцыі, якія сказалі, што і дзяўчына тая не зусім турчанка. Пакуль я фатаграфаваў расійскую дэлегацыю, адна жанчына паведаміла, што яна прадстаўляе беларусаў Масквы. Не вытрымаў каб не перадаць прывітанне Таісе Мішчанка, якая, будучы кіраўніком беларускай арганізацыі ў Маскве, у 1996 годзе ладзіла вельмі файную сустрэчу са сваімі сябрамі па суполцы са мной, як чалавекам, які яшчэ ў 1986 годзе бываў некалькі разоў у Маскве з мэтай стварэння там суполкі беларусаў. Калона гасцей фестывалю то рухалася, то прыпынялася і тады яны танцавалі ці гралі на сваіх інструментах. У завяршэнні калоны крочылі хлопцы, хутчэй за ўсё з фізкультурнага факультэта ГрДУ з зялёнымі і чырвонымі сцягамі. Бліжэй да стадыёна вецер быў дастаткова моцным. Нават падалося, што тыя студэнты ці пападаюць ці паляцяць са сваімі парусамі. Не, утрымаліся. Стадыён Гродна не мог змясціць усіх жадаючых і туды праходзілі тыя, у каго былі запрашальныя: актывісты, арганізатары выбарчай кампаніі… Шкада, што і я не мог туды патрапіць і не магу прадставіць ніводнага здымка са стадыёна. Для мяне фестывальны дзень завяршыўся, а са стадыёна жонка вярнулася позна, дзеці таксама толькі пасля салюту, які мы з унучкай назіралі са свайго хатняга вакна. Далей, аб першым дні VIII Міжнароднага фестывалю нацыянальных культур раскажуць фотаздымкі.